Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд аштрафаваў удзельнікаў пікету ў падтрымку палітвязьняў


Суд над актывістамі. Максім Вінярскі, Паліна Кур'яновіч і Паліна Дзьякава, група падтрымкі.
Суд над актывістамі. Максім Вінярскі, Паліна Кур'яновіч і Паліна Дзьякава, група падтрымкі.

Суд Партызанскага раёну Менску пакараў актывістаў кампаніі “Эўрапейская Беларусь” штрафамі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі. Паліна Кур’яновіч, Паліна Дзьякава і Максім Вінярскі былі затрыманыя напярэдадні каля будынку Вярхоўнага суду з расьцяжкамі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў.

Першай была разгледжаная адміністрацыйная справа Паліны Дзьякавай, якую суд пакараў штрафам 35 базавых велічыняў. Гаворыць Паліна Дзьякава:

“Да апошняга моманту было невядома, якім будзе пакараньне. Мы спадзяваліся на меншы штраф і прасілі аб гэтым, але гэта не ўлічылася, і вось атрымалі такі — даволі вялікі”.

У суд удзельнікаў пікету даставілі з турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе яны правялі папярэднюю ноч. Таму былі гатовыя і да рашэньня пра адміністрацыйны арышт. Аднак і штраф — пакараньне несправядлівае, кажа Паліна Кур’яновіч, якая была аштрафаваная на 30 базавых велічыняў:

“Я думаю, што справядлівым было б толькі рашэньне пра апраўданьне. Але і гэта ня страшна — усё ж сутак ня далі, а далі толькі штраф”.

Актывісты “Эўрапейскай Беларусі” заяўляюць, што вінаватымі лічаць не сябе, а прадстаўнікоў сілавых структур, якія парушылі іх правы на мірнае і свабоднае волевыяўленьне. А таму яны будуць абскарджваць рашэньне раённага суду ў вышэйшых інстанцыях. Падтрымаць пікетоўцаў на паседжаньне прыйшлі некаторыя палітыкі і праваабаронцы. У тым ліку — Вячаслаў Сіўчык, Наста Лойка, якая гэтак пракамэнтавала судовае рашэньне:

“У сувязі зь некаторымі зьменамі ў Адміністрацыйны кодэкс мы спадзяваліся, што штрафы будуць мінімальныя. Але судзьдзя гэтага не ўлічыла і дала вельмі вялікія штрафы. Гэта вельмі жорсткая кара за такое дзеяньне, бо гэта быў мірны пікет, які не заклікаў да нейкіх гвалтоўных дзеяньняў і праходзіў абсалютна спакойна”.

Трэцяга ўдзельніка працэсу – Максіма Вінярскага – суд пакараў штрафам 20 базавых велічыняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG