Як паведаміла польскае інфармацыйнае агенцтва РАР, рашэньне адносна таго, хто ад Беларусі павінен заняць 10 месцаў у Эўранэсьце – выключна дэмакратычная апазыцыя (паводле рэкамэндацыі парлямэнцкай дэлегацыі па фармаваньні ПА) альбо таксама і прадстаўнікі беларускага Нацыянальнага сходу (паводле прапановы сацыялістаў) – мусіла зацьвердзіць 11 сакавіка Канфэрэнцыя старшыняў Эўрапарлямэнту. У Канфэрэнцыі прадстаўленыя сьпікер Эўрапарлямэнту, а таксама старшыні палітычных групаў (фракцый). Аднак, у выніку адсутнасьці сярод парлямэнтароў агульных падыходаў і кампрамісаў, Канфэрэнцыя пастанавіла, што разгляд гэтага пытаньня адбудзецца не раней як праз месяц.
Паводле прадстаўніка парлямэнцкага Левага дэмакратычнага альянсу Багуслава Ліберадзкага, напярэдадні ў кулюарах парлямэнту прапаноўваліся самыя розныя варыянты. Сацыялісты настойвалі на тым, каб да Беларусі ў Эўранэсьце ўжываліся тыя ж правы, што і дачыненьні да іншых пяці краін-удзельніц. Тым больш, што такое патрабаваньне ў сваім адкрытым лісьце выказалі і кіраўнікі парлямэнтаў Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. Кансэрватары выступалі за тое, каб усе месцы занялі прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі.
Сам Ліберадзкі і некаторыя іншыя былі за тое, каб беларускія месцы былі разьмеркаваныя паміж дэпутатамі і апазыцыянэрамі.
"Мы лічым, што было б лепш пачаць працу з беларускім парлямэнтарамі, чым ставіць пад сумнеў увесь праект Эўранэсту”, падкрэсьліў парлямэнтар ад Левага дэмакратычнага альянсу.
Тым часам старшыня Эўрапарлямэнту Ежы Бузэк, паводле крыніцы РАР, сказаў на паседжаньні Канфэрэнцыі наступнае: “З майго ўласнага досьведу ў “Салідарнасьці” запрашаць прадстаўнікоў улады “ня ёсьць добра”.