Жазэ Мануэль Барозу, старшыня Эўракамісіі
Я рады, што першая паездка прэзыдэнта Ўкраіны пасьля інаўгурацыі адбываецца ў Брусэль. Тут Вы, спадар прэзыдэнт, знаходзіцеся сярод сяброў Украіны, якія падтрымліваюць стабільнасьць і дабрабыт Вашай краіны.
Мы ня лічым, што разьвіцьцё адносінаў Украіны з Эўрапейскім Зьвязам на шкоду адносінам з Расеяй і наадварот. Мы таксама імкнёмся разьвіваць канструктыўныя адносіны з Расеяй і таму я лічу, што тут ёсьць вялікі патэнцыял і ва Ўкраіны.
Герман ван Рампэй, прэзыдэнт Эўразьвязу
Перамовы ЭЗ-Украіна наконт пагадненьня аб асацыяцыі, у тым ліку і аб свабодным гандлі, зьяўляюцца істотным крокам у паглыбленьні партнэрства ЭЗ з Украінай.
Гэта правільны шлях палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі Ўкраіны з Эўразьвязам у духу “Ўсходняга партнэрства”.
Я вельмі рады, што прэзыдэнт прыехаў у Брусэль у першы ж дзень свайго прэзыдэнцтва, што сьведчыць аб важнасьці адносінаў ЭЗ і Ўкраіны. Я запэўніў прэзыдэнта Януковіча ў цьвёрдым жаданьні ЭЗ падтрымаць Украіну, якая з’яўляецца суседам і партнэрам, які мае стратэгічнае значэньне.
Мы таксама закранулі важныя праблемы рэформаў ва Ўкраіне, у тым ліку і неабходнасьць вярнуцца на правільны шлях у стасунках з МВФ*. Я падкрэсьліў адказнасьць усіх палітычных сілаў, іх абавязак унесьці канструктыўны ўнёсак у справу рэформаў і ўмацаваньне палітычнай стабільнасьці .
*Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне МВФ прыпыніў супрацоўніцтва з краінай
Віктар Януковіч, прэзыдэнт Украіны
Пра мэты ўнутранай палітыкі Ўкраіны
Яны найперш скіраваныя на забесьпячэньне палітычнай стабільнасьці, адраджэньне эканомікі Ўкраіны, на падвышэньне ўзроўню жыцьця грамадзян, пераадоленьне наступстваў эканамічнага крызісу і правядзеньне сыстэмных сацыяльна-эканамічных рэформаў, на барацьбу з карупцыяй і судовую рэформу.
Пра прыярытэты зьнешняй палітыкі Ўкраіны
Для Ўкраіны эўрапейская інтэграцыя – гэта ключавы прыярытэт зьнешняй палітыкі.
Мы таксама абмяняліся думкамі наконт прыярытэтаў зьнешняй палітыкі Ўкраіны. Хачу падкрэсьліць, што яна ня будзе радыкальна мяняцца, а стане больш прагматычнай і напоўненай канкрэтным зьместам.
Сярод прыярытэтаў будзе інтэграцыя з Эўразьвязам, аднаўленьне добрасуседзкіх адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй, ўмацаваньне добрасуседзкіх адносінаў зь іншымі краінамі-суседзямі і стратэгічнае партнэрства са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, аднаўленьне працы з МВФ і іншымі міжнароднымі фінансавымі інстытуцыямі.