Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Аватар”: вяртаньне ў віртуальны рай


Будзімір, аватарызаваны праз сайт <a href="http://avatar.mcdonalds.ru/morphingtool?mid=203526670" target="_blank">avatar.mcdonalds.ru</a>
Будзімір, аватарызаваны праз сайт <a href="http://avatar.mcdonalds.ru/morphingtool?mid=203526670" target="_blank">avatar.mcdonalds.ru</a>

Калі я&nbsp;разам з&nbsp;усім сьветам&nbsp;&mdash; дакладней, з&nbsp;той яго часткай, дзе ёсьць кінатэатры&nbsp;&mdash; глядзеў новы фільм Джэймса Кэмэрана &laquo;Аватар&raquo;, падчас прагляду ў&nbsp;мяне круцілася ў&nbsp;галаве першая фраза магчымай рэцэнзіі: &laquo;Каб &bdquo;Аватар&ldquo; зьнялі ў&nbsp;Расеі, яго абавязкова закляймілі&nbsp;б як&nbsp;&bdquo;русафобскі&ldquo;, шкодны і&nbsp;подлы...&raquo; Таму што &laquo;нашы&raquo; ў&nbsp;ім&nbsp;аказваюцца кепскімі, а&nbsp;&laquo;іхныя&raquo;&nbsp;&mdash; добрымі, хаця ўсім вядома, што павінна быць наадварот! Маё дапушчэньне няяўна прадугледжвала, быццам амэрыканскаму гледачу падобнае ўспрыманьне ня&nbsp;можа быць уласьціва, бо&nbsp;ён&nbsp;здольны спакойна прымаць крытыку ўласнай дзяржавы, не&nbsp;прыраўноўваючы яе&nbsp;да&nbsp;&laquo;ачарненьня&raquo; краіны. Я&nbsp;памыляўся. Адно з&nbsp;галоўных пытаньняў, якія абмяркоўваюцца ў&nbsp;амэрыканскіх СМІ, форумах і&nbsp;блогах пасьля выхаду &laquo;Аватару&raquo; на&nbsp;экраны: ці&nbsp;ня&nbsp;ёсьць ён&nbsp;антыамэрыканскім фільмам?


ПРАМАЯ ПАДТРЫМКА СУСЬВЕТНАГА ТЭРАРЫЗМУ. АВАТАР АКБАР!


Дзіва што! Як заўважыў віленскі блогер costya. «Здаецца, такога ў Галівудзе яшчэ не здымалі: Амэрыка прайграе, і галоўны герой, які ёй здрадзіў, — станоўчы. У адрозьненьне ад шматлікіх папярэдніх блакбастэраў, „Аватар“ заклікае амэрыканцаў адмовіцца ад мэсіянскай экспансіі і пачаць паважаць іншыя народы. Больш за тое, праводзіцца ідэя, што калі наваліцца ўсім кагалам, можна перамагчы супэртэхналягічную Амэрыку. Прамая падтрымка сусьветнага тэрарызму. Аватар акбар! Сярэдні амэрыканец ад такой ідэі ўвойдзе ў ступар і пачне тэлефанаваць у паліцыю... А чаго вартая сцэна, дзе амэрыканцы, палонныя і зрынутыя, панура брыдуць да свайго карабля — прыбірацца дадому, і пры гэтым нават не абяцаюць тым байструкам вярнуцца!»




Ініцыяваная яшчэ ў першай палове сьнежня мінулага году, дасюль актыўна працягваецца дыскусія на пляцоўцы «PoliticalForum.com» акурат пад такім загалоўкам: «Is Avatar an Anti-American Movie?» Распачынальнік размовы, нехта Blackrook, піша, што антыамэрыканскія фільмы, мажліва, даспадобы лібэральным крытыкам, але амэрыканскаму народу, ад імя якога ён прамаўляе, яны не па душы:


«Джэймс Кэмэран крытыкуе амэрыканскую палітыку ў Вайне з Тэрорам... Але аналёгія неадэкватная, таму што Наўі (аўтахтонны народ плянэты Пандора, на які нападаюць амэрыканскія войскі, каб змусіць яго пакінуць тэрыторыю, на якой знаходзіцца радовішча карыснага і вельмі дарагога выкапня ўнабтаніюму — заўв. Будзімір) не зьдзяйсьнялі тэрарыстычных атакаў на зямныя гарады. У фільме злачынная мэгакарпарацыя зямлянаў (амэрыканцы) рабуе чужую плянэту, каб здабыць энэргетычныя рэсурсы. Гэта павінна спадабацца лібэралам, якія мяркуюць, што вайна ў Іраку распачалася з-за нафты, але большасьць амэрыканцаў гэтаму ня вераць.


Калі б я быў рэжысэрам, я б троху зьмяніў сцэнар, зрабіўшы яго больш прыемным для амэрыканскай аўдыторыі. „Кепскімі хлопцамі“ былі б французы, немцы або расейцы, і яны падтрымлівалі б мясцовага дыктатара, які зьдзекуецца з свайго народу. Амэрыканцаў я б паказаў вызвольнікамі Наўі ад французаў, немцаў або расейцаў... Амэрыканцы хочуць бачыць такое кіно, дзе іхныя салдаты паказваюцца героямі, а не агіднымі пешкамі ў руках злачынных мэгакарпарацыяў».


Менавіта так я сабе гэта і ўяўляў, думаючы пра верагодную рэакцыю ўра-патрыятычнай расейскай аўдыторыі на падобны фільм. Ён, хутчэй за ўсё, быў бы прачытаны як крытыка чачэнскай вайны. Зрэшты, у такім ключы, праводзячы паралель з чачэнскай вайной, расейскія блогеры і абмяркоўвалі «Аватар». Галоўнага героя Джэйка Салі, амэрыканца, які ўзяў бок Наўі, шмат хто абвясьціў перабежчыкам і здраднікам. «Уяві сабе, што гэты тып пайшоў да чачэнцаў і дапамагаў ім рэзаць нашых. Прычым сам асабіста адрэзаў галовы некаторым сваім былым таварышам!» (з размовы ў блогу mcreal). Паспагадаўшы зямлянам, «якія гібеюць на сваёй плянэце па віне прагных карпарацыяў», і пандорцам, «якія вымушаныя процістаяць войску, што абслугоўвае інтарэсы адной зь іх», Сяргей Балахонаў таксама паставіў пад сумнеў «слушнасьць быцьцёвага выбару галоўнага героя». Праўда, без дадатковых тлумачэньняў.


Што тычыцца згаданага вышэй амэрыканскага форуму, там знайшлося дастаткова ўдзельнікаў, катэгарычна нязгодных з ініцыятарам дыскусіі:


«Чаму гэта крытыка Амэрыкі раптам абвяшчаецца антыамэрыканскай? Я люблю маю краіну, але часта крытыкую дзеяньні ўраду — таму што жадаю, каб мая краіна была лепшаю. Няўжо вы сапраўды хочаце, каб усе рэжысэры былі сьляпымі прыхільнікамі ўладаў ды малявалі б іх як бездакорных герояў, якія ніколі не памыляюцца? Па-мойму, гэта вельмі падобна да нацыстоўскай і савецкай кінаіндустрыі... Магчымасьць не згаджацца з уласнымі кіраўнікамі і свабодна іх крытыкаваць — адзін з краевугольных камянёў нашай нацыі!» (africanhope)


«Як на мой погляд, калі вы ня можаце або не жадаеце крытыкаваць уласны ўрад, яго мінулыя або сёньняшнія дзеяньні, гэта ў значна большай ступені бліжэй да антыамэрыканізму». (Agent Zero)

АДСЮЛЬ МАРАЛЬ


«Мараль фільму — не давайце сабой маніпуляваць пры дапамозе ідэалёгіі патрыятызму і не рабіцеся інструмэнтам разбурэньня, якія б сьцягі вам у рукі ні совалі» — гэта ўжо словы беларускага блогера atmoravi.


Апошняе працытаванае выказваньне — досыць нетыповае для беларускай блогасфэры. Пад гэтым вуглом фільм амаль не разглядаўся. Пытаньне «быць або ня быць патрыётам» выявілася ня вельмі актуальным для беларускіх блогераў. Ці то з прычыны нізкай папулярнасьці наяўнай дзяржавы сярод іх, ці то проста таму, што беларуская дзяржава «нічога такога» ад сваіх грамадзянаў не патрабуе. Хіба што (марна) просіць купляць беларускае.

PANEM ET CIRCENSES


Таму беларускія блогеры збольшага глядзелі «Аватар» як прыгожае відовішча і ацэньвалі адпаведным чынам, ня надта пераймаючыся палітычнымі ды іншымі рэфлексіямі. Той-сёй, як, прыкладам, блогер bernoff, увогуле ня ўбачылі тут нічога, апроч відовішча: «Аватар» — гэта адзін суцэльны спэцэфэкт, за якім нічога не стаіць«. Трэба сказаць, большасьці відовішча вельмі спадабалася:


«Увесь фільм па целе бегалі мурашкі. Калі яны бягуць, значыць, глядзіш або слухаеш нешта асаблівае. Пасьля фільму мяне перла так, што ад эмоцыяў рот не затыкаўся. Добра, што ня браў піва ў кінатэатар. Пабег бы пасьля ў прыбіральню і прапусьціў моманты». (barsix)


Дарэчы, наконт моды браць з сабой у кіно чаго-небудзь выпіць і пажаваць. Будзьце асьцярожныя! Гэта ня ўсім даспадобы і можа справакаваць канфліктную сытуацыю. Зьвярніце ўвагу, як люта абураецца блогер gikaki. «...Большасьць сьвінарылых, якія прыйшлі ў кінатэатар сьлюнява зжэрці пакет-другі чыпсаў, выклікалі ў мяне пачуцьці пякучых, як шчолак, агіды і нянавісьці. Аральная фіксацыя ў іх..! Я тады зразумеў, што хачу кожнаму, хто ўваходзіць у залю з пакетам, адстрэліць галаву і скарміць іх такім самым, як і яны... Я зразумеў, што гэта МОЙ фільм. І я не хачу дзяліцца ім з тымі, хто ідзе ў кіно толькі для таго, каб напхаць пуза». Хіба вам ня робіцца ніякавата ад таго, што побач з вамі, калі вы храбусьціце і сёрбаеце, нехта можа адчуваць ТАКОЕ? Блогерка ekenoka у сувязі з гэтым лічыць, што «варта зрабіць асобныя залі, дзе есьці можна і дзе найстражэй забаронена».


Але ж вернемся да захопленых рэакцыяў:


«У мяне быў візуальны аргазм». (potapko)


«Хачу ікрана» (лятучы яшчар, якога выкарыстоўвалі ў якасьці сродку перасоўваньня наўі-паляўнічыя — заўв. Будзімір)! (vi_zet)


«Крута! Хачу сёньня прысьніць Пандору». (anel_a)

...ТАМ, ГДЕ ЗАРОСЛИ ГУЩЕ


«Віды Пандоры! Прыгожа, паветрана, лёгка... Хочацца глядзець не адрываючыся і нейкім чынам патрапіць у гэты маляўнічы сьвет! Няхай гэта казка, але ж як не хапае такіх казак у нашым жыцьці». (veruskin)


Што да Пандоры, пасьля яе сапраўды любы «цуд некранутай прыроды» будзе выглядаць усяго толькі бляклай копіяй:


«Узрушальная флёра Пандоры зацягвае з галавой, нібы чорная дзюра! Так і хочацца застацца там! Чароўныя жывёліны, незвычайныя расьліны! Усё злучана паміж сабой як адзінае цэлае! Усё жывое і ўсё дыхае... Дыхае жыцьцём. Нават болей — усё разумна! Пасьля ўсяго гэтага наш рэальны сьвет здаецца шэрым і сумным...» (liliya_lily)


ЭКАЛЯГІЧНАЕ


У некаторых гэта выклікала сумныя экалягічныя развагі:


«Зьявілася жудаснае адчуваньне тупіковасьці абранага чалавецтвам шляху разьвіцьця. Мы насамрэч забіваем нашую плянэту, і да 2154-га году, у якім адбываецца дзеяньне фільму, заб’ем яе канчаткова. Не дапамогуць ані Кіёцкі, ані Капэнгагенскі пратаколы... Не дапамогуць таму, што кожны з нас яшчэ не зразумеў у сваім сэрцы, ШТО мы робім, штодня выкідваючы тоны сьмецьця, забруджваючы ваду, паветра, глебу... Ствараючы біялягічную зброю, вірусы... Умешваючыся ў гены.


Навошта нам гэты неймаверны прагрэс? Навошта вырабляць СТОЛЬКІ, колькі мы ўжо цяпер ня можам спажываць — выкарыстоўваючы рэсурсы плянэты, якую мы даўным-даўно развучыліся чуць...» (alice_fw)


Іншыя прыйшлі да радыкальна-экалягічных высноваў:


«Забіць усіх салдафонаў і засадзіць плянэту лесам! Салдафонаў, якія раскаяліся, можна пакінуць». (psychedelka)


ЭРАТЫЧНАЕ


Не засталася па-за ўвагай і любоўная лінія — гісторыя каханьня Джэйка Салі, зямляніна ў целе пандорца, і мясцовай жанчыны Нэйціры:


«Схадзіла з сынам на „Аватару“. Цяпер ведаю, што Джульета можа быць сіняй, чатырохмэтровай, з круглымі жоўтымі вачыма і хвастом, а Рамэа ў натуральным выглядзе ёй па пояс і бязногі. І гэта ня шкодзіць сапраўднаму каханьню». (rubleuskaja)


«Рэжысэр Джэймс Кэмэран (ён — геній) паказаў вялікую дзею, пра якую мараць многія людзі: сустрэць каханага чалавека пасьля сьмерці, па сутнасьці, і быць далей заўсёды разам» (tanya_valevich)


«Зьдзівіла адна рэч. У мясцовых жыхароў у касічках шчупальцы — для сувязі з рознай там зьверыной. Дык вось, калі нашыя галубчыкі адасобіліся для любошчаў, чаму не паказалі, як яны сплятаюцца касічкамі і паміж імі ўзьнікае СУВЯЗЬ? Гэта проста недапушчальна. Сама наяўнасьць гэтай штукі прадугледжвае выкарыстаньне яе першым чынам для блізкасьці». (elkipalken)

ФІЛЯЗОФСКАЕ


Блогер dzenik_kravina, паглядзеўшы фільм, зрабіў філязофскае абагульненьне:


«У кожнага з нас ёсьць свой Аватар, свой сьвет, які нечым адрозьніваецца ад існуючай рэальнасьці і ў які мы часам пераносімся і жывем там зусім іншым жыцьцём. Пакуль не прачнемся. Жыцьцё, прынамсі, дае нам такую магчымасьць. І ў кожнага з нас ёсьць свая Пандора, сваё дрэва жыцьця... У кожнага з нас ёсьць свой Аватар...»

ГЕЙМЭРСКАЕ


Анягож! Асабліва ў тых, хто вядзе падвойнае жыцьцё — у «віртуальнай прасторы» і па-за яе межамі. З гэтага боку падышла да інтэрпрэтацыі фільму dolka777, напісаўшы, што ён «увасабляе гранічную мару геймэра»:

«Геймэр, які праводзіць доўгія гады за маніторам, робіцца інвалідам. То бок усё, што можа атрафавацца ў арганізьме ад шматгадзінных напружаных бязьдзеяньняў і бразганьня джойстыкам, атрафуецца. Ягоны сьвет — у віртуальных гульнях, і многія зь іх даўна перасялілся б у які-небудзь адзін з шматлікіх сьветаў шматлікіх гульняў.

Што і прапануе зрабіць Джэймс Кэмэран, даючы ім надзею на перасяленьне празь біятэхналёгію перасадкі галаўнога мозгу ў казачнага героя. Казачнаму герою ня трэба трэніраваць мускулатуру, ён моцны ад нараджэньня. Некалькі ўрокаў каратэ, і ён ужо найлепшы ваяр племя, да таго ж заручаны з найлепшай дзяўчынай народанасельніцтва плянэты гульняў.

ЧОРНЫ БУМЕР, ЧОРНЫ БУМЕР...

Выбіраючы транспарт, герой паспрабаваў крутасьць усіх магчымых варыянтаў: мясцовы конь, мясцовая птушка, мясцовы цмок».

Тут трэба сказаць, што Джэйк Салі — дзеля таго, каб вярнуць давер і выклікаць пашану да сябе ў народа наўі — асядлоўвае адмысловага цмока, якога дасюль змог аднойчы засядлаць толькі пра-прадзед Нэйціры. У параўнаньні з даступнымі для шырокіх народных масаў лятучымі яшчарамі — ікранамі гэты цмок выглядае прыкладна як «Фэрары» ў параўнаньні з прадукцыяй расейскага аўтапраму. І калі Джэйк эфэктна пад’яжджае на ім да наўі, яны, што яшчэ нядаўна пагарджалі ім, вохкаюць і расступаюцца, прапускаючы яго да Нэйціры. І яна, якая яшчэ нядаўна лічыла яго здраднікам, раптам пачынае глядзець на Джэйка закаханымі вачыма. З гэтай нагоды sonnendorf заўважае:

«Расьсьмяшыў шаблён — калі ў мэна крутая тачка, значыць і дзеўка — яго, і пацаны на раёне паважаюць!»

УТАПІЧНАЕ

А dolka777 далей разгортвае сваю думку:

«Перасяляецца геймэр у віртуальны сьвет у сьне, бачыць там чароўныя пэйзажы, танчыць зь сінімі чалавечкамі. Пасьля вяртаючыся ў набрыдлую рэчаіснасьць з гідкімі чалавечымі тварамі.

Пакуль яму, урэшце рэшт, не ўдаецца перасяліцца туды канчаткова, забіўшы сваё чалавечае цела. Вось у гэтым — сэнс, а ня ў нейкіх там разборках паміж гарманічнымі і добрымі іншаплянэтнымі істотамі і злымі людзьмі. Гэта ўсё блакбастэр, этапы і стадыі гульні ў вайнушку: не зьвяртайце ўвагі.

Галоўная думка, галоўнае выйсьце і галоўны паратунак — прэч ад сабе падобных — да мілых і добрых і казачных. Такая вось клясычная ўтопія. Але там, у нетрах утопіі, заўжды высьпявае антыўтопія...»


АНТЫ-УТАПІЧНАЕ

Гэтую антыўтопію — у выглядзе сцэнара другой часткі «Аватару» — ужо напісаў Кастусь Чарнец. З экалягічна чыстага парадызу Пандора ператварылся ў нармальны індустрыяльны кашмар:

«Усё тут жахліва-агромніста-ляскаюча тэхнагеннае. І нясецца ў сутаргавым транспартным рытме. Будынкі ва ўмовах мясцовай паніжанай гравітацыі па-вар’яцку хмарачосныя, галінастыя, мудрагелістыя. Больш гламурныя лунаюць у паветры — памятаеце лятучыя скалы? Падобна, што замест іх.

Унізе скучаныя прамысловыя раёны, патанаючыя ў манструозных тэрыконах, сярод якіх скрабуць грунт здабытлівыя машыны; гета, поўныя беспрацоўнага і крымінальнага выгляду дылдаў; шасэ, забітыя аўтамабільнымі коркамі. Асноўны колер — шэры мэталік з рэжучымі ўкрапваньнямі кіслотных адценьняў. У спалучэньні з бразгатам транспартных сродкаў, ліфтаў, эскалятараў і плёскатам натоўпаў дзейнічае як ірвотнае. У паветры носіцца пыл, сьмецьце. На звалках птэрадактылі дзяруцца з-за адкідаў. Куды ні зірні: цесната і крыўда.

Разбрузлыя, тлустыя, недарэчна апранутыя тубыльцы бесьперастанку жуюць нейкае падабенства гамбургераў, купляюць беспамерныя торбы барахла (зграбаюць у свае спажывецкія кошыкі нават ня гледзячы — што пад руку трапіцца), лузэры шыраюцца гудучай электраразраднай штуковінай прама ў свае адчувальныя касічкі, слухаюць зямлянскую музыку і гавораць па-ангельску з дурным акцэнтам. Зрэдку ўкручваючы мясцовыя слоўцы: выклічнікі і лаянку. У натоўпе часьцяць зямляне, дзелавітыя, як мурашкі сярод тоўстых лічынак, ці, наадварот, па-турыстычнаму-бязьдзейныя з наварочанымі галяграфічнымі фотакамэрамі. Пажылая пара нюхае здымак (ён пахі таксама захоўвае) і моршчыцца. Але — «Нічога, Джош апрацуе ў пахарэдактары». Фатаграфаваць ім засталося толькі песьні-скокі фальклёрных ансамбляў ды архітэктурныя гмахі...

Далей Кэмэран дэманструе апошні зьдзек са свайго папярэдняга фільму: хмарачос, куды сьпяшаецца на працу галоўны герой, вышынёй і дызайнам паўтарае радавое дрэва, якое катастрафічна загінула ў першай частцы. Ну, і каб сумневаў не заставалася — назва кампаніі: «Hometree». Здагадваецеся, чым яна займаецца? Правільна — манапольнай распрацоўкай і продажам унабтаніюму«.

Утропы за Марціновічам я б назваў гэтую антыўтопію reality-антыўтопіяй. Бо райскіх куточкаў накшталт кэмэранаўскай Пандоры насамрэч амаль не засталося на зямлі. Вельмі трапна dolka777 параўнала яе зь «віртуальнай прасторай». Можна сказаць, што гэта ў пэўным сэнсе падман — як жыхароў першага сьвету, якіх завабліваюць на «пандоры» у якасьці турыстаў, гэтак і жыхароў сьвету трэцяга, якія жывуць на «пандорах», значна больш падобных да той карціны, якую малюе Чарнец.

ДЗІЎНЫ НОВЫ СЬВЕТ

Пра тое, якім чынам пандорцы дакаціліся да такога жыцьця, вы можаце прачытаць у Чарняцовым блогу. Ня хочацца раскрываць шматузроўневую інтрыгу. Пакуль тое, працягнем чытаць, што напісала dolka777, разважаючы пра першую частку «Аватара»:

«Чалавечыя тэхналёгіі стварылі сьвет, дзе можа пражываць чалавечая душа — інтэрнэт. Узаемнічаць з сабе падобнымі душамі, пісаць вершы, закохвацца, сябраваць і варагаваць. Весьці духоўнае жыцьцё ў самым нізкім сэнсе гэтага слова. Духоўнае жыцьцё ў карнавальным аватары. Цудоўна, прыўкрасна — амаль як на плянэце Пандора.

І ратам мне прыйшло ў галаву — гэта ж і ёсьць фашыстоўская ідэя. Ідэя пераўтварэньня сябе, нямоглага, з адвіслым жывоцікам і кепскім зрокам, у больш моцную, гнуткую, дасканалую істоту.

Такімі былі арыі ў нямецкіх фашыстоўцаў і балтакрэвы ў беларускіх. Вогнепаклоньнікі, паганцы, сатаністы. Этнічныя старажытныя плямёны, па культурных сьлядах якіх мы накіроўваемся, імі захапляемся, іх багоў ушаноўваем.

Да д’ябла тэхніку і цывілізацыю! Магічныя рытуалы, жыцьцё ў гармоніі з прыродай, сіла лука і мускулаў.

Такія памкненьні ў адваротны бок, назад да племені, даўно апісаныя як сындром рамантычнага фашызму, які троху адрозьніваецца ад нацыянал-сацыялізму, але ўпадае ў адно мора. І гэтае мора — мора сьлёзаў».

З блогеркай згадзіўся Андрэй Расінскі. «Так яно і ёсьць. Фашысты ўвесь час крычалі пра „біялёгію“. Да таго ж — паказальны прыклад — Гёбэльс патрабаваў, каб фашысцкія рэжысэры зрабілі нешта кшталту „Нанука з Поўначы“ Флаэрці, а гэта дакумэнтальная стужка, дзе эскімос змагаецца з прыродай — і сам яе частка. Дарэчы, калі Лені Рыфэншталь выпусьціла звычайны (але па-мастацку зроблены) альбом пра афрыканскія плямёны, яе адразу абвінавацілі ў фашыстоўскай эстэтыцы. Крытыкі, вядома, перабольшвалі — але, у нейкай ступені, рацыю мелі».

РАСІСЦКІ ПАДТЭКСТ

Варта згадаць, што ў амэрыканскім інтэлектуальным асяродку абмяркоўвалася пытаньне «расісцкага» падтэксту фільму. Прыкладам, Аналі Нуіц (Analee Newitz), рэдактарка блогу io9, прысьвечанага навуковай фантастыцы, апублікавала эсэй пад назвай «Калі ўжо белыя людзі перастануць здымаць такія фільмы, як Аватар?». Паводле сюжэту, менавіта галоўны герой — белы амэрыканец Джэйк Салі, які пераўвасабляецца ў абарыгена (сьпярша — толькі часова, пасьля назусім) урэшце рэшт прыносіць паратунак народу наўі. «У гэтым палягае сутнасьць фэнтэзі на тэму „віны белага чалавека“. Тут ня проста жаданьне пазбавіцца ад злачынстваў, якія зьдзейсьнілі белыя людзі супраць каляровых; тут ня проста жаданьне заняць у бітве маральна справядлівы бок. Тут жаданьне ўзначаліць вызваленьне каляровых людзей знутры... „Аватар“ — гэта фэнтэзі пра тое, як перастаць быць белым, адмовіўшыся ад спарахнелага белага цела — мяшка з касьцьмі, каб далучыцца да сініх людзей, але ня страціць пры гэтым белых прывілеяў. Калі белыя фантазуюць пра тое, каб далучыцца да іншай расы, гэта ўсяго толькі вясёлая прыгода, калі яны могуць лёгка пазьбягаць фундамэнтальнага досьведу прыгнечаньня, якое перажывае пэўная расавая група. Які палягае ў тым, што ты прыгнечаны і ніхто табе не дазволіць узначаліць хоць што-небудзь... У „Аватары“ белыя ўсё яшчэ застаюцца кіраўнікамі тубыльцаў, хіба што ў мякчэйшай манеры».

Зрэшты, гэтая праблема не актуальная для беларусаў. Бо, нягледзячы на бясспрэчную прыналежнасьць да белай расы, яны, па-першае, нікога не прыгняталі, а па-другое, у значна меншай ступені страцілі сувязь з традыцыйным (сялянскім) сьветам, па якім сумуе адарваны ад «каранёў» белы чалавек постіндустрыяльнага мэгаполісу. Аднак некаторых беларусаў гэтая настальгія па «традыцыйнаму грамадзтву» — рода-племянному, паганскаму, не кранутаму мадэрнізацыяй — усё-ткі не абмінула.

...УВАТКНУЎ ХВОСТ У ЛІАНУ

Якраз ідэалізацыя падобнага грамадзтва, якую ён убачыў у «Аватары», прыйшлася не даспадобы блогеру Ghworin:

(Падгледжана ў kisa_anuta)

«Пандорцы — увасабленьне мары кожнага, каго закалябалі мярзотныя перагібы цывілізацыі, кшталту хмараў дыму, сталёвых скрынак-хмарачосаў і бясконцых правадоў. Яднаньне з Прыродай! А-а, як гэта цудоўна, у нас ёсьць нашыя Хвасты і Дрэвы, і, як загадваюць Дрэвы, мы жывем у Яднаньні з Прыродай!

Войска мурашак. Хто робіць ідэалам войска мурашак? Не, ну праўда. Няхай больш разьвітую форму мурашак. Пладзіцеся і размнажайцеся, шануйце старэйшых, забівайце ня болей, чым трэба для пражытку, утыкайце Хвост, абараняйце мурашнік. Яны разумныя толькі ў той ступені, што валодаюць членападзельнай мовай. Але, калі задумацца на сэкунду — завошта яна ім патрэбная, гэтая мова? Для ўсяго, што загадваюць ім Дрэвы, дастаткова Хваста, палкі, і нават набедраная павязка лішняя...

Мары, што ня трэба думаць. Уваткнуў хвост у ліяну і пампуй сабе праўду азадкам. Мы ня можам даказаць сабе Бога, дык бярэм і прыдумляем цэлы сьвет, дзе ён — біялягічны факт, дзе ён — калектыўны розум усіх нашых продкаў, вялікая Традыцыя, заключаная ў дрэве».

ЧУЖЫЯ ТУТ НЯ ХОДЗЯЦЬ


Нялішне адзначыць, што, апроч згаданых правілаў, якімі кіруецца традыцыйнае грамадзтва народу наўі, ёсьць яшчэ адно — яны не вітаюць «чужынцаў». І, як слушна заўважае alex_semak, «не выбачаюцца перад забітымі людзьмі» (выбачаючыся перад забітымі жывёламі). А навошта выбачацца? Яны ж прыхадні, набрыдзь. І фільм вольна або нявольна прымушае нас паверыць у тое, што гэта цалкам слушна — без шкадаваньня забіваць чужынцаў на сваёй зямлі, бо яна нібыта па праву належыць яе гаспадарам. Але ці ня бздурная гэта ідэя (асабліва ў сучасным глябальным сьвеце) — што пэўная тэрыторыя ўвогуле можа належаць толькі камусьці аднаму, паводле прынцыпу крыві?

Блогер iten піша, што фільм «скіраваны супраць капіталізму як філязофіі разьліку ва ўсім („сацыялістычная“ дзяржава — гэта такі самы разьлік), супраць войнаў, таму што яны спароджаныя няроўнасьцю (у гэтым сэнс супрацьстаяньня абарыгенаў і зямлянаў)».

Яно нібыта і так. Але што прапануе «Аватар» у якасьці альтэрнатывы? Цалкам віртуальны, неіснуючы сьвет фантазіяў. Ды яшчэ з рода-племянной, паганскай маральлю, архаічным прынцыпам «Blut und Boden» («Глебы і крыві»), дзяленьнем на «нашых» і «нянашых», герархіяй і павагай да моцы. Датычна апошняга — нагадаю, што Джэйк Салі быў прыняты племем, якое да таго не прымала вучоных, менавіта таму, што ён «марпех з клану салдафонаў», а пазьней скарылася перад ім, таму што ён прыехаў на «крутой тачцы».


НАІЎНАЕ СПАЖЫВАНЬНЕ


Сьвет прыняў «Аватар» на ўра. Якія высновы можна з гэтага зрабіць? Мажліва, усяго толькі тыя, што сьвет «зьдзяцінеў». Прынамсі, блогер dobroelekarstvo настойвае на тым, што «Аватар» — проста «харошы дзіцячы фільм».


Выбар за вамі: радасна ісьці шырокім шляхам у выдуманы сьвет Пандоры, натур-гламурны і па-дзіцячы наіўны знутры, які знаходзіцца па-за межамі дабра і зла, але страшнаваты зь сярэдзіны, або...

ХМАРАЧОС, ХМАРАЧОС, А Я МАЛЕНЬКІ ТАКІ

Блогер gorliwy_litwin баіцца, што ніякага «або» ўжо не засталося:

«Бюджэт „Аватара“ ўражвае ўяўленьне: паміж 200 і 500 млн. даляраў. Фільм выходзіць у нейкім неймаверным ліку копіяў, яго напэўна паглядзіць рэкордная колькасьць гледачоў. Вядомая фраза „Хмарачосы, хмарачосы, а я дробненькі такі“ мала што перадае. На тле такога яднаньня чалавецтва вакол прынцыпова недаступных мне тэхналёгіяў хочацца скурчыцца і забіцца ў нейкую шчыліну. І там паціху скавытаць, як сьмяротна паранены зьвер, безнадзейна. Усе гэтыя нашы правінцыйныя рэаліі — усё адпачывае.

Я, вядома, ня буду яго глядзець, як не глядзеў „Тытанік“ і практычна ніякі з Аскараносцаў апошніх 20–25 гадоў, але зьмесьціва маёй адсталай галавы праз 10 гадоў ужо нікому не растлумачыш.

Празь 10 гадоў, напэўна, здымуць фільм зь бюджэтам 5–10 млрд., які паглядзіць 80% насельніцтва Зямлі, і паступова такія фільмы, зь іх вобразнымі сыстэмамі, аб’яднаюць усё гэта насельніцтва ў адзіны мысьлячы Акіян, апісаны ў „Салярысе“. Добра, што я ня буду адной зь яго клетак. Дрэнна, што мая памяць памрэ разам са мной».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG