Падазронасьць беларускага кіраўніка зьняпраўдзіў сёньня ў гутарцы з карэспандэнтам Свабоды кіраўнік прэс-службы Смаленскай мытні Ўладзімер Сафонаў. Ён паведаміў:
“Зь першага студзеня нічога на памежжы Беларусі і Расеі не зьмянілася. Ніякіх дакумэнтаў што да ўзмацненьня або зьмяненьня памежнага кантролю, не было. Адзінае, што з 1-га студзеня ўступіў у дзеяньне адзіны мытны тарыф мытнага саюзу Расеі, Украіны і Казахстану. Але гэта тычыцца хіба тарыфных ставак. І ёсьць зьмены аўтамабільных патокаў: пасьля выходных узмацняецца рух, бо беларускія перавозчыкі хочуць у выходныя дома адпачыць, а ў нядзелю ўвечары рух узмацняецца. Больш у нас нічога не мянялася”.
Разам з тым сёньня некаторыя вадзіцелі магілёўскіх транспартных прадпрыемстваў паскардзіліся “Свабодзе”, што іх даймаюць чэргі й прыдзіркі расейскіх мытнікаў да дакумэнтацыі. Абвастраюцца гэтыя праблемы падчас гэтак званых харчовых войнаў. Каб праехаць, даводзіцца даваць хабар:
У іх адназначная пазыцыя: едзеш — плаці, правярай, нясі ...
“Няма ўзаемапаразуменьня з боку расейцаў. Ім усё адно, ёсьць мы ці няма. У іх адназначная пазыцыя: едзеш — плаці, правярай, нясі. У чарзе адстойваеш, пакуль правераць дакумэнты”, — кажа дальнабойшчык Аляксандар з Магілёва.
Са спадаром Аляксандрам згаджаецца ягоны калега Сяргей. Паводле яго, расейцы іншым разам самі наўмысна замаруджваюць праверку дакумэнтацыі:
“Гэтыя праблемы заўжды. Час ідзе на афармленьне. Чэргі бываюць. Яны сёньня ёсьць, заўтра няма, пасьлязаўтра зноў зьяўляюцца. Нестабільна там. Калючага дроту няма. Збудаваньні там нейкія, будынкамі іх назваць цяжка. Будкі”.
Вальней пачуваюць сябе на мяжы жыхары блізкіх да яе райцэнтраў і вёсак. На кантрольна-прапускныя пункты яны заяжджаюць рэдка, бо ведаюць лясныя сьцежкі, каб іх абмінуць. Узмацненьня кантролю на мяжы тутэйшыя людзі не адзначаюць. Як было, так і ёсьць, кажуць яны.