Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“DRUVIS” прэзэнтавалі ў Магілёве


Сёньня ў Магілёве цэнтар этнакасмалёгіі "Крыўя" прэзэнтаваў свой альманах “DRUVIS”. Магілёўскай публіцы яго прадставілі філёзаф Аляксей Дзермант ды этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч.


Цэнтар этнакасмалёгіі "Крыўя" аб'ядноўвае навукоўцаў, музыкаў, мастакоў, якія займаюцца вывучэньнем беларускай традыцыйнай этнічнай культуры.

Да арганізацыі сустрэчы ў Магілёве спрычынілася мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы, а таксама адміністрацыя цэнтральнай гарадзкой бібліятэкі. У яе чытальную залю пагартаць выданьне, пачуць пра яго зьмест ды паслухаць гукі беларускай дуды прыйшлі больш за пяцьдзесят чалавек.

Госьці прывезьлі з сабой два нумары альманаху. Першы зь іх выйшаў яшчэ ў 2005 годзе. Яго прысьвяцілі навуковаму, ідэалягічнаму, этнаграфічнаму і мастацкаму увасабленьню крыўскай традыцыі. Другі выйшаў сёлета. Прысьвечаны ён тысячагодзьдзю першай пісьмовай згадкі Літвы (1009 г.), а таксама дваццацігодзьдзю дзейнасьці цэнтра “Крыўя”.

Аляксей Дзермант і Тодар Кашкурэвіч
Філёзаф Аляксей Дзермант пачаў прэзэнтацыю альманаху з паходжаньня яго назвы. “DRUVIS” – слова з прускай мовы.

“Яно азначае – вера. У гэтага слова індаэўрапейскія карані і ад яго паходзяць трываласьць, вернасьць, а таксама самае моцнае дрэва Дуб. Мы ў цэнтры “Крыўя” і ў часопісе “DRUVIS” вялікую ўвагу надаём балцкаму складніку беларускай культуры й гісторыі. Вядома, што былі балты падняпроўскія, дзьвінскія, яцьвягі. Мы спрабуем рэканструяваць у сваёй творчасьці і досьледах Балтыйскі сьвет”, даводзіў магілёўцам Аляксей Дзермант.

Паводле яго альманах “DRUVIS” -- выданьне не акадэмічнае, а культуралягічнае. Нашая стратэгія, заявіў Аляксей Дзермант, палягае на тым, каб людзі у беларускіх рэгіёнах зацікавіліся сваёй мясцовай культурай.

“Гэтае выданьне арыентуецца на адраджэньне жывой культуры. Не сакрэт, што сёньня ідзе досыць імкліва працэс фармаваньня беларускай нацыі. Мы ўвесь час чуем, што беларусы – гэта славяне, якія належаць да рускага сьвету -- праваслаўнага ды візантыйскага, аднак мы ня ведаем іншага вымярэньня нашай ідэнтычнасьці. У сваіх выданьнях мы кажам, што Беларусь можа быць аднесеная да іншых рэгіёнаў. Менавіта да Прыбалтыкі й Балта-Скандынавіі. Гэта можна заўважыць у традыцыйнай культуры, у сьпевах, арнамэнтах, антрапалёгіі тутэйшых людзей”.

Сваё бачаньне музычных асаблівасьцяў балцкага элемэнту беларускай культуры давёў магілёўцам мастак, музыка ды этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч. Ён вядомы ў Беларусі майстра рэканструктар беларускай дуды. У яго выкананьні магілёўцы й пачулі гукі дударскай мэлёдыі.

Тодар Кашкурэвіч

Беларуская дуда
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG