Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка ідзе на выбары ў Мазыры


Франак Вячорка
Франак Вячорка

Францішак Вячорка, ранейшы старшыня “Моладзі БНФ”, падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай выбарчай групы ў Мазыры, дзе ён служыць у званьні шарагоўца ў батальёне супрацьпаветранай абароны.

Ініцыятыўная група ў выпадку яе рэгістрацыі будзе зьбіраць за яго подпісы выбарцаў на тэрыторыі 25-й Станцыйнай акругі па выбарах у Мазырскі раённы савет дэпутатаў. Пра гэта “Свабодзе” сёньня паведаміў старшыня “Моладзі БНФ” Андрусь Крэчка.

Ф.Вячорка ня можа быць вылучаны кандыдатам ад Партыі БНФ, бо, паводле заканадаўства, у часе службы лічыцца беспартыйным.

Асноўную ўвагу прэтэндэнт аддае працы з жыхарамі навакольных кварталаў, чый галаўны боль — вечна разьбітыя ўшчэнт вуліцы. І гэта пры тым, што Мазыр, дзякуючы нафтаперапрацоўцы, да нядаўняга часу быў ня самым бедным горадам краіны.

Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты зьбіраецца ад імя жыхароў патрабаваць вяртаньня Мазыру статусу радыяцыйна забруджанай тэрыторыі, беспадстаўна скасаванага ўладамі ад 1 студзеня 2010 году. Скасаваньне гэтага статусу азначае страту бясплатнага харчаваньня дзяцей у навучальных установах, даплатаў да заробкаў працоўных, значнае скарачэньне харчовай нормы для вайскоўцаў.

Асабліва абурае такая “эканомія” ўладаў на здароўі й дабрабыце жыхароў у той час, калі ў Мазыры будуецца лядовы палац — аб'ект далёка ня самы патрэбны звычайным людзям.

Горад вельмі ўстрывожаны фактычным прыпыненьнем працы Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, няясным лёсам НПЗ, непразрыстасьцю яго магчымай прыватызацыі. Тлумачыць выбаршчыкам сувязь паміж іхнымі штодзённымі мясцовымі праблемамі ды характарам улады ў краіне ў цэлым ня будзе складана, лічыць Ф.Вячорка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG