Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Хведарук: “Сытуацыя пагаршаецца”


Зьміцер Хведарук
Зьміцер Хведарук

Салдат-апазыцыянэр Зьміцер Хведарук паведаміў, што цягам апошняга тыдня пагоршылася сытуацыя ў салдацкім асяродку. Франак Вячорка цягам месяцу знаходзіцца ў вайсковай частцы з інфэкцыйным захворваньнем. Тым часам газэта «Во славу Родіны» пад загалоўкам «Хворыя нашчадкі Зянона» абвінавачвае недзяржаўныя выданьні ў распаўсюджваньні інфармацыі аб сапраўднай сытуацыі ў войску.

Зьміцер Хведарук паведаміў «Свабодзе» праз таксафон, што ў частцы зьмянілася камандаваньне і ён пачуў ад свайго камандзіра яго стаўленьне да салдат-апазыцыянэраў:

«Сказаў, што нікуды цябе не адпусьцім на Раство, бо вера гэта „фігня“, а Лукашэнка да вас апазыцыянэраў яшчэ добра ставіцца. Я б вам нават вады піць не даваў бы. Камандзір роты пагражае пакараць мяне нібыта за тое, што нікога ня слухаю і не падпарадкоўваюся. Сказаў, што калі выявіцца такі факт, то пакараюць дысцыплінарна. Гэта на практыцы азначае крымінальнае разьбіральніцтва».

Карэспандэнтка: «На цябе скардзяцца, што ты не выконваеш загады?»

Хведарук: «Так. Скардзяцца на гэта. Да таго ж яшчэ ў звальненьні мяне ня хоча адпускаць. Я запытваў чаму, а ён сказаў, што ў роце нестабільная сытуацыя, таму не адпусьціць. Паводле ягоных словаў, „бардак“. Гэта тычыцца адносінаў да яго і паміж салдатамі».

Зьміцер казаў, што часам і ўсю роту пазбаўлялі звальненьня, але за апошні месяц толькі яго.

Зьміцер распавёў пра сваю службу:

«Цяпер зіма, таму я ў асноўным сьнег расчышчаю. Яшчэ пыл у машынах праціраем».

Зьміцер Хведарук паведаміў, што можа размаўляць па-беларуску ў войску без праблемаў:

Праблемаў з выкарыстаньнем беларускай мовы ў частцы няма, за выключэньнем некаторых салдат, якія называюць мяне фашыстам.
«Праблемаў з выкарыстаньнем беларускай мовы ў частцы няма, за выключэньнем некаторых салдат, якія называюць мяне фашыстам за тое, што я размаўляю па-беларуску, не ўжываю мат, а за нецэнзурную лаянку раблю ім час ад часу заўвагі».

Зьміцер пры гэтым адзначыў як станоўчы момант тое, што яго ў нядзелю ня ставяць у нарады і даюць магчымасьць чытаць Эвангельле і маліцца. Зьміцер прыгадаў, што Франак Вячорка захварэў на каросту і цяпер мае ўскладненьне — дэрматыт:

«У нашым батальёне каросты не было, але было ў суседнім. Гэта няпраўда, што ў войску няма такой хваробы».

Тым часам Франак Вячорка з інфэкцыйным захворваньнем дагэтуль не шпіталізаваны. Ягоны бацька Вінцук Вячорка абураны дзеяньнямі ўладаў. Ён спасылаецца на заканадаўчыя нормы, згодна зь якімі ніхто ня можа адмяніць рашэньне мэдыкаў аб шпіталізацыі. Ад 9 студзеня хлопец знаходзіцца ў частцы.

«Не зважаючы на гэтую рэальнасьць, у частку прыяжджаюць прапагандысты з тэлебачаньня, якія распытваюць як так Франак „косіць“ ад службы. Іншыя прапагандысты пішуць у газэце „Во славу Родіны“ пра ўяўныя хваробы. Інакш як цынізмам, блаславёным дзяржавай, назваць гэта не магу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG