Вось папярэдні, далёка ня поўны сьпіс першых намаганьняў у дапамозе ахвярам катастрофы:
АРГАНІЗАЦЫЯ АБ'ЯДНАНЫХ НАЦЫЯЎ – неадкладна выдзяляе 10 мільёнаў даляраў з цэнтральнага фонду надзвычайных сытуацый і мабілізуе каманду надзвычайнага рэагаваньня для дапамогі ў каардынацыі ратаўнічых апэрацыяў. Найбліжэйшымі днямі, калі будуць ацэненыя патрэбы моманту, ААН зьбіраецца выступіць зь міжнародным зваротам аб дапамозе. Кіраўніца Сусьветнай харчовай праграмы ААН Джозэт Шыран паведаміла, што дадатковыя пастаўкі харчаваньня ўжо пачаліся. Дзіцячае агенцтва ААН – ЮНІСЭФ – даставіла некалькі самалётаў і карабель з намётамі, а таксама харчамі і прадметамі першай неабходнасьці для дзяцей і жанчын.
ЭЎРАПЕЙСКІ ЗЬВЯЗ – Эўрапейская камісія зацьвердзіла 3 мільёны эўра неадкладнай дапамогі на ратаўнічыя апэрацыі, бліжэйшымі днямі сума дапамогі можа павялічыцца. Паасобныя краіны, у тым ліку Бэльгія, Швэцыя і Люксэмбург, запрапанавалі дапамогу ў рамках мэханізму дапамогі ЭЗ ў надзвычайных сытуацыях – ад водаачышчальных сыстэмаў да намётаў.
ЗЛУЧАНЫЯ ШТАТЫ АМЭРЫКІ – Міністэрства абароны высылае ў Гаіці групу ацэнкі сытуацыі, авіяносьбіт P3 праводзіць выведку з паветра. Вайсковыя караблі на базах Усходняга ўзьбярэжжа гатовыя накіравацца ў Гаіці, для дастаўкі дапамогі ўжываюцца самалёты C-130.
ФРАНЦЫЯ – дасылае два самалёты і палявы шпіталь.
НІДЭРЛЯНДЫ – дасылае пошукава-ратавальную каманду – 60 чалавек і спэцыяльна навучаных сабакаў – для пошукаў людзей пад руінамі.
КАНАДА – урад абвясьціў аб неадкладнай фінансавай дапамозе памерам 5 мільёнаў канадзкіх даляраў для выдаткаў на часовае жытло, мэдычную абслугу, харчы, ратавальныя апэрацыі, ваду і санітарна-гігіенічныя патрэбы. Апрача гэтага ў Гаіці накіроўваецца выведная каманда і два ратавальныя верталёты.
НЯМЕЧЧЫНА – дасылае 1 мільён эўра неадкладнай дапамогі.
ІСЬЛЯНДЫЯ – даслала пошука-ратавальную каманду з 37 спэцыялістаў.
ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ – даслала групу ацэнкі сытуацыі для вызначэньня прыярытэтаў, а таксама пошука-ратавальную каманду з 64 чалавек з сабакамі і спэцыяльным абсталяваньнем для ратаваньня з-пад завалаў.
ГУМАНІТАРНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ – каля 600 чалавек лечацца ў шпіталях арганізацыі “Лекары бязь межаў”. Арганізацыя “Тэлеком бязь межаў” арганізавала неадкладную дапамогу для тэлекамунікацыяў у надзвычайнай сытуацыі.
Беларусь не сьпяшаецца дапамагаць Гаіці
На фота: разгрузка гуманітарнай дапамогі ў аэрапорце сталіцы Гаіці, Порт-о-Прэнс