Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяжкая» нафта для Беларусі


Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.

80 тысяч тон пробнай нафты паставіць Вэнэсуэла ў Беларусь сёлета ў траўні. Да канца году аб’ём паставак мяркуецца павялічыць да 4 мільёнаў тон. Пра гэта паведамілі беларускія дзяржаўныя мэдыі. Адпаведны кантракт на пастаўку нафты падпісалі ў Каракасе прэзыдэнты Беларусі й Вэнэсуэлы Аляксандр Лукашэнка й Уга Чавес.


Вэнэсуэльскую нафту мяркуецца перавезьці танкерам у Адэскі порт Украіны, а пасьля даставіць на перапрацоўку на Мазырскі нафтаперагонны завод.

Агульнавядома, што ў радовішчах Вэнэсуэлы пераважае «цяжкая» нафта, якую часам называюць «бітумнай». Ці гатовы ў Беларусі перапрацоўваць такую нафту?

Намесьнік генэральнага дырэктара Мазырскага НПЗ Генадзь Цецярук так адказаў на гэта карэспандэнту Радыё Свабода:

«Перад тым як паставіць гэтую нафту, пяцьдзясят разоў будзе ўсё ўзгоднена, у тым ліку й парамэтры нафты. Ніхто ж не прывязе сабе такой нафты, якая ня можа быць перапрацавана. У нас на прадпрыемстве ёсьць жорсткі ўваходны кантроль. І, канечне, калі вэнэсуэльская нафта будзе нам пастаўляцца, то яна будзе адпаведнай якасьці. І яе можна будзе перапрацоўваць».

Адзін са спэцыялістаў прадпрыемства так патлумачыў розьніцу паміж «лёгкай» і «цяжкой» нафтай:

«„Цяжкая“ нафта адрозьніваецца ад «лёгкай» тым, што ў ёй шмат серы, парафінаў. Нафту перапрацоўваюць дзеля таго, каб атрымаць бэнзін і дызэльнае паліва. Зь „лёгкай“ нафты атрымліваецца шмат бэнзіну й дызэлькі, зь „цяжкой“ атрымліваецца шмат мазуту й мала бэнзіну й мала дызэлькі».
Трэба пераналаджваць працэс. Там парафіну шмат, там серы шмат.


Некаторыя абазнаныя ў нафтавай галіне спэцыялісты зьвяртаюць увагу на тое, што давядзецца ня толькі пераналаджваць тэхналягічны працэс, але й несьці вялікія выдаткі на транспартаваньне вэнэсуэльскай нафты ў Мазыр:

«Розная нафта — гэта, натуральна, розная тэхналёгія перапрацоўкі — трэба пераналаджваць працэс. Там парафіну шмат, там серы шмат — гэта трэба ўсё аддзяляць падчас перагонкі.

Ёсьць добрая прымаўка: за морам вол па грошу, але рубель — перавоз. Колькі ж будзе каштаваць, каб танкерам з другога боку зямлі перавезьці нафту ў Адэсу, а пасьля цыстэрнамі пераправіць на НПЗ? Думаю, што эканамічна гэта нявыгадна. Гэта — чыста палітычная акцыя!»

Напярэдадні прэзыдэнты Вэнесуэлы і Беларусі дамовіліся аб пастаўках нафты ў Беларусь. Сёньня афіцыйныя СМІ ў Беларусі паведамілі пра гэта як пра неспадзявана адкрытую камэрцыйную таямніцу:

«Ужо ў траўні першыя 80 тысяч тон нафты праз украінскі порт у Адэсе пойдуць на Мазырскі НПЗ».

Уга Чавэс: «Мы пачынаем з 80 тысяч тон. Але плянку мы падымем вышэй. Гэта ўсяго першая пастаўка. Гэта — гістарычны момант. Мы ўпершыню самі ідзем па такім маршруце. І гэта пагадненьне на гады наперад».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG