"Ці шкада табе бедную грацыёзную лань, якую даганяе крыважэрны тыгр і на нашых вачах забівае яе, у наступным кадры разьдзіраючы тушу сваёй ахвяры на кавалкі і пажыраючы разам са сваімі субратамі? Праўда, з аднаго боку шкада, але з другога - такое жыцьцё, такая прырода, такі парадак рэчаў.
Тыгр - гэта наша з вамі белая хрысьціянская цывілізацыя, такая гістарычная эпоха, у якой мы жывем. Так, мы драпежнікі, так, эўрапейцы скарылі ўвесь астатні сьвет. Прырода нашай цывілізацыі - пашырацца, расьці, захопліваць. Эўрапейцу чужая гармонія, "або мы гэтых <...выразана цэнзурай...>, або - яны нас". Перамагчы або памерці - кшатрыйскае эўрапейскае крэда, фаўстаўская існасьць чалавека Эўропы.
Мы па-іншаму ня ўмеем/ня ўмелі. Усе тэхналягічныя дасягненьні, усё, што мае сучасная цывілізацыя, яна мае дзякуючы эўрапейскай цязе да экспансіі і піянэрства. Так, пашыраліся эўрапейцы ў тым ліку за кошт млявых прыродалюбаў-афрыканцаў. Моцнае племя зьнішчыла больш слабыя. Сумна, прыкра, але жыцьцё - такая штука".
Аўтар пададзенай цытаты - не які-небудзь баявы афіцэр каляніяльных войскаў зь мінулага, стыхійны ніцшэанец, пясьняр імпэрыялізму, над чыёй пераможнай краінай ніколі не заходзіць сонца. Гэта наш з вамі сучасьнік, міралюбны беларус, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Маскве, правалібэральны журналіст Алесь Чайчыц. Якога да глыбіні душы абурыў фільм Джэймса Кэмэрана "Аватар" - як апалёгія "перараджэнства і здрады" ад "калябаранцкай левай інтэлігентшчыны". Апошнюю ён называе "галоўнай пагрозай Эўропе", яе "спакусай і ўнутраным гніеньнем".
Каму і чаму яна здрадзіла? Натуральна, Вялікай справе Белага Чалавека, ягонай тыгрынай прыродзе. (Ды калі - у год Белага Тыгра! Дарма што паводле кітайскага календара.) Паддаўшыся тлятворнаму гуманізму і ўпадніцкаму пацыфізму, якія падрываюць здаровы "фаўстаўскі" дух эўрапейца.
Ня ведаю, як вам, а мне словы Алеся Чайчыца адразу нагадалі допіс іншага, сумнавядомага блогера:
"Мір, заснаваны на перамогах мяча, куды больш трывалы, чым "мір", які выкленчваюць сьлязьлівыя старыя бабы пацыфізму; толькі такі мір быў бы трывалым і толькі такі мір паставіў бы ўвесь зямны шар пад кіраўніцтва народа-гаспадара, здольнага забясьпечыць найвышэйшы росквіт культуры...
Ідэі гуманізму і пацыфізму, верагодна, будуць цалкам дарэчныя тады, калі вышэйстаячая раса папярэдне заваюе ўвесь сьвет і насамрэч будзе панаваць над усёй зямлёй. Калі так паставіць пытаньне, то ідэі пацыфізму і гуманізму перастануць быць шкоднымі. На жаль, на практыцы такі ход разьвіцьця цяжка зьдзяйсьняльны і, урэшце рэшт, немагчымы. Такім чынам - сьпярша барацьба, а потым, можа быць, і пацыфізм!
Усё, чаму мы дзівімся ў гэтым сьвеце - навука і мастацтва, тэхніка і адкрыцьці - усё гэта прадукт творчасьці толькі нешматлікіх народаў, а першапачаткова, быць можа, толькі адной расы. Ад іх і залежыць існаваньне ўсёй нашай культуры. Калі б гэтыя нешматлікія народы загінулі, разам зь імі зь зямелькаю пабралася ўсё выдатнае ў гэтым сьвеце.
Усе вялікія культуры мінулага загінулі толькі праз тое, што творчы народ выміраў у выніку атручваньня крыві.
Прычына гэтай згубы заўжды палягала ў забыцьці той ісьціны, што ўсякая культура залежыць ад чалавека, а не наадварот; што такім чынам, каб захаваць культуру, трэба захаваць чалавека, які стварае гэтую культуру. Але такое захаваньне цалкам падпарадкаванае жалезнаму закону неабходнасьці, захаваньню права на перамогу за больш моцным і больш высокім.
Такім чынам, хто жадае жыць, той мусіць змагацца, а хто ў гэтым сьвеце вечнай барацьбы ня хоча браць удзел у бойцы, той не заслугоўвае права на жыцьцё.
Няхай гэта жорстка, але гэта так!.. Чалавек, які не разумее законаў расавага разьвіцьця і грэбуе гэтымі законамі, сам сябе пазбаўляе шчасьця, якім ён мог бы карыстацца. Такі чалавек перашкаджае пераможнаму шэсьцю найлепшай з расаў і тым самым зьнішчае асноўную перадумову ўсякага чалавечага прагрэсу. Такі чалавек прыпадабняецца бездапаможнай жывёле..."
Гэтым блогерам, калі хто не здагадаўся, быў Адольф Гітлер, які, седзячы ў турме, вёў дзёньнік пад загалоўкам "Мая барацьба". Прапаную сп. Чайчыцу задумацца, наколькі сугучныя гэтыя думкі ягоным выказваньням у блогу. Праўда, Алесь не апэруе такімі паняткамі як "раса" і "кроў", а таксама не называе "інтэлігентшчыну" габрэйскай. У астатнім усё вельмі падобнае: невуцкі эўропацэнтрызм, апэляцыя да "законаў прыроды", зь якіх нібыта выцякае права моцнага над слабым, асуджэньне ідэалаў спагады, міласэрнасьці і чалавекалюбства, як "падрыўных", агрэсіўны экспансіянізм.
Што да "невуцкага эўропацэнтрызму": ці трэба тлумачыць адукаванаму чалавеку, якое значэньне мела для сусьветнай, агульначалавечай культуры, скажам, эгіпэцкая цывілізацыя, які ўнёсак у яе зрабілі арабы, кітайцы, індусы, індзейцы? Калі пачаць выкрэсьліваць з нашага жыцьця ўсе дасягненьні, якія ня маюць уласна эўрапейскіх каранёў, мы рызыкуем застацца ля разьбітага карыта. Прынамсі, адразу ж застанемся без кампутараў ды інтэрнэту, бо яны немагчымыя бяз альгебры (араб. "аль-джабр").
Прыняўшы "закон джунгляў" за ўнівэрсальны, мы мусім зьмірыцца з магчымасьцю паглынаньня, па частках ці цалкам, нашай краіны магутным усходнім суседам - таму што "вялікая рыба есьць маленькую рыбку". Вітаць аўтарытарную мадэль кіраваньня - паколькі "моцны заўжды мае праўду", ён усталёўвае правілы гульні і не павінен зважаць на енкі розных плаксівых хлюпікаў зь ліку дысыдэнцкай "інтэлігентшчыны". Скарыцца з адміраньнем беларускай мовы - "ня вытрымала канкурэнцыі", што паробіш. Ня кажучы ўжо пра тое, што, згодна з гэтай лёгікай, трэба адмовіцца ад сацыяльнай падтрымкі ўсіх слабых зьвёнаў грамадзтва, няздольных на роўных удзельнічаць у рынкавай барацьбе і забясьпечваць сябе - "падаючага - штурхні". Урэшце рэшт, мы апынемся ў сытуацыі "вайны ўсіх супраць усіх", бессэнсоўнай і бязьлітаснай.
Калі ж спадар Чайчыц лічыць гэты закон прыдатным толькі для макраўзроўню - міжрасавых узаемінаў - тады ён ёсьць праявай "усяго толькі" старога добрага расізму на новы лад. Дзе расавая перавага загорнутая ў фанцік перавагі цывілізацыйнай.
Усё-ткі меў рацыю Карл Маркс, сказаўшы: "Быцьцё вызначае сьвядомасьць". Ці выпадкова гэтая рэцэнзія на "Аватар" з далёкасяжнымі высновамі была напісаная менавіта ў Маскве? (У беларускіх блогераў, якія жывуць у Беларусі, я нічога падобнага не заўважыў.) Масква - імпэрская сталіца, якая зь непрыхаванай пагардай пазірае на акаляючую пэрыфэрыю. Вельмі многім масквічам уласьцівая псыхалёгія "пупа зямлі". Апроч гэтага, падзел працы ўнутры самога горада мае выразна этнічную афарбоўку: на самых брудных і найменш прэстыжных работах у Маскве ў асноўным працуюць "гастарбайтэры" з азіяцкіх рэспублік былога СССР, значная частка якіх існуе на становішчы бяспраўных рабоў. А паколькі ў постсавецкім грамадзтве меркай вартасьці чалавека стала ягоная "пасьпяховасьць", у масквічоў падсьвядома склаўся стэрэатып пра "ўсіх гэтых нярускіх" як пра ніжэйшую расу.
Можа таму й ня надта зьдзіўляе, што рэцэнзія Алеся Чайчыца амаль люстэркава паўтарае вельмі папулярны ў расейскай блогасфэры аналіз фільму "Аватар" аднаго ультра-нацыяналіста, якога таксама вельмі абурыла, што "сінярылых чурак" выстаўляюць лепшымі за людзей (вядома ж, белых, а якія яшчэ людзі бываюць?).
Пасланьне фільму сапраўды неадназначнае, а можа нават і крыху сумнеўнае, пра што вялося ў першай аблозе бягучага году (гл. "Аватар: вяртаньне ў віртуальны рай"). Аднак ідэалёгія, якую прапагандуе спадар Чайчыц, ня менш сумнеўная.
У ПРАВЕ НА ЕЖУ АДМОЎЛЕНА
Блогер true_hans назваў яе "сацыял-дарвінізмам":
"Сацыял-дарвінізм" - гэта калі "канкурэнцыю" і "барацьбу за выжываньне" з прыроды пераносяць на ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Быццам людзі - гэта не адзін біялягічны від, а розныя. Прычым такі падзел уводзіцца і паміж рознымі народамі, і паміж часткамі аднаго народу. Лібэрал лічыць нармальным, калі яго сусед памрэ з голаду, бо "ня справіўся з канкурэнцыяй". Гэта і ёсьць сапраўдны нацызм, а ня голеныя хлопцы са свастыкамі, як нас пераконваюць СМІ.
Нацысты адкрыта вызнавалі свае ідэі, не саромеючыся сацыял-дарвінізму, і расчышчалі сабе "жыцьцёвую прастору" ад "прымітыўных народаў", якія не павінны былі выжыць па законах эвалюцыі, як яны разумелі тыя законы. Але "прымітыўныя народы" надавалі па зубах "драпежнікам", і каб самі былі сацыял-дарвіністамі, то пра немцаў мы б ведалі цяпер толькі з гістарычных кніжак.
Цяперашнія лібэралы больш абачлівыя ў выразах, хоць і праводзяць палітыку блізкую да нацысцкай. У тых "недаразьвітыя народы" павінны былі быць рабамі "расы гаспадароў", у гэтых "трэці сьвет" мусіць працаваць за так на "залаты мільярд". Розная рыторыка, але сутнасьць адная і тая ж...
Лібэралы дэкляруюць свабоду, але не даюць ніякіх гарантый забесьпячэньня нават базавых патрэб чалавека. Ды і сама гэта свабода - свабода выбраць у краме паміж 20-цю пральнымі парашкамі з рознымі этыкеткамі, але аднолькавымі ўнутры.
У СССР дзяржава хай сабе і не зусім добра, але рэалізоўвала адно з базавых правоў чалавека - права на працу. У лібэральных жа краінах 15-20% насельніцтва гэтага права пазбаўленыя, і такая сытуацыя лічыцца нормай. І хто больш парушае хвалёныя правы чалавека?"
На апошні закід Алесь Чайчыц адказаў такім чынам: "Што такое "права на працу"? Гэта так званае "пазытыўнае права", то бок "права", якое чалавеку "нехта" павінен забясьпечыць... Я падзяляю думку, што няма такога права, як "права на адукацыю", "права на ежу", і тым болей "права на працу" ці "права на трохпакаёвую кватэру і аўтамабіль" - хутчэй ёсьць права іх сабе зарабіць. Павінна быць, то бок".
Паралельна і незалежна ад Чайчыца ў гэткім самым духу выказалася Тацяна Елавая. Дакладней, выказалася Валерыя Навадворская, у сваім артыкуле "Супраць народаўладзьдзя" (ключавое пасланьне якога гучала так: "Лібэралы павінны засвоіць, што дэмакратыя - гэта не народаўладзьдзе. Дэмакратыя - гэта ўлада асьвечанага народу, які гатовы ўстаць пад сьвяты сьцяг лібэралізму"). Тацяна проста яе працытавала, падпісаўшыся пад ейнымі словамі:
"Ня трэба прапаноўваць народу каўбасу замест свабоды. Нічога ня трэба прапаноўваць апроч свабоды і правоў чалавека. А ежу трэба зарабіць. Няма права на ежу".
Блогер true_hans слушна нагадаў, што:
"Права на працу, як і права на раўнапраўную аплату працы прапісана ў артыкуле 23 "Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека". Раз ужо Вы адмаўляеце гэту дэклярацыю, то і не ўжывайце ніколі сам выраз "правы чалавека", ня будзьце двудушным. У лібэральным сьвеце чалавек правоў ня мае, мае толькі свабоду".
У сваю чаргу, дазволю сабе нагадаць, што і "права на ежу", якое адмаўляюць спп. Елавая і Навадворская, прапісана ў той самай "Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека" (артыкул 25):
"Кожны чалавек мае права на такі жыцьцёвы ўзровень, уключаючы харч, адзеньне, жыльлё, мэдыцынскі догляд i неабходнае сацыяльнае абслугоўваньне, які неабходны для падтрыманьня здароўя i дабрабыту яго самога i яго сям’i, i права на забесьпячэньне на выпадак беспрацоўя, хваробы, iнвалiднасьцi, удаўства, надыходу старасьцi або iншага выпадку страты сродкаў да iснаваньня па незалежных ад яго акалiчнасьцях".
Ці ня дзіўна, што сьветачы лібэралізму як быццам і не чыталі ніколі дэклярацыі правоў чалавека?
КАРАБЕЛЬ-ПРЫВІД ХОДЗІЦЬ ПА ЭЎРОПЕ
Але не галівудзкім кінэматографам адзіным жыве чалавек. Засталіся яшчэ дзівакі, якія ходзяць у тэатры:
"Калі я адарвала дзіця ад мяккай бабулінай канапы і целіка зь японскім мульцікам", - піша dolka777 - "ён доўга ішоў і енчыў: не хачу на твой спэктакль ісьці, мне нецікава. Мне мульцікі падабаюцца і "Галаваломы" (на канале "Дыскавэры").
Там, у тэлевізары, цмок з усяго маху ўляпаўся ў вежу, на якой стаяў зграбны японскі прынц. Сківіцы цмока заселі ў зубах вежы, а прынц усадзіў самурайскі меч проста ў цемечка цмока. Буйным плянам велізарныя круглыя вочы, скрыўлены ў крыку рот на круглым мульцяшным тварыку прынца.
Я прывалакла дзіця на спэктакль: беларуская мова, два пражэктары па сьценах, вялікая і маленькая скрыні ў дэкарацыях плюс пара шчытоў і два парасоны на сцэне. Дзейныя асобы: заяц, воўк, пугач, ліса.
Артысты выйшлі на сцэну і загаварылі па-беларуску.
І мне зашчымела за іх. За іх чалавечыя галасы і твары. За ціхі голас і тэатральную міміку. Я зірнула на іх позіркам сапсаваных тэлевізарам дзяцей. Падумалася: артысты вядуць няроўны бой з гэтымі мульцікамі, блокбастэрамі, кампутарнымі гульнямі. З цмокамі, прышэльцамі, аватарамі..."
Гэта пачатак рэцэнзіі на спэктакль "Па зялёных гурбах акіяну" рэжысэра-пастаноўшчыка Ігара Сідорчыка паводле п'есы нядаўна памерлага расейскага драматурга Сяргея Казлова. Блогерка параўноўвае галоўнага героя п'есы - Воўка - з "Марскім чалавекам" Лявона Вольскага. Ці памятаеце?
А мораў ня бачыў
Гарэла душа
І ромам тушыў ён
Душэўны пажар
"Толькі вось свой душэўны пажар ён ня ромам тушыць, а будуе са сьмецьця марскі карабель.
- Які карабель? - пытаюць яго пугач і ліса - да найбліжэйшай рэчкі адсюль чатыры кілямэтры па полю ісьці!
Але ваўка гэта не бянтэжыць, і ён, пасябраваўшы з маленькім, слабенькім зайцам, які ўвесь час дрыжыць, майструе карабель: шчогла зь вешалкі, штурвал з веласіпеднага кола.
- Наперад, па акіяне восені да рэк з дажджу! - камандуе капітан марскі воўк, і драпежнікі, у асобе лісы і пугача ўжо зачараваны пабудаваным і ім самім хочацца кіраваць гэтым фантастычным караблём, збудаваным дзіваком-ваўком.
Узяўшы ў палон зайчыка, яны завалодваюць караблём і робяць творцу-ваўка сваім матросам. Але як ні пнуцца пугач і ліса, нічога асаблівага ўбачыць ня могуць і іх карабель стаіць на месцы.
Нарэшце кульмінацыя: марскі воўк ваюе зь лісой парасонікамі як шпагамі і... гіне. Гэта значыць чырвоны парасонік застравае ў яго пад пахай".
Блогерка піша, што ня плакала на "Аватары", а тут - заплакала, патрапіўшы ў "акіян грэцкага катарсісу". Настолькі пранізьліва прагучаў гэты спэктакль "менавіта тут, у Беларусі". Яна не патлумачыла, чаму "менавіта тут", але зь ёй неяк інтуітыўна згаджаесься. Прынамсі, я калісьці моцна адчуў, што "Марскі чалавек" - гэта "наша ўсё", архетыповы вобраз для Беларусі.
Разгорнута адказваючы на рэцэнзію ў сваім блогу, helisad згадвае, як аднойчы, у часы, калі савецкія грамадзяне выстройваліся ў даўжэзныя чэргі за ўсім "запаветным замежніцкім", у згадваным выпадку - паглядзець амэрыканскі фільм "Палёт навігатара", яго падманула ўласная бабуля. Стары ўжо чалавек, перажыла "вайну, сьмерць дачкі... і г.д.", для яе не было розьніцы паміж "Брадвэем і Ўрупінскам". Таму яна, паколькі ўзяць квіток на "запаветнае замежніцкае" было немагчыма, павяла хлопчыка на "Ашык-Керыб" Давіда Абашыдзе і Сяргея Параджанава, куды чарга была значна меншай.
"Вядома ж, цяпер, апыніся я ў 89-90 гадах на тыдзеньчык з дапамогай машыны часу, я б не задумваючыся паглядзеў менавіта Параджанава, але тады кошту рэчам яшчэ ня ведалі... Люта, шалёна я зьненавідзеў сваю бабулю і рыдаў як немаўля, зразумеўшы, што замест размаляванай пэпсыкольна-жуйкавай амэрыкі халодным зімовым вечарам я сузіраў маркотную, савецкую яшчэ грузію... Ня цешыла нічога - ані сонца на экране, ані Лермантаў, ані ўбогія (сапраўды ўбогія) спэцэфэкты".
А што цяпер, сёньня? Сучасны глябалізаваны чалавек зьядае з косткамі і Параджанава, і дзіцячыя спэктаклі, выкарыстоўваючы апошнія ў якасьці пікантнай заправы да стравы з амэрыканскіх баявікоў і японскіх мульцікаў:
"Тым ня менш - у пэпсыкольна-макдональдсаўскай шкале каштоўнасьцяў, апетых дыскаверы ды анімэ, Параджанаў займае далёка не галоўнае месца - спачатку ўсё-ткі супэрмаркет, білайн і амэрыканскія кіношкі, а ўжо пасьля, дзеля балаўства - Параджанаў.
Цалкам відавочна, што Ваўку разам з Зайчыкам надыдзе капец. Сьмецьцевы карабель плыве не ў акіян катарсісу, а насустрач цунамі з 3-D кінатэатраў, японскіх мульцікаў і дыскаверы, разаб'е яго ў трэскі аб найбліжэйшы аўтакрэдыт...
Зараз, бадай, карысна паглядзець для разнастайнасьці на ваўка, а то, глядзіш, і яго самне пад жалезнай пятой глябалізацыі... аднак ахоўваць яго, лямантаваць і заклікаць да дапамогі - напэўна, ня мае сэнсу".
А мне дык нічога, а быў чалавек...