Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыхавіца вясны


Вярнуўся ўсходні ветрык. Бачу, як рунее трава, і разумею, што прыйшла вясна. Водныя струмені прыйшлі ў замяшаньне. Ніцая вярба мякка вее сваімі доўгімі галінамі. Які сум для чалавека ў гэтым яе руху!


Лі Бо


Сакавік — самы няпэўны час. Старажытнаславянскія сьнягуркі ўжо раставалі ад палу ў першых прамянях абноўленага сонца, а ў дзіўным Кітаі складаліся чамусьці маркотныя песьні. Легкадумна на вуліцах, трывожна на душы. Днямі Расею біла дробная дрыготка рэгіянальных выбараў. Ніхто не чакаў, што шараговая, як звыклі лічыць, справа не на жарт усхвалюе выбарнікаў. Пратэстныя галадоўлі, тэрарыстычныя акты (абліваньне службоўца зялёнкай) ды іншыя праявы шчырай палітычнай неабыякавасьці выбарнікаў на тэрыторыі ўсходняга суседа маглі б паслужыць для чытачоў гэтай навіны натхняльным прыкладам. Але, мабыць, толькі valery-brest-by схамянуўся ад павеваў з усходу, але з усходу нашмат далейшага: у Кітайскай Народнай Рэспубліцы просты сялянскі народ нарэшце атрымаў роўныя выбарчыя правы з гараджанамі. «І пагналі нашыя гарадзкіх…», — выказвае блогер уголас думку, якую ўхваліў бы Мао.


Усходні вецер Эўр, поўны трывожных пахаў і шумаў, сіратліва зьвяў на мяжы нашай няўзрушнай радзімы. Тым выразьней у гэтай самароднай цішыні прагучаў голас кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, якая дала рознабаковае інтэлігентнае інтэрвію Юрыю Зісеру на TUT.BY. Форум ацаніў гутарку рознагалосым гоманам, галоўным чынам — няўхвальна, і заняўся нашмат больш зьмястоўнымі спрэчкамі ўсярэдзіне самога сябе. Гаварылі пра набалелую праблему нацыянальнай мовы (паколькі Ярмошына схіляецца да рускамоўя), пра дасягненьне сапраўднай празрыстасьці мэханізму галасаваньня (нейкі Ананім з падвышанай сур’ёзнасьцю і веданьнем выбарчай справы пункт за пунктам пералічваў неабходныя новаўвядзеньні, нібы спадзеючыся, што піша проста ў душах беларускіх заканатворцаў, здольных усё гэта наваўвесьці ў юрыдычна адчувальным выглядзе). Лаяліся зьлёгку, непрацавіта. Ну, і мясцовыя выбары закранулі ў некалькіх незразумелых месцах. Паколькі шаноўная (прынамсі, для інтэрвіюера шаноўная) Л. М. Ярмошына адгукалася пра іх у, маўляў, памяншальна-ласкальным тоне, у чытачоў натуральным чынам зарадзілася зьдзіўленьне:


Выбары ў мясцовыя саветы. Наколькі зразумеў, прадстаўнічая частка саветаў адмысловай ролі ў кіраваньні ня грае. Яны даюць толькі сваю згоду або нязгоду па асобных пытаньнях. А вось выканаўчая частка саветаў — гэта асноўнае. Вось і ўзьнікае пытаньне, ці так ужо неабходная гэтая прадстаўнічая частка…


А вы здолееце купіць сабе пачак цыгарэтаў, калі вам жонка ня выдзеліла на гэта грошы? — так і дэпутаты — іх хлеб — бюджэт, другі хлеб — прыняцьце законаў — калі цікава, сам знойдзеш, колькі праектаў законаў яны не зацьвердзілі й колькі праектаў не дайшло да дэпутатаў на стадыі падрыхтоўкі…


…Трэці хлеб дэпутата — кантроль выкананьня законаў, у тым ліку аб бюджэце… Ну, і прыём грамадзян…


Важнасьць і сур’ёзнасьць мясцовых саветаў, такім чынам, была сьпехам рэабілітаваная.


Яшчэ больш сур’ёзнасьці яны набудуць пасьля таго, як узыходная зорка цяперашняй вясновай кампаніі — lipkovich (які пасьпеў шмат каму палюбіцца, але наўрад ці каму надакучыць) — быў падстрэлены на падлёце да зэніту. У сваім найноўшым запісе ён выказваўся нязвыкла стрымана, адчуваўся драматызм моманту. «Сабрана 3 (тры) подпісы пры дапамозе інтэрнэту. Не 10, не 20. Не 100. А 3! Гэта проста выдатны вынік», — паведамляе блогер. Засмучаны электарат засыпаў кандыдата пытаньнямі, пачуцьці яго былі горкія, як пасьля падзеньня зоркі Палын, думкі настроеныя на падазронасьць.


rechitsa1988. Выходзіць, што заявы аб Парку былі толькі падставай.


Адзін хер, я ня веру, што гэта ўсё было ўсяго толькі экспэрымэнтам — ніводзін разважны чалавек не палезе сам на дзярж.апарат толькі дзеля экспэрымэнту. Я думаю, усё ж КДБ узяў цябе за дупу.


lipkovich. Свабода ў сеціве мае патрэбу ня ў меншай абароне, чым парк, а можа й большай. Тое, што я зрабіў, — гэта для ўсіх карыстальнікаў байнэту.


Ціску ўладаў на мяне не было ніякага. Я гэта афіцыйна заяўляю.


Пад ціскам, як вядома з законаў Мэрфі, усё псуецца. А бяз ціску… узьнікае вакуўм? У ім ужо ня хочацца жартаваць. Але ўзьнікае рамантычны настрой, які пры асьцярожным абыходжаньні можна канвэртаваць у якія-небудзь далікатныя прадукты душы: вершы, навэлы, лісты ў Цэнтральную выбарчую камісію РБ. Першыя радкі атрымаліся гучнымі ды яскравымі — засталося падабраць рыфму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG