Зьмены ў выбарчым заканадаўстве тэарэтычна пашырылі магчымасьці палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў што да фармаваньня камісіяў. Цяпер ім гарантуецца ня менш за адну траціну месцаў у складзе камісіі.
Аднак партыі не скарысталі новыя пэрспэктывы — лічыць сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:
“Калі паглядзець працэнт прадстаўнікоў палітычных партыяў, якіх накіравалі ў тэрытарыяльныя камісіі, то ён складае толькі 1,1%. Пры агульнай колькасьці вылучэнцаў 13 106 чалавек палітычныя партыі накіравалі толькі 149”.
Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец кажа: лічба 149 мусіць павялічыцца — некаторыя партыі вылучалі сваіх прадстаўнікоў у камісіі яшчэ і праз збор подпісаў грамадзянаў. А яны ў статыстыку ЦВК пакуль не патрапілі:
“Таму сумарная лічба і па розных партыях лічбы будуць трошкі большымі. Па-другое, досьвед давёў палітычным партыям, што ў тэрытарыяльныя камісіі ўлада прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў не ўключае. Таму, напэўна, апазыцыя і ня бачыць у гэтым сэнсу”.
У Мікалая Лазавіка ёсьць свае вэрсіі наконт нізкай актыўнасьці партыйцаў:
“Магчыма, гэта такая тактыка палітычных партыяў. І на наступных этапах, асабліва пры фармаваньні ўчастковых камісіяў, будзе больш актыўнасьці. А магчыма, у іх яшчэ пэрыяд арганізацыйнай раскачкі. Але ж лічбы ёсьць лічбы”.
Паколькі партыя БХД дагэтуль не зарэгістраваная, яна вылучала сваіх актывістаў праз збор подпісаў грамадзянаў. Усяго прапанаваныя 43 кандыдаты, кажа Павал Севярынец.
“У нас ідэя простая. Мы падаем гэты сьпіс 43-х чалавек паралельна яшчэ і ў эўрапейскія структуры. І няхай яны самі па канкрэтных людзях глядзяць, якая лібэралізацыя адбываецца ў нас падчас мясцовых выбараў”.
Фармаваньне 1495 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў завяршаецца 29 студзеня.