Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
«Пачатак сучаснай дзяржаўнасьці беларусаў як эўрапейскай нацыі». Як у сьвеце віншуюць беларусаў зь Днём Волі

«Пачатак сучаснай дзяржаўнасьці беларусаў як эўрапейскай нацыі». Як у сьвеце віншуюць беларусаў зь Днём Волі

абноўлена

Падчас ушанаваньня памяці Кастуся Каліноўскага і братоў Луцкевічаў на могілках Росы ў Вільні ў Дзень Волі.
Падчас ушанаваньня памяці Кастуся Каліноўскага і братоў Луцкевічаў на могілках Росы ў Вільні ў Дзень Волі.

Прадстаўнікі многіх дзяржаваў і арганізацый віншуюць беларусаў з Днём Волі.

  • Прадстаўнікі Эўрапарлямэнту выступілі з адмысловай заявай, якую падпісалі Дэвід Макалістэр, старшыня Камітэту ЭП у замежных справах і Малгажата Гасеўская, старшыня Бюро дэлегацыі ЭП у адносінах з Беларусьсю. Як гаворыцца ў сумеснай заяве дэпутатаў, «сёньня мы далучаемся да народа Беларусі ў адзначэньні Дня Волі. Менавіта 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, што стала пачаткам сучаснай беларускай дзяржаўнасьці як эўрапейскай нацыі. Унікальная культура, сьвядомасьць, мова і каштоўнасьці свабоды і гуманнасьці, якія шануюць беларусы, перажылі выпрабаваньні і працягваюць разьвівацца».
  • МЗС Нямеччыны павіншавала беларусаў зь Днём Волі на беларускай мове.
  • Беларусы «сваім прыкладам барацьбы» дэманструюць, што «людзі становяцца на абарону свабоднай Эўропы ў самых неспрыяльных абставінах», заявіла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х міністарка замежных спраў Германіі Аналена Бербак. Яна выказала «глыбокую павагу» мужнасьці лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлане Ціханоўскай і многім беларусам, якія «гадамі змагаліся за свабодную Беларусь, свабодную ад беззаконьня і прыгнёту».
  • Пра падтрымку «мужных беларусаў, якія працягваюць змагацца за дэмакратычную будучыню і свабоду сваёй краіны», заявіла ў супольным відэавіншаваньні дэпутатаў Эўрапарлямэнта з Днём Волі прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту Рабэрта Мецола.
  • З нагоды Дня Волі прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэм’ер Гінтаўтас Палуцкас выказалі падтрымку беларускаму народу. Паводле словаў прэзыдэнта Літвы, дзень 25 Сакавіка сымбалізуе ўпартасьць і рашучасьць беларускага народу змагацца за свабоду. Кіраўнік ураду Літвы Гінтаўтас Палуцкас у віншаваньні з Днём Волі адзначыў, што «сёньня мы чарговы раз заклікаем нелегітымнага лідэра Беларусі А. Лукашэнку вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных — людзей, адзіным „злачынствам“ якіх ёсьць любоў да сваёй краіны і імкненьне да праўды».
  • Дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь», якая дзейнічае ў складзе Вярхоўнай Рады Ўкраіны, павіншавала беларусаў з Днём Волі і заклікала міжнародную супольнасьць да ўзмацненьня санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. «Сёньня за бел-чырвона-белы сьцяг на вуліцах Беларусі адпраўляюць у турму, а беларуская мова знаходзіцца на мяжы зьнікненьня», — адзначаецца ў заяве дэпутацкай групы, якую абнародаваў дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны АляксейГанчарэнка.
  • У Дзень Волі МЗС Латвіі выказала салідарнасьць «з усімі беларусамі, якія імкнуцца да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі як часткі эўрапейскай сям’і». Вінашваньні былі таксама ад прадстаўнікоў Эстоніі, Швэцыі, Нідэрляндаў, Славеніі ды іншых краінаў.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG