Судзьдзя Хуан Мэрчан адхіліў аргумэнт адвакатаў Трампа, якія настойвалі на тым, што рашэньне Вярхоўнага суду краіны аб тым, што прэзыдэнт ня можа перасьледавацца за дзеяньні, зробленыя ў рамках яго афіцыйных паўнамоцтваў, вызваляе Дональда Трампа ад адказнасьці ў гэтай справе. Прадстаўнікі абвінавачаньня падкрэсьлівалі, што злачынствы, якія ставіліся ў віну Трампу, былі зьдзейснены ім да прэзыдэнцкіх выбараў.
Як падкрэсьліваюць назіральнікі, Дональд Трамп можа аспрэчыць гэтае рашэньне судзьдзі ў судзе вышэйшай інстанцыі, ён можа таксама паспрабаваць дабіцца ануляваньня вэрдыкту прысяжных, зьвярнуўшыся да іншых юрыдычных аргументаў.
Суд прысяжных у Нью-Йорку прызнаў Дональда Трампа вінаватым у траўні сёлета. Яго абвінавачвалі ў фальсыфікацыі справаздачнасьці з мэтай утаіць выплату 130 тысяч даляраў порнаактрысе Стормі Дэніэлс, якая пагражала абвясьціць пра іх інтымную сувязь, за яе маўчаньне. Аднак судзьдзя двойчы адкладаў вынясеньне прысуду ў гэтай справе.
Абвінавачаньне заклікала судзьдзю не выносіць прысуду да заканчэньня прэзыдэнцкага тэрміну Дональда Трампа, які завершыцца ў 2029 годзе. Але ня выключана, як мяркуюць аналітыкі, што судзьдзя абвесьціць прысуд у найбліжэйшы час, вырашыўшы не прысуджаць абранаму прэзыдэнту турэмнае зьняволеньне.
Форум