Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: пакуль — без прыкметаў лібэралізацыі


Сёньня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адбываецца фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Паводле заканадаўства, упершыню траціну колькаснага складу гэтых камісій павінны складаць прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх арганізацый.

Пра першыя вынікі гэтага пачатковага этапу выбарчай кампаніі даведваліся ўласныя карэспандэнты «Свабоды».

МЕНШЧЫНА


У Барысаве вылучэнцаў ад апазыцыі нават не папярэдзілі пра час правядзеньня сумеснага паседжаньня гарсавету і выканкаму


Сёньня сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Барысава Міхаіл Васільеў заявіў «Свабодзе», што чыноўнікі Барысаўскага гарвыканкаму ігнаруюць просьбы і прапановы кандыдатаў, вылучаных у склад тэрытарыяльных камісій.

«Я знарок зьвяртаўся да чыноўніка гарвыканкаму Паўла Жука. Прасіў яго папярэдзіць загадзя, калі будзе паседжаньне па фармаваньні камісіі. Пакінуў дакладны адрас і тэлефон. Аднак зараз высьвятляецца, што маю просьбу праігнаравалі. Як кандыдата ў склад камісіі не папярэдзілі. На паседжаньне я ня трапіў. І, на маю думку, гэта першы адмоўны знак, калі прадстаўніка не ад улады пабаяліся ўключаць нават у камісію, якая нічога не вырашае».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У абласную тэрытарыяльную камісію ўключаны адзін апазыцыянэр


Раман Юргель
У Горадні сёньня таксама не абышлося без канфлікту. У абласным выканаўчым камітэце адмовіліся прызнаць паўнамоцтвы назіральніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Рамана Юргеля. Вось што ён паведаміў «Свабодзе»:

«Намесьнік кіраўніка ўправы адміністрацыйна-кадравай працы Гарадзенскага аблвыканкаму Сяргей Хацук сказаў, што трэба спачатку зарэгістраваць накіраваньне, і яго разгледзяць пра два ці тры дні. Калі ж я запярэчыў і папрасіў дазволу прысутнічаць на цяперашнім паседжаньні камісіі, то чыноўнік накіраваў мяне да выканаўцы абавязкаў старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Івана Жука. Да яго мяне не дапусьцілі. У прыёмнай зьявіўся кіраўнік спраў аблвыканкаму Мікалай Прысада і заявіў, што я ня буду дапушчаны на паседжаньне па фармаваньні тэрытарыяльнай камісіі».

У склад абласной тэрытарыяльнай камісіі ўключаны сябра АГП Віктар Какарэка.

Гарадзенскія апазыцыянэры прапаноўвалі 10 кандыдатур — трэць ад усіх прапанаваных. Яны вылучаліся ад палітычных партый і зборам подпісаў.

У складзе камісіі — прадстаўнікі аграрнай партыі, БРСМ, «Белай Русі», афіцыйных прафсаюзаў і жаночай партыі.


Юры Істомін
На паседжаньне тэрытарыяльнай камісіі ў Гарадзенскі аблвыканкам былі запрошаныя кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін і прадстаўнік БСДГ Віктар Сазонаў.

Пытаюся ў іх — хто ўвайшоў у склад абласной тэрытарыяльнай камісіі?

Істомін: «Прадстаўнікі Беларускай аграрнай партыі, БРСМ, „Белай Русі“, чатыры чалавекі ад прафсаюзаў і жаночай партыі».

Віктар Сазонаў зазначыў, што, нягледзячы на зьмену ўлады ў Гарадзенскім аблвыканкаме (як вядома, днямі падаў у адстаўку старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка), новае кіраўніцтва прынцыповых зьменаў ня ўносіць.

«Працягваецца палітыка, якая й была»


Віктар Сазонаў
Сазонаў: «Я абсалютна перакананы, што замена кіраўніка ніяк не паўзьдзейнічае, бо сыстэма ўлады сфармаваная, жорсткая і залежыць толькі ад аднаго гаспадара. Працягвацца будзе такая палітыка, якая і была».

І Віктар Сазонаў, і Юры Істомін адзначаюць, што паседжаньне, на якім праводзілася фармаваньне абласной тэрытарыяльнай камісіі, адбывалася ў традыцыях савецкіх часоў.

Істомін: «Прапановы ўносіліся ад аблвыканкаму, кандыдатуры не абмяркоўваліся. Ніхто не ўставаў, невядома, што гэта за чалавек, якія яго якасьці. Відаць было, што ўсё падрыхтавана заранёў. Прагаласавалі аднагалосна за прапанаваны сьпіс».

Заўтра адбудуцца сходы па фармаваньні Гарадзенскай гарадзкой тэрытарыяльнай камісіі, а таксама раённых тэрытарыяльных камісій, у склад якіх прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі таксама вылучалі сваіх прадстаўнікоў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Чыноўнікі адмаўляюць кандыдатам з прынцыповымі перакананьнямі


У складзе Магілёўскай абласной выбарчай камісіі не зацьверджана ніводнага прадстаўніка ад апазыцыйных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.

Апазыцыянэры вылучалі трох сваіх актывістаў. Ад руху БНФ «Адраджэньне» — Пятра Мігурскага, ад абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» — Валерыя Беразіенку, і ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — Уладзімера Парфёнава.

«Яны зноў скардзяцца, што апазыцыю не ўключылі. Беразіенку мы ўключалі летась, яму яшчэ не было тады 71 году. Яны ж чулі, што мы дамовіліся да 70 гадоў — усё ж гэта працоўная камісія. Потым узьняўся Шанцаў з АГП. Яны летась вылучылі чалавека, які не прайшоў, і сёлета таго ж. Няўжо ў яго няма іншых людзей? Мы б з задавальненьнем іх уключылі, абы яны працавалі, а ня мітынгі, дэмаршы ладзілі», — тлумачыў афіцыйным крыніцам прычыны адмовы апазыцыянэрам начальнік управы арганізацыйна-кадравай працы Аляксандар Сілаеў.

Пётар Мігурскі
Згадка спадара Сілаева пра мітынгі і дэмаршы тычылася Пятра Мігурскага. На мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў ён выявіў факты фальшаваньня выніковых пратаколаў зь дзьвюх участковых камісіяў Шклоўскага раёну. На знак пратэсту ён выйшаў са складу тамтэйшай акруговай камісіі й паведаміў пра выяўленыя факты сродкам масавай інфармацыі.

«Пасьля таго як яны ўключылі прадстаўнікоў дэмакратыі і калі былі дакумэнтальна даказаныя фальшаваньні, уся іхная сыстэма выбараў рассыпалася. Яна робіць дэпутатаў нелегітымнымі. Яны дамогуцца таго, што дэмакратычныя сілы проста будуць ігнараваць гэтыя выбары», — пракамэнтаваў сумеснае рашэньне аблвыканкаму й прэзыдыюму аблсавету Пётар Мігурскі.

Прадстаўніка ад АГП Уладзімера Парфёнава чыноўнікі не ўключылі, бо ён беспрацоўны й даглядае дзіця-інваліда.

Абласную выбарчую камісію зацьвердзілі ў складзе 13 чалавек. Дакумэнты туды падалі 25 ахвотнікаў.

«Увайшлі БРСМ, прафсаюз дзяржаўных устаноў, Лібэральна-дэмакратычная партыя, КПБ, „Белая Русь“. Чатыры прадстаўнікі ад выбарцаў і пяць — ад працоўных калектываў», — паведамілі ў апараце аблсавету.

Выбары ў Горках будуць забясьпечваць прадзяржаўныя камуністы і чальцы дзяржаўных грамадзкіх арганізацый


У Горках не зацьвердзілі ў раённай камісіі адзіную вылучэнку ад апазыцыі, прадстаўніцу абласной арганізацыі руху БНФ «Адраджэньне» Галіну Мікшу. Якія прычыны перашкодзілі ёй патрапіць у камісію, цікаўлюся ў аддзеле арганізацыйна-кадравай працы райвыканкаму.

«Гэта дужа доўга расказваць. На выканкаме й прэзыдыюме быў дадзены канкрэтны адказ. Яны прысутнічалі».

Эдуард Брокараў
На паседжаньні ў райвыканкаме прысутнічаў журналіст Эдуард Брокараў. Ён сьцьвярджае, што чыноўнікі парушылі выбарчы закон:

«Яны яго трактуюць пад сябе. Яны сьцьвярджаюць, што мы можам толькі ў абласную структуру вылучыць, а ў раённую — ужо не. Каб вылучыць у раённую, трэба раённая структура».

Паводле спадара Брокарава, дакумэнты на Галіну Мікшу нават не разглядаліся. З 16 прэтэндэнтаў у камісіі зацьвердзілі трынаццаць. За бортам засталіся прадстаўнікі «Чырвонага крыжа» й Фонду міру. Выбары ў Горацкім раёне будуць забясьпечваць сябра прадзяржаўнай Камуністычнай партыі Беларусі, па чатыры прадстаўнікі ад дзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў, працоўных калектываў і тых, хто вылучаўся шляхам збору подпісаў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Дэмакраты прапаноўвалі 10 кандыдатур. Улады пакінулі аднаго.


У складзе Берасьцейскай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі зацьверджаны сябра Партыі левых «Справядлівы сьвет» Аляксандар Мартынюк.

Пра сытуацыю сёньняшняга дня на Берасьцейшчыне паведамляе сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

«На сёньня па першым гэтым варыянце робім выснову, што лібэралізацыя — гэта занадта гучна сказана. З усіх 10 кандыдатаў, якіх вызначылі нашы партыйныя структуры і грамадзкія арганізацыі (а гэта Партыя БНФ, БСДП (Грамада), камуністы і іншыя), быў прызначаны толькі адзін».

ВІЦЕБШЧЫНА


Сяргея Парсюкевіча не пусьцілі на фармаваньне абласных камісіяў.


Сяргей Парсюкевіч
Экс-палітвязень Сяргей Парсюкевіч спрабаваў вылучыцца ў Віцебскую абласную выбарчую камісію шляхам збору подпісаў. Аднак міліцыянт на ўваходзе ў аблвыканкам, дзе праходзіла фармаваньне камісіі, заявіў, што яго няма ў сьпісе асобаў, якім дазволена прысутнічаць. Сяргей Парсюкевіч распавёў, як яму патлумачылі прычыны забароны:

«Яны паглядзелі сьпіс — у іх, аказваецца, ёсьць сьпіс на ўваходзе, і мяне ў ім няма. Я запытаўся: як гэта, мяне ж людзі вылучалі... Ну, і міліцыянты мне патлумачылі, што на гэтае пасяджэньне запрашаліся ня самі прэтэндэнты, а толькі прадстаўнікі партый і арганізацый, якія іх вылучалі».

Сяргей Парсюкевіч зазначае, што ня бачыў ніводнага чалавека, апроч сябе, якога б не пусьцілі на пасяджэньне.

У абласны выбаркам трапіў старшыня абласной арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет»


Вольга Карач
Пацэс фармаваньня абласной выбарчай камісіі назірала Вольга Карач, старшыня абласной арганізацыі АГП. Дарэчы, прадстаўнік ад гэтай партыі Сяргей Якаўлеў у камісію ня трапіў, распавяла спадарыня Вольга:

«Пасяджэньне аблвыканкаму праходзіла з удзелам віцебскага абласнога савету 25-га скліканьня. Ад апазыцыі ў камісію трапіў толькі Мікалай Селівашка, прадстаўнік партыі «Справядлівы сьвет». Трапіў яшчэ прадстаўнік КПБ, і, зразумела, прадстаўнікі «Белай Русі», вэтэранскай арганізацыі, жаночых суполак. Усяго было пададзена 22 заяўкі, і камісія была сфармавана ў складзе 13-ці чалавек.

13 чалавек увайшлі ўчора і ў Віцебскую гарадзкую выбарчую камісію. Ніводнага дэмакратычнага актывіста туды не ўключылі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Выбарчыя камісіі — без дэмакратаў


На Гомельшчыне выбарчыя камісіі фармуюцца без прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў. Сёньня, у прыватнасьці, прэзыдыюм абласнога савету й аблвыканкам не ўключылі ў склад абласной выбарчай камісіі сябра АГП Сьвятлану Гальдадэ — былую старшыню Гомельскага гарсавету й гарвыканкаму. Яна была вылучана ў камісію рэгіянальнай радай Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Васіль Палякоў
Прысутны на сумесным паседжаньні прадстаўнічага й выканаўчага органаў кіраўнік абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў паведаміў Радыё Свабода, што паседжаньне цягнулася 10-15 хвілінаў. Быў зачытаны сьпіс тых, каго загадзя вызначылі ў склад выбарчай камісіі:

«Ад дэмакратычных партыяў і арганізацыяў нікога не ўключалі ў склад тэрытарыяльных камісіяў. На сёньня ўжо стала вядома, што ўсіх прадстаўнікоў АДС, каго мы ў вобласьці накіроўвалі ў склад камісіяў, не ўключылі ў гэтыя камісіі, у тым ліку і ў раённыя. У Жлобіне не ўключылі, у Буда-Кашалёве не ўключылі, у Сьветлагорску не ўключылі. Ужо зараз відавочна, што ніякай лібэралізацыі падчас мясцовай выбарчай кампаніі ня будзе. Як і раней, прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў як не ўключалі ў камісіі, так і не ўключаюць. Мы спадзяваліся, што будзе хоць нейкая гульня ў лібэралізацыю, але ўлады вядуць цяпер больш жорсткі курс у параўнаньні з тым, што мы думалі й што назіралася раней».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG