Давід Какабадзэ: Сёньня раніцай цела Надара Кумарыташвілі, які загінуў у Ванкувэры 12 лютага, было дастаўлена з Мюнхэна ў Тбілісі і адразу на машыне адправілі ў ягоны родны пасёлак Бакурыяні. Гэты зімні курорт, на мой погляд, адна з найпрыгажэйшых мясьцінаў Грузіі. Бакурыяні разам з Баржомі прэтэндаваў на тое, каб прымаць Зімовыя Алімпійскія гульні 2014 году, але перамог Сочы. Самае сумнае, калі гіне малады чалавек, якому 21 год. Гэта само па сабе трагедыя. Але мне падаецца, што самае трагічнае ў ягонай сьмерці, гэта тое, што гэтую сьмерць можна было прадухіліць.
Траса, на якой праходзяць Алімпійскія гульні ў Ванкувэры , была разьлічана на максымальную хуткасьць 137 кілямэтраў за гадзіну, а рэальна атрымалася так, што хуткасьць на асобных участках трасы дасягае 155 кілямэтраў за гадзіну. Амаль на 20 кілямэтраў за гадзіну болей, і гэта вельмі вялікая розьніца, асабліва ў такім відзе спорту, калі чалавек без усялякай абароны акрамя шлему.
Гэта ўжо, мне падаецца, парушэньне, і вельмі шкада, што Міжнародная фэдэрацыя саннага спорту, прэзыдэнт якой яшчэ да пачатку Алімпіяды гаварыў, што траса занадта хуткасная, пры гэтым нічога не зрабіла, каб паставіць кропку ў гэтай гонцы за хуткасьцю. Натуральна, усе клапоцяцца пра тое, каб кожнае спаборніцтва было прыцягальным для гледача, было прыцягальным для спонсараў, што вельмі важна. І менавіта пагоняй за хуткасьцю тлумачыцца, што чым больш хуткасьць, тым больш спонсараў, тым больш грошай і гэтак далей.
Пасьля гэтай трагічнай гібелі агароджа ў тым месцы, дзе спартовец вылецеў з трасы, была падвышаная і падоўжаная. Акрамя таго, траса была скарочаная. Гэта адбылося за некалькі гадзінаў да пачатку Алімпіяды, а ўжо на наступны дзень спартоўцы разыгралі першыя камплекты мэдалёў менавіта ў гэтым відзе спорту. І старт перанесьці на некалькі соцень мэтраў ніжэй, каб хуткасьць была меншая . Але для гэтага павінна была адбыцца гэтая трагедыя, каб такія меры перасьцярогі былі прынятыя.
Мы ўчора атрымалі кранальны ліст па электроннай пошце з ЗША, маленькага гарадку Канкорд штату Масачусэт. Нейкая Джэніфэр піша, што для амэрыканцаў Надар Кумарыташвілі застанецца героем, паколькі сваёй сьмерцю ён напэўна выратаваў жыцьці многім іншым... Паколькі менавіта ягоная сьмерць стала прычынай сур'ёзнага дэбатаў, дыскусій на тэму -- дзе ліміт, дзе трэба паставіць кропку і дзе трэба абмежаваць хуткасьць спартоўцаў. Джэніфэр вельмі цёпла выказвае спачуваньні сям'і і піша, што ён застанецца чэмпіёнам назаўсёды.
Я, як былы спартовы камэнтатар, часта бываў у Бакурыяні на спаборніцтвах, і ведаю, што сям’я Кумарыташвілі – гэта дынастыя саначнікаў пры тым, што, шчыра кажучы, саначны спорт у Грузіі ня вельмі папулярны. Ягоны бацька быў спартоўцам, я яго ведаю, ягоны дзядзька быў трэнэрам Надара, і гэта ўсё здарылася фактычна на ягоных вачах у Ванкувэры. У Грузіі ўсе ведаюць, што Кумарыташвілі -- гэта бакурыянцы, якія разьвівалі саначны спорт і былі яму верныя.
У суботу ў Бакурыяні адбудзецца пахаваньне Надара Кумарыташвілі.