Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартацыя экіпажу Іл-76 адбудзецца сёньня

абноўлена

У размове з агенцыяй France-Presse адвакат затрыманых 12 сьнежня ў Бангкоку пілётаў назваў мясцовы час – 17 гадзінаў. На гэты момант заплянаваны вылет экіпажу з аэрапорту Suvarnabhumi. Туды пілётаў даставяць у суправаджэньні міграцыйных службаў Тайлянду.


Як паведамілі ў МЗС у Менску, замежнапалітычнае ведамства Беларусі з задавальненьнем успрыняла вызваленьне беларускага грамадзяніна Міхаіла Петухова, а таксама чатырох іншых сябраў экіпажу Іл-76 — грамадзянаў Казахстану.

Цягам апошніх некалькіх дзён у Бангкоку знаходзіўся консул Беларусі ў Віетнаме, які аказваў беларускаму пілёту неабходную консульска-прававую дапамогу.

Афіцыйнае паведамленьне беларускага МЗС было зроблена папаўдні, пасьля таго як працэдура дэпартацыі Міхаіла Петухова была завершаная і ён пакінуў Тайлянд.


Тайскі прэм’ер Апхісіт Вэтчачыва заявіў напярэдадні, што яго чыноўнікі ўжо ўзгаднілі з урадоўцамі Беларусі і Казахстану дэталі дэпартацыі. Вэтчачыва таксама паведаміў, што далейшае расьсьледаваньне па справе Іл-76 будзе працягвацца на радзіме пілётаў.

11 сьнежня ў часе праверкі самалёта Іл-76, які ляцеў рэйсам з Альжыру ва Ўкраіну і рабіў тэхнічны прыпынак у бангкоцкім аэрапорце Don Mueang, на борце машыны і ў 145 кантэйнэрах былі знойдзеныя 35 тонаў зброі.

Як пішуць тайскія выданьні, ператрус самалёта быў ініцыяваны органамі тайскай выведкі на падставе інфармацыі з ЗША.

Улады Тайлянду затрымалі грамадзяніна Беларусі Міхаіла Петухова, а таксама грамадзянаў Казахстану Ільяса Ісакава, Віктара Абдулаева, Аляксандра Зрыбнева і Віталя Шумкова.

Паводле сёньняшніх публікацыяў, мяркуецца, што самалёт Іл-76 і яго груз будуць канфіскаваныя.

11 лютага пракуратура Тайлянду вынесла вэрдыкт не выстаўляць абвінавачаньні пілётам.

Паводле некаторых тайскіх крыніцаў, рашэньне магло быць прынятае на просьбу мясцовага ўраду, які ў сваю чаргу пайшоў насустрач кіраўніцтву Беларусі і Казахстану. Урады гэтых краін выказалі жаданьне правесьці самастойнае расьсьледаваньне адносна сваіх грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG