Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрвію з д'яблам


Пасьля амаль 30-гадовага зьняволеньня выйшаў на волю Мэхмэд Алі Агджа. Той самы, які ў траўні 1981 году страляў у папу рымскага Яна Паўла ІІ. Цяпер няўдаламу забойцу намесьніка Бога на зямлі прапануюць за ягоныя інтэрвію 7 мільёнаў даляраў.


“Ясна, аўтар хоча сказаць – куды коціцца сьвет?” – адразу сьцяміць іранічны чытач. Ну ў прынцыпе так. Але ж і сапраўды коціцца. Недзе давялося прачытаць тэрмін “камбінаторная зброя”. Гэтая зброя не разбурае сыстэму сама, яна ўносіць у яе маленькую зьмену, а далей ўжо самая сыстэма шляхам свайго нармальнага функцыянаваньня разбурае сама сябе. Кампутарны вірус разносяць па cеціве тыя самыя каналы, якія павінны разносіць карысную інфармацыю.

А тут хіба ня тое самае? Чалавека, які падняў руку на вярхоўнага пантыфіка, робяць мільянэрам свабодныя СМІ свабоднага хрысьціянскага сьвету. Нават ня так – робяць прынцыпы функцыянаваньня свабодных мэдыяў. Гэта ж сэнсацыя, гэта ж цікава, гэта будуць чытаць, за гэтую сэнсацыю можна падняць наклады, сарваць шалёныя грошы, хто хутчэй, хто першы, хто больш. І ўсё ў поўнай адпаведнасьці з законамі свабоднага рынку.

Насамрэч, дарэчы, ня надта цікава. Агджа некалькі разоў мяняў свае паказаньні: ён то абвінавачваў у замове і падрыхтоўцы ягонага замаху спэцслужбы краін камуністычнага блёку, то адмаўляўся ад абвінвачваньняў. Што ён можа распавесьці цяпер і дзе гарантыя, што гэта ня будзе чарговай хлусьнёй? Ці проста трызьненьнем – пасьля вызваленьня ён абвясьціў сябе Ісусам Хрыстом і заявіў, што “сьвет загіне да канца стагодзьдзя”. Мала было паглуміцца над хрыстовай верай стрэлам у папу, спатрэбілася працягнуць. А што – ўсё ж зьядуць. Яшчэ ж цікавей, яшчэ смачней.

Парадокс, але тое, што аўтарытэт папы ў сьвеце яшчэ хоць неяк захоўваецца, запускае мэханізм promotion шчыраваньняў таго, хто хацеў яго забіць. Камбінаторная зброя ў дзеяньні.

Прыйшла ў галаву думка – калі КГБ СССР сапраўды меў дачыненьне да таго стрэлу Агджы 13 траўня 1981 году, то колькі заплаціў за гэта? Ня спэц у расцэнках, але здаецца, што ня 7 мільёнаў – дарагавата будзе. Адкуль у таталітарнай сыстэмы такія грошы на важнае, але ўсё ж ня лёсавызначальнае спэцмерапрыемства. Нічога, такія грошы натуральным чынам знаходзяцца ў свабодным сьвеце, каб зрабіць рэкляму выканаўцы гэтага злачынства.

І яшчэ падумалася – а колькі б свабодныя мэдыі заплацілі д’яблу за інтэрвію зь ім?

А можа ў тым і палягае бессаромная моц свабоды – што яна самая моцная камбінаторная зброя, што яна разбурыць любую сыстэму, якая паднімаецца на барацьбу зь ёй? І нават д’ябал, даўшы інтэрвію, ўцягнецца ў the only game in town – адзіную гульню, ў якую гуляюць у горадзе?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG