Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску абмяркоўваюць шлях Беларусі ў Эўропе


Сёньня ў Менску пачалася канфэрэнцыя “Шлях Беларусі ў Эўропе”. Яна арганізаваная прадстаўніцтвам Эўразьвязу ў Беларусі, Інстытутам Эўразьвязу ў Парыжы, фондам Адэнаўэра, і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), які базуецца ў Літве.


Гэта трэцяя канфэрэнцыя Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і першая ў Менску. Удзельнікі канфэрэнцыі – беларускія і замежныя – разглядалі гэта як прыкмету новай якасьці ў дачыненьнях Беларусі і Эўропы. Прычым удзельнікі канфэрэнцыі падкрэсьлівалі назву гэтай канфэрэнцыі – “Шлях Беларусі” не “ў Эўропу”, а ў Эўропе”, бо Беларусь і так ужо знаходзіцца ў Эўропе. Прынамсі прадстаўнік фонду Адэнаўэра казаў, што “нельга казаць пра шлях у Эўропу краіны, якая трэцяя ў Эўропе надрукавала Біблію на нацыянальнай мове – пасьля немцаў і чэхаў, і якая прыняла ў свой час такі дакумэнт, як Статут Вялікага Княства Літоўскага”. Гэты прадстаўнік фонду працытаваў словы Паўла Севярынца аб тым, што “Эўропа немагчымая бязь Бібліі, бяз Бога і безь Беларусі”.

Іншыя выступы былі, можа, менш узьнёслымі, прынамсі, кіраўнік дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль сказаў, што два ўдзельнікі канфэрэнцыі ўсё ж такі не атрымалі візы, што, бясспрэчна, сумна, але тым ня менш ён вітаў сам факт таго, што такое прадстаўнічае абмеркаваньне з удзелам і дасьледных цэнтраў, і апазыцыі, і ўладаў, і эўрапейскіх дасьледнікаў адбываецца ў беларускай сталіцы.

Сёньня, у першы дзень, разгарнулася дыскусія вакол такой праблемы: ці новая палітыка Эўропы ў дачыненьні да Беларусі, збліжэньне Беларусі з Эўропай –– пашырыла або звузіла свабоду магчымасьці манэўру для Беларусі? Ці выклікала гэтая новая сытуацыя неабходнасьць зрабіць выбар – на Ўсход ці на Захад? Я б тут адзначыў выступ экспэрта Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніса Мельянцова, які лічыць, што гэтая прастора пашырылася і што беларускі бок у гэтым дыялёгу, у гэтым працэсе дасягнуў сваіх мэтаў, а эўрапейскі – не ці па меншай меры пакуль не. Хаця ён адзначыў таксама і пэўныя ўскосныя вынікі – на яго погляд, усё ж такі пашырыліся магчымасьці дзейнасьці трэцяга сэктару, недзяржаўных арганізацыяў, і зьменшыўся – у параўнаньні з тым, што было, а не ў параўнаньні з ідэалам – аб'ём палітычных рэпрэсіяў.

Ён адзначыў яшчэ такі, на яго погляд, важны момант, як слабую матывацыю згаданага збліжэньня з боку Эўразьвязу. Уласна, Эўразьвяз не прапануе нічога такога, што б надта зацікавіла афіцыйны Менск.

Яшчэ вельмі цікавым было выступленьне расейскага палітоляга Аркадзя Мошаса, які працуе ў фінскім дасьледным Інстытуце міжнароднай палітыкі, які сфармуляваў такую максіму, што для Эўропы Беларусь не зьяўляецца стратэгічнай праблемай – яна дзесяць гадоў жыла безь нейкай палітыкі і зусім не пераймалася з гэтай нагоды, а для Расеі гэта стратэгічны прыярытэт і такім застанецца. На думку сп. Мошаса, расейская палітыка, пры тым, што яна была больш сканцэнтраваная на Беларусі, была заўсёды ўнутрана супярэчлівай. З аднаго боку карцела ўжыць ціск, больш жорсткі падыход, а з другога боку заўсёды быў страх – а раптам мы страцім Беларусь, раптам яна кінецца ад нас на Захад. Ён кажа, што нават і цяпер можна бачыць, што пры ўсіх абвешчаных скарачэньнях датацыяў, нейкія зь іх скарачаюцца, а нейкія пашыраюцца. І так было заўсёды. Такі “крок наперад, крок назад” – заключэньне мытнага саюзу на тле гандлёвых войнаў, гандлёвыя войны на тле мытнага саюзу – гэта будзе працягвацца яшчэ доўга.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG