Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Коммерсант”: Лукашэнка сам пераканаўся, як ён ва ўсім апярэджвае Расею


Паводле экспэртаў, па тэмпах рэальнага супрацоўніцтва з Каракасам Менск у некаторых галінах пачынае апярэджваць Маскву: у адрозьненьне ад расейскага Нацыянальнага нафтавага кансорцыюму і КамАЗа, беларусы ўжо здабываюць у Вэнэсуэле нафту, пампуюць газ і будуюць заводы, піша расейскі “Коммерсант”.


Падчас візыту А.Лукашэнка і Уга Чавэс накіраваліся на газакампрэсарную станцыю Сота ў штаце Ансаатэгі, дзе ўзялі ўдзел у цырымоніі перадачы газавых радовішчаў вэнэсуэльска-беларускаму СП Petrolera BeloVenesolana, якое раней займалася ў асноўным нафтай. Паводле Лукашэнкі, менавіта гэтае СП будзе даваць частку нафты, якую Каракас паабяцаў пастаўляць у Беларусь — паводле слоў Уга Чавэса, пастаўкі ў аб’ёме да 80 тысяч барэляў у дзень пачнуцца ад 1 траўня.

“Расейскія ўлады выказваюць скептыцызм адносна пэрспэктываў гэтага праекту. Так, віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Сечын, які курыруе стасункі з Вэнэсуэлай, нагадаў, што пакуль няма адказаў на пытаньні, “хто будзе ўсё гэта рабіць” і “як распрацоўваць”. Да таго ж здабыча Petrolera BeloVenesolana яўна ня зможа пакрыць усе патрэбы Беларусі — нават калі абмеркаваны прэзыдэнтамі праект і будзе рэалізаваны, нягледзячы на відавочныя цяжкасьці ў сфэры лягістыкі”, — піша “Коммерсант”.

“Беларускія нафтавыя праекты ў Вэнэсуэле не ідуць ні ў якае параўнаньне з расейскімі. Штодзённая здабыча на блёку Хунін-6, які атрымаў наш нафтавы кансорцыюм, складзе спачатку 200 тысяч барэляў у суткі, а на піку — усе 450 тысяч”,— нагадвае крыніца ў апараце ўраду Расеі. — “Аб'ём расейскіх інвэстыцый вымяраецца мільярдамі даляраў. Калі беларусы захочуць атрымаць адзін з блёкаў Хунін, незразумела, адкуль Менск возьме такія грошы”.

На мінулым тыдні нацыянальная асамблея Вэнэсуэлы ратыфікавала пагадненьне з расейскім Нацыянальным нафтавым кансорцыюмам (у яго на парытэтнай аснове ўваходзяць “Газпром”, ЛУКОЙЛ, “Роснефть”, ТНК-ВP і “Сургутнефтегаз”). Аб'ём расейскіх інвэстыцый у праект у бліжэйшыя сем-дзесяць гадоў Ігар Сечын, які ўзначальвае раду дырэктараў кансорцыюму, у лютым ацэньваў у 12 мільярдаў даляраў, агульны ж аб'ём інвэстыцый можа скласьці 20 мільярдаў даляраў. Паводле намесьніка кіраўніка расейска-вэнэсуэльскай дзелавой рады Ўладзімера Сямага, “адрознасьць працы беларускіх нафтавікоў ад нашых — у тым, што яны ўжо пампуюць, а кансорцыюму нафту толькі трэба будзе яшчэ здабыць”.

Адносна супрацоўніцтва Беларусі і Вэнэсуэлы ў машынабудаваньні Ўладзімер Сямага сказаў, што “фактычна, беларускія заводы закрыюць патрэбы ў трактарах і грузавіках. Для нашай прадукцыі месца не застанецца”. КамАЗ яшчэ ў 2007 годзе абвясьціў пра пляны пабудаваць у Вэнэсуэле свой завод, але ад тых часоў праект так і ня зрушыўся зь мёртвага пункту. У лютым прэм'ер Расеі Ўладзімер Пуцін зноў нагадаў пра пляны пастаўляць у Вэнэсуэлу прадукцыю КамАЗу і АўтаВАЗу.

А. Лукашэнка прапанаваў Вэнэсуэле закупляць у Беларусі яшчэ і сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Праўда, сваіх зэнітна-ракетных сыстэм Менск не вырабляе, затое беларускае аб'яднаньне “Агат” выпускае комплексы сродкаў аўтаматызацыі стацыянарных і мабільных камандных пунктаў (“Бор-1М1”, “Бор-1М1П”, “Бор-2С”, “Бор-2П”, “Паляна-РБ”, “Спрут”). Нарэшце, пад заслону візыту “брата Аляксандра” Уга Чавэс абвясьціў пра намер імпартаваць зь Беларусі 10 тысяч тон сухога малака, пастаўкі якога ў Расею цяпер абмежаваныя, піша “Коммерсант”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG