Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моўны аптымізм Алега Трусава


Алег Трусаў
Алег Трусаў

Дваццаць гадоў таму, 26 студзеня 1990 году, Вярхоўным Саветам БССР быў прыняты Закон аб мовах, які замацоўваў за беларускай мовай статус адзінай дзяржаўнай. Ці трэба сёньня прымушаць уладу размаўляць па-беларуску? Хто карыстаецца роднай мовай у Адміністрацыі прэзыдэнта? Чаму чалавек у экстрэмальных сытуацыях раптам загаворвае на чужой мове? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў.

Міхась Скобла: «Спадар Алег, што б там ні казалі, як бы нас ні вяртала на зямлю паўсядзённасьць, але факт застаецца фактам: беларуская мова ўжо дваццаць гадоў дэ-юрэ зьяўляецца дзяржаўнай мовай у Беларусі. Як бы вы сёньня акрэсьлілі яе не юрыдычны, а рэальны статус?


Алег Трусаў: «За прамінулыя дваццаць гадоў у разьвіцьці беларускай мовы адбыліся калясальныя зьмены. Па-першае, яна стала мовай гораду, асабліва — вялікага гораду. Вёска наша, на жаль, вымірае, носьбіты мовы зьнікаюць, і сёньня актывісты ТБМ — пераважна гараджане. Па-другое, за дваццаць гадоў зьмяніліся адносіны грамадзянаў Беларусі да сваёй роднай мовы — ад цалкам адмоўных да цалкам станоўчых. Татальная русіфікацыя пачалася ў 1959 годзе. Нашыя людзі былі выхаваныя на тым, што беларуская мова — гэта мова калгасьнікаў, мова тых, хто ня можа атрымаць вышэйшую адукацыю, мова нейкіх недарэкаў. Калі ж інтэлігент гаварыў па-беларуску, то гэта „вораг народу“ і „нацдэм“. Падобнае ўбівалася ў людзкую сьвядомасьць яшчэ ў сталінскія часы, пачынаючы з 30-х гадоў. І калі я ў 1982 годзе перайшоў на беларускую мову, я гэта ўсё адчуў на ўласнай скуры: мяне лаялі ў грамадзкім транспарце, называлі нацыяналістам, пагражалі пабіць і г.д. Асабліва п’яныя людзі да беларускай мовы адмоўна ставіліся».


Скобла: «З п’янымі ўсё зразумела. А чаму сёньня цьвярозыя беларускія ўлады адмоўна ставяцца да беларускай мовы?»


Трусаў: «Тут я з вамі ня згодзен. Улада сёньня, асабліва на ніжэйшым узроўні — у абласьцях, раёнах, сельсаветах — ставіцца да мовы нэўтральна альбо добра. Справа ў тым, што да ўлады прыходзяць людзі, якія вучыліся ў беларускіх школах дзякуючы Закону аб мовах. Я цяпер часта ежджу па Беларусі. І калі, напрыклад, у маім Мсьціслаўскім раёне ранейшыя кіраўнікі да мовы ставіліся ў лепшым выпадку нэўтральна ці абыякава, то цяперашнія ставяцца вельмі добра. Нядаўна ў Мсьціславе адбывалася навуковая канфэрэнцыя, і я быў вельмі зьдзіўлены, калі ўсе яе ўдзельнікі гаварылі па-беларуску нармальна, без акцэнту. Я іх ведаў гадоў па 30 і нават не чакаў ад іх такіх здольнасьцяў. А ўсё таму, што ўлада пажадала».


Скобла: «Вы можаце назваць высокіх чыноўнікаў, якія добра ставяцца да беларускай мовы і падтрымліваюць яе?»


Трусаў: «Вядома ж, магу. Той самы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі. А вазьміце кіраўніцтва Міністэрства сувязі і інфармацыі, якое ўсе нашыя прапановы рэалізуе — выдае цудоўныя паштоўкі, маркі, канвэрты. Нядаўна яны падтрымалі нашу Грунвальдзкую ініцыятыву. Прыхільнае і Міністэрства транспарту, і шмат іншых ведамстваў. Акрамя аднаго — Міністэрства адукацыі. Вось тут падтрымкі няма».


Скобла: «Многія дзяржаўныя чыноўнікі па-свойму разумеюць статус беларускай мовы. Яны лічаць: раз расейская мова таксама дзяржаўная, дык няма чаго агарод гарадзіць з мовай беларускай».


Але сучасны Закон аб мовах дазваляе і нам з вамі расейскай не карыстацца! Гэта кій з двумя канцамі. І нам трэба гэта ўлічваць. Што я, напрыклад, і раблю.

Трусаў: «Справа ў тым, што пасьля вядомага рэферэндуму ў 1998 годзе ў Закон аб мовах былі ўнесены адпаведныя папраўкі, якія дазваляюць любому чыноўніку не карыстацца беларускай мовай. Але сучасны Закон аб мовах дазваляе і нам з вамі расейскай не карыстацца! Гэта кій з двумя канцамі. І нам трэба гэта ўлічваць. Што я, напрыклад, і раблю. І каб нашае грамадзтва было больш адукаваным, больш патрыятычным, то нават з гэтым Законам чыноўнікаў можна было б паставіць у вельмі няпростую сытуацыю. Напрыклад, калі мне даюць на пошце ці ў міліцыі расейскамоўны блянк, я яго аўтаматычна запаўняю па-беларуску, аддаю назад і — прыехалі. Ніхто мяне не прымусіць перапісаць яго па-расейску. І каб нашыя грамадзяне так рабілі, то ў нас і з гэтым Законам пачалася б зусім іншая сытуацыя. Усё залежыць ад мэнтальнасьці народу, які хоча, каб нехта іншы за яго ўсё зрабіў. Што сёньня кажуць сацыёлягі? 54% насельніцтва хочуць, каб гучала беларуская мова, 30-40% хочуць, каб была адна мова дзяржаўная — беларуская. Але пераходзіць на гэтую мову не сьпяшаюцца, бо начальства на ёй не гаворыць. Нядаўна ў нас у Таварыстве беларускай мовы была канфэрэнцыя, да мяне падышоў чалавек і сказаў, што ТБМ павінна беларусізаваць усе ўнівэрсытэты, а пакуль не беларусізуе, ён свайго дзіцёнка ў беларускую школу не аддасьць».


Скобла: «Роўна год таму ў справе мовы вы сустракаліся з Аляксандрам Зімоўскім. З 7 вашых прапановаў ім былі прынятыя толькі 5, сярод іх — заснаваць перадачу „Гаворым па-беларуску“, ажыцьцяўляць дубляж замежных фільмаў на беларускую мову, ладзіць круглыя сталы з удзелам мовазнаўцаў і грамадзкіх арганізацый па пытаньнях мовы. Чаму ж спадар Зімоўскі не стрымаў свайго слова?»


Трусаў: «У асноўным, як ні дзіўна, стрымаў. І нават пайшоў далей. Дзякуючы Зімоўскаму, па-першае, мясцовыя навіны зноў загучалі па-беларуску. Гэта вельмі важна. Па-другое, у цэнтральных навінах пачалі зьяўляцца беларускамоўныя сюжэты. Перадача „Гаворым па-беларуску“ таксама зьявілася, прытым не на Першым канале, як мы прасілі (там яна яшчэ рыхтуецца), а на самым расейскамоўным канале — ОНТ. У перадачы „Гаворым па-беларуску“ ўжо чацьвёрты месяц выступаюць нашы людзі, у тым ліку і мая намесьніца па ТБМ Алена Анісім. Гэтая перадача мае адзін з самых высокіх рэйтынгаў на ОНТ. І па-трэцяе, пачалі здымацца беларускамоўныя фільмы. Нядаўна быў паказаны першы фільм —пра Францішка Скарыну, некалькі сэрыяў».


Скобла: «Пра Скарыну быў нядаўна паказаны стары фільм — з Алегам Янкоўскім».


Трусаў: «Не, я маю на ўвазе новы, некалькісэрыйны фільм. Па-беларуску ўжо зьнята восем фільмаў! А ўвогуле, калі браць за мінулы год, недзе на 10-15% на БТ пабольшала беларускамоўных перадачаў. Гэта малавата, але ўсё ж лепш, чым нічога».


Скобла: «Чаму ўсё ж у 1990 годзе камуністычны Вярхоўны Савет тады яшчэ Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў Закон аб адзінай дзяржаўнай беларускай мове?»


Трусаў: «Таму што на гэта быў загад з Масквы. Адпаведныя законы прынялі ўсе саюзныя рэспублікі, акрамя Беларусі. Наш Вярхоўны Савет мусіў ісьці ў рэчышчы тагачаснай савецкай перабудовы».


Скобла: «Масква так загадвала, каб захаваць Савецкі Саюз?»


Трусаў: «Вядома ж, таму што нацыянальны фактар вельмі моцны. Чаму, напрыклад, бальшавікі выйгралі грамадзянскую вайну, перамаглі белых? Таму што яны давалі права нацыям на самавызначэньне, а белыя трымаліся „адзінай і непадзельнай“, як сьляпы плоту. Так і тут. Калі Савецкі Саюз стаў развальвацца, Гарбачоў вырашыў даць нацыянальнаму пытаньню шырокую хаду. Але ў тагачасным Вярхоўным Савеце Беларусі былі людзі, якія выступалі катэгарычна супраць гэтага закону. Падыміце стэнаграму. Ня так лёгка было прымаць Закон нават па загадзе з Масквы. Мы сабралі 14 000 подпісаў грамадзянаў у падтрымку Закону, я сам удзельнічаў у гэтай акцыі. Той Вярхоўны Савет доўга брыкаўся, проста ўжо была апошняя сесія, і не было куды дэпутатам дзявацца».


Скобла: «Памятаю, брыкаліся ня толькі дэпутаты, але і галоўны пракурор БССР Георгі Тарнаўскі, які спрабаваў прывесьці Закон аб мовах у адпаведнасьць з саюзным заканадаўствам».


Трусаў: «Брыкаўся шмат хто — пераважна расейскамоўныя чыноўнікі, якія прыехалі з Расеі. А яны сядзелі на ўсіх пасадах. Усё было ў іх руках. А сёньня ў Рэспубліцы Беларусь іх колькасьць блізкая да нуля. І з гэтымі чыноўнікамі лягчэй працаваць».


Скобла: «Днямі, выступаючы па Белсаце, вы сказалі, што ня трэба прымушаць уладу размаўляць па-беларуску, трэба размаўляць на роднай мове самім. Вы сапраўды лічыце, што беларусізацыю можна ажыцьцявіць зьнізу?»


З усіх чальцоў рады па-беларуску размаўляюць два чалавекі — я і Ўладзімер Макей, калі зьвяртаецца да мяне.

Трусаў: «Я так не лічу. Я лічу па-другому: пакуль гэта нельга рабіць зьверху, то трэба рабіць зьнізу. І тады, раней ці пазьней, мы апынемся наверсе, і тады ўступяць у дзеяньне іншыя законы. Але, каб гэта здарылася, нам трэба мець крытычную масу, а крытычную масу мы зможам набраць толькі канкрэтнымі дзеяньнямі, прытым гэтыя дзеяньні павінны не адштурхоўваць людзей, а прыцягваць. Таму я, напрыклад, у побыце і ў палітыцы беларускую мову не навязваю. Я стараюся сам па-расейску ні пры якіх абставінах не размаўляць. Нядаўна я быў на паседжаньні Грамадзкай рады пры прэзыдэнце, якая аднавіла сваю працу. З усіх чальцоў рады па-беларуску размаўляюць два чалавекі — я і Ўладзімер Макей, калі зьвяртаецца да мяне. Усе астатнія дэмакраты, якія выступаюць на Радыё Свабода, на Белсаце па-беларуску, на паседжаньнях рады размаўляюць выключна па-расейску».


Скобла: «У якой ступені Макей валодае беларускай мовай?»


Трусаў: «Ён цудоўна валодае, ён жа заканчваў беларускую школу. Ён ведае яшчэ тры-чатыры мовы, у адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, таму зь ім лягчэй паразумецца, бо гэта чалавек высокаадукаваны. На той радзе я зьвярнуўся да прысутных: „Шаноўнае спадарства! Як вам ня сорамна! Наша рада трапіць у кнігу рэкордаў Гінэса — як адзіная ў сьвеце рада пры прэзыдэнце, якая не гаворыць на дзяржаўнай мове!“ Усе апусьцілі долу вочы, потым у кулюарах пагаварылі са мной па-беларуску, нават тыя, хто ні разу да таго не гаварыў, і разышліся. І потым адна дамачка па Белсаце па-расейску выступае, хоць са мною яна гаварыла на цудоўнай мове... Дык што мы хочам ад улады, калі, напрыклад, Анатоль Лябедзька і яго кампанія ўсе дакумэнты, усе праграмы робяць па-расейску! І колькі я ім ні пісаў, колькі ні прасіў — нуль увагі».


Скобла: «Гэтымі днямі ва ўсім сьвеце адзначаецца 150-годзьдзе зь дня нараджэньня Антона Чэхава. Выдатны пісьменьнік, тонкі знаўца расейскай мовы. І раптам гэтае перадсьмяротнае „ich sterbe“... Чаму? Адкуль?»


Пакуль мы ўсю ўсясьветную клясыку не перакладзем, мы ніколі ня зробім нашую мову эўрапейскай і дзяржаўнай.

Трусаў: «Таму што нямецкая мова сядзела ў ягонай падсьвядомасьці. Невыпадкова Чэхаву стварылі ў Нямеччыне тры цудоўныя музэі. Былі выпадкі, калі чалавек пасьля аўтакатастрофы пачынаў гаварыць на мове тысячагадовай даўнасьці. Адбываецца нешта, як збой у кампутары, і людзі пачынаюць размаўляць, напрыклад, на арамейскай мове. Таму самае галоўнае, каб чалавек па-беларуску думаў. А чаму ён ня думае на мове? Таму што ён інфармацыю бярэ на іншых мовах. Відаць, так атрымалася і ў Чэхава. А каб узяць інфармацыю на беларускай мове, яе трэба мець. Таму я вельмі паважаю такіх перакладчыкаў, як Сяргей Шупа, як Ян Максімюк, якія перакладаюць усясьветную клясыку на беларускую мову. Пакуль мы ўсю ўсясьветную клясыку не перакладзем, мы ніколі ня зробім нашую мову эўрапейскай і дзяржаўнай. Калі чалавек большую масу інфармацыі бярэ на чужой мове, гэта ўсё роўна спрацуе. Чужая мова „стрэліць“ у любой сытуацыі. Я па сабе ведаю. Напрыклад, я ні з таго, ні з сяго магу нейкія сказы сказаць па-польску, ці па-расейску. Значыць, гэты блёк інфармацыі засвоены мною па-польску, ці па-расейску, і ён прачнуўся. І яшчэ — вельмі важна рабіць з ворагаў сяброў. А для гэтага трэба не навязваць сваю мову, але заўжды гэтай мовай карыстацца, пры любых абставінах».

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG