Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дэпутаты наведаюць Эўранэст


14 студзеня ў Брусэлі з удзелам беларускіх дэпутатаў пройдзе першае пасяджэньне рабочай групы па фармаваньні парлямэнцкай асамблеі праграмы Эўразьвязу "Ўсходняе партнэрства" (Эўранэст).



Як паведамляе агенцтва БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Эўрапарлямэнту, у сустрэчы возьмуць удзел прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Гішпаніі, Літвы, Польшчы і Швэцыі. На пасяджэньні будуць разгледжаны дакумэнты, падрыхтаваныя Эўрапарлямэнтам, і прапановы краінаў-партнэраў.

Між іншым, Эўрапарламэнту трэба будзе прыняць рашэньне аб складзе беларускай дэлегацыі ў Эўранэсьце, бо фармальна Эўразьвяз не прызнаў дэмакратычнымі парлямэнцкія выбары ў Беларусі ў верасьні 2008 году.

Чакаецца, што 21 студзеня склад беларускай дэлегацыі абмяркуе Савет старшыняў, куды уваходзяць кіраўнікі парлямэнцкіх фракцыяў і старшыня парлямэнту ЭЗ. Гэтае рашэньне, як афіцыйная пазыцыя Эўрапарлямэнту, будзе накіравана ў парлямэнты краінаў "Усходняга партнэрства". З улікам усіх пунктаў гледжаньня сумеснае рашэньне прымуць шэсьць краінаў-партнэраў.

Плянуецца, што ў Эўранэст увойдуць 60 дэпутатаў Эўрапарлямэнту і 60 дэпутатаў з краінаў-партнэраў, па 10 прадстаўнікоў ад кожнай. 23 кастрычніка 2009 году ў Стакгольме была сфарміравана рабочая група па стварэньні канцэпцыі асамблеі. На працягу паўгода яна павінна узгадніць прынцыпы і мэханізмы працы парлямэнцкай асамблеі.

Праграма "Усходняе партнэрства" уключае 27 краін ЭЗ і шэсьць дзяржаваў-партнэраў: Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Грузія, Малдова і Ўкраіна. Праграма прадугледжвае палітычнае і эканамічнае збліжэньне з Эўразьвязам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG