Цыганкоў: Прыхільнікі большай эканамічнай лібэралізацыі заўсёды кажуць, што прыход замежных банкаў на беларускі рынак — гэта пазытыўная справа. Ці адрозьніваецца чым-небудзь у гэтым сэнсе пранікненьне «Сбербанка» на беларускую глебу, ці гэта, як прыход любога інвэстара, добрая прыкмета для беларускай эканомікі?
Раманчук: Трэба адрозьніваць структуры кшталту «Сбербанка» і дзяржаўных манаполіяў ад прыватных кампаніяў. Бо «Сбербанк» — гэта працяг эканамічнай палітыкі расейскай дзяржавы. Ніхто ня скажа, што спадар Грэф — незалежны ўладар банку, які сам вырашае, куды яму грошы ўкладваць і што рабіць. Ён, безумоўна, ёсьць працягам эканамічнай палітыкі Крамля, таму ягоны ўваход на беларускі рынак — гэта ня толькі камэрцыйная справа, гэта праява стратэгічнай расейскай палітыкі.
Гаворка ідзе пра тое, каб усталяваць кантроль над шэрагам беларускіх прадпрыемстваў. Выдаваць крэдыты, а потым, калі гэтыя крэдыты ня могуць аддаць, проста забраць актывы гэтых прадпрыемстваў. Паколькі сёньня многія беларускія прадпрыемствы знаходзяцца ў вельмі цяжкім стане, а ў бюджэце няма грошай, каб іх падтрымліваць — таму гэта проста тактыка захопу беларускіх актываў праз раздачу крэдытаў.
Цыганкоў:
Альтэрнатывай пранікненьня расейскага капіталу можа быць толькі адкрытая прыватызацыя для ўсіх.
Раманчук: Многія чыноўнікі проста хочуць працаваць у такіх структурах, як «Сбербанк». Вось спадар Васіль Мацюшэўскі, які быў намесьнікам старшыні праўленьня Нацбанка, днямі перайшоў на пасаду генэральнага дырэктара БПС-Банка, які быў куплены «Сбербанкам» летась у сьнежні.
Мне здаецца, расейцы вельмі лёгка могуць купіць многіх беларускіх чыноўнікаў і мэнэджэраў добрай якасьці. У гэтым сэнсе беларуская вэртыкаль зусім не зьяўляецца маналітнай.
Лёгкіх грошай сёньня на рынку няма, таму прыход на рынак «Сбербанка» можа быць прадстаўлены як вялікае дасягненьне беларускага ўраду. Урэшце, альтэрнатывай пранікненьня расейскага капіталу можа быць толькі адкрытая прыватызацыя для ўсіх. А на гэта беларускія ўлады не ідуць, яны хацелі б пускаць на рынкі толькі тых, з кім яны сумесна працуюць. Таму дамоўленасьці не зьяўляюцца ані празрыстымі, ані рынкавымі.