Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Карач адказвае Паўлу Севярынцу


Вядомы палітык, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі АГП Вольга Карач адрэагавала на заявы аднаго зь лідэраў БХД Паўла Севярынца ў перадачы нашага радыё “Праскі акцэнт”.

Як я парушыла Боскую задуму...


“Калі Бог даў мужчыне ролю моцнага, ролю лідэра, ролю чалавека, які клапоціцца пра бясьпеку і здабыцьцё рэсурсаў, значыць так таму і быць. Калі жанчына мае сацыяльную ролю не ніжэйшую, а, магчыма, і больш каштоўную – будаваць жыцьцё ад сям'і, займацца тымі пытаньнямі, якія мужчына вырашыць проста ня можа, альбо можа, але неэфэктыўна, то таксама так таму і быць.
Жанчыны ў Беларусі вымушаныя браць на сябе неўласьцівыя для іх ролі карміцелькі сям'і, галоўнай працаўніцы, і зараз яны вымушаныя ісьці ў палітыку, у журналістыку – у вельмі небясьпечныя сфэры для сёньняшняга беларускага грамадзтва. Гэта не віна жанчын, гэта віна і праблема беларускіх мужчын. Трэба прызнаць – зараз беларускія мужчыны не спраўляюцца.
Павал Севярынец. «Праскі Акцэнт». 08.03.2010



Нават напярэдадні 8 сакавіка, здавалася б традыцыйнага сьвята жанчын, сумнавядомы Павал Севярынец не пагрэбаваў яшчэ раз агучыць свае адыёзныя ідэі. Праўда, гэтым разам ён абмежаваўся нападкамі на адрас жанчын-палітыкаў і мужчын, якія побач зь імі.


Выступ Паўла Севярынца ў “Праскім акцэнце” Радыё Свабода ад 08.03.2010, па-першае, супярэчыць нашай Канстытуцыі любага году, дзе запісана аб роўных правах мужчын і жанчын на працу і самарэлізацыю, а па-другое, накіраваны на прапаганду няроўнапраўя паводле палавой прыкметы ў нашым грамадзтве.

1. Ягоныя выказваньні закранаюць асабіста мяне, таму што ставяць пад сумнеў мае прафэсійныя якасьці. Яны вызначаюць мяне як чалавека, які займаецца неўласьцівай мне працай – палітыкай. Выходзіць, што я, паводле вызначэньня, дадзенага Паўлам, не магу быць прафэсіяналам не сваёй справы, не магу працаваць эфэктыўна ні ў партыі, ні ў гарсавеце, ні з выбарцамі. Разам са мною ў кампанію непрафэсіяналаў трапілі і Сьвятлана Алексіевіч, і Алена Гапава, і Альміра Усманава і Алена Танкачова, і Сьвятлана Калінкіна, і Валянціна Палевікова, Валянціна Сьвяцкая, і Галіна Сямдзянава, і Кацярына Садоўская. Усіх нас Павал Севярынец запісаў у катэгорыю “непрафэсіянал, бо жанчына”.

2. Гэтыя выказваньні зьневажаюць і майго мужа, бо, на думку Паўла Севярынца, я прыйшла ў палітыку выключна з-за таго, што мой муж ня здольны справіцца з роляй карміцеля сям'і і галоўнага здабытчыка. Я думаю, што такая пазыцыя закранае і мужоў іншых вядомых жанчын. Зыходзячы з гэтай лёгікі, варта прызнаць, што Андрэй Саньнікаў таксама ганебна адмаўляецца ўтрымліваць сям'ю. Мікалай Халезін, атрымліваецца, дармаед. А муж Жаны Літвіной таксама ігнаруе пляны Бога ў адносінах да сябе і жонкі. Цяпер, дзякуючы Паўлу Севярынцу, я ведаю, што муж Іны Кулей не спраўляецца са сваёй задачай лідэра апазыцыі. І цалкам вінаваты ў тым, што яго жонка вымушана займацца не ўласьцівымі ёй справамі. Інакш чаму Іна Кулей узначальвае «Камітэт дапамогі рэпрэсаваным», а не чакае «моцнага лідэра і карміцеля» па вечарах дома? Чаму Аляксандар Мілінкевіч ухіліўся ад выкананьня Божай задумы? І чаму Павал не адкрыў гэтую страшную праўду раней, у 2005 годзе? Глядзіш, адзіным лідэрам ад дэмакратычнага лягера быў бы выбраны іншы чалавек.

3. Блізкія жанчыне мужчыны – гэта не толькі муж, але і бацька. Выказванні Паўла Канстанцінавіча Севярынца закранаюць не толькі майго бацьку, але і бацькоў Вольгі Казулінай, Вольгі Стужынскай, Насты Палажанкі, Тацяны Шапуцька, Тацяны Гацура, Эніры Браніцкай, Кацярыны Салаўёвай, Ганны Ягоравай, Крысьціны Шацікавай і многіх іншых. Усе гэтыя мужчыны «не справіліся» са сваёй задачай, таму што так і не змаглі патлумачыць сваім актыўным дочкам «Божую задумку» адносна ролі жанчыны ў грамадзтве і выразна растлумачыць, што ў палітыцы і журналістыцы ім як жанчынам рабіць няма чаго.

4. Павал Севярынец ў гэтай перадачы прынізіў маіх калегаў па партыі, вельмі годных мужчын і моцных лідэраў, якія даверылі мне быць старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі АГП і пераабралі мяне на другі тэрмін. Аказваецца, мужчыны АГП, якія столькі гадоў мужна адстойваюць дэмакратычныя каштоўнасці, не баючыся рэпрэсій і перасьледу, «не спраўляюцца са сваёй працай», калі яны выбралі жанчыну быць кіраўніком партыі ў вобласці.

5. Павел Севярынец такімі выказваньнямі закранае і маці майго мужа, якая нібыта не змагла выхаваць сына, які ў стане зрабіць жанчыну шчасьлівай.

6. Ён закранае і жанчын-прадпрымальніц, таму што сьцьвярджае, што мужчыны ў бізнэсе паспяховыя і лепшыя, паколькі яны мужчыны. Чаму Павел Севярынец напаў менавіта на актыўных жанчын: палітыкаў, журналістак, прадпрымальніц? Як аказалася, усе стогны пра амаральнасьць беларускага грамадства – гэта слоўнае шалупіньне. Ім беларускія хрысціянскія дэмакраты прыкрываюць сваю заклапочанасьць галоўным пытаннем: хто будзе здабываць і разьмяркоўваць рэсурсы. Тут Павал Севярынец непахісны: толькі мужчыны маюць права на рэсурс – і маскуе гэта пасадай карміцеля сям'і. Самым упартым жанчынам ён, так і быць, адводзіць ролю духоўных лідэраў у нашым грамадстве і нават ласкава пералічвае, чым бы яны маглі займацца. Рабіце, як Ларыса Геніюш і Эўрасіньня Полацкая! А менавіта: пішыце вершы і сядзіце ў манастыры, перапісвайце чужыя кнігі. Відавочна, што гэтыя заняткі не прыбытковыя. А ў сфэры кіраваньня, зарабляньня грошай і пераразмеркаваньня грамадзкіх рэсурсаў – не асьмельвацца!

7. Павал Севярынец прыніжае сваімі выказваннямі і заслугі маіх калег, жанчын-палітыкаў, якія столькі гадоў ідуць пад дубінкі і ў турму, страчваюць працу і здароўе. Аказваецца, усё гэта адбываецца не з-за іх прынцыповай жыцьцёвай пазыцыі і стойкасьці, а выключна з-за нікуды не вартых мужчын побач з імі. Людміла Пеціна з болем у сэрцы сумуе аб кухоннай пліце і праглядзе бразільскіх серыялаў, таму што так і не змагла адкруціцца ад пасады старшыні гендэрнай камісіі АГП. Алена Скрыган ў бітвах за партыю з Міністэрствам юстыцыі, ужо вядома, лічыць, што жыцьцё сумнае, і ёй было б нашмат весялей сядзець дома. Як мы цяпер можам выказаць здагадку, Зінаіда Бандарэнка ўсё жыцьцё марыла аб іншым мужы, які б яе замяніў на экране і ў палітыцы. Тацяну Процька варта было б аддаць анафеме – жанчына, якая кіравала столькі гадоў самай вядомай праваабарончай арганізацыяй Беларусі, ня проста нахабным чынам ігнаравала Божую задуму, але вельмі паспяхова яе парушала. Валянціна Матусевіч, Алена Яськова, Людміла Гразнова, Алена Вялічка, Арына Вячорка, Аляксандра Дынько, Алена Макоўская, Алена Шыдлоўская, Вольга Быкоўская, Ларыса Шутко, Таццяна Ваніна, Галіна Петрушэнка, Зінаіда Цімошак, Таццяна Якаўлева, Галіна Навумчык, Святлана Мацкевіч, Тацяна Елавая, Галіна Скараход, Наталля Васілевіч... Ды ў рэшце рэшт, і сама маці Паўла – Тацьцяна Севярынец... ім усім даўно пара заняцца наканаваным зьверху: выводзіць сваіх бацькоў, мужоў, братоў і сыноў з запою і ляноты. Бо так загадаў Бог і Павал Севярынец.

А гэты чалавек, між іншым, узначальвае партыю, у назве якой ёсьць слова «дэмакратычная» ...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG