Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы па нафце зацягнуліся


У Маскве працягваюцца перамовы адносна паставак расейскай нафты ў Беларусь у 2010 годзе.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямшака працягвае перамовы ў Маскве адносна паставак расейскай нафты ў Беларусь у 2010 годзе. Пра гэта паведаміў карэспандэнту «Свабоды» прадстаўнік расейскай амбасады ў Менску. Перамовы праходзяць за зачыненымі дзьвярыма. Нагадаем, раней віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Сечын выказаў надзею, што пагадненьне аб часовых пастаўках нафты ў Беларусь будзе падпісана 30-31 сьнежня. Беларускаму боку былі перададзеныя прапановы, праца ішла ў цэйтноце. Паводле Ігара Сечына, расейскі бок хацеў бы падпісаць гэтае пагадненьне, каб ад 1 студзеня «ўзьніклі прававыя падставы для пастаўкі расейскай нафты на беларускія заводы».

Расейскі пасол Аляксандар Сурыкаў адзначыў, што само пагадненьне можна падпісаць і ў лютым, але перад гэтым павінен быць падпісаны адмысловы пратакол, і тады пастаўкі будуць працягвацца. Спадар Сурыкаў не назваў памер бязмытных паставак нафты. Ён адзначыў, што астатняя частка будзе пастаўляцца «па біржавых цэнах, якія ўключаюць мыта».

Раней Уладзімер Сямашка заяўляў пра дасягнутыя дамоўленасьці з расейскім бокам пра ўмовы пастаўкі нафты ў 2010 годзе. Ён сказаў, што пастаўкі для ўнутраных патрэбаў Беларусі ў аб’ёме 8-9 мільёнаў тон ад пачатку 2010 году будуць ажыцьцяўляцца бяз мыта. Астатняя частка (плянуецца 21,5 мільёнаў тон) будзе пастаўляцца на пэўных ўмовах «у духу стварэньня Мытнага саюзу».

Адмыслоўцы не выключаюць, што Расея пагодзіцца паменшыць экспартнае мыта для Беларусі ў абмен на ўдзел у прыватызацыі беларускага «Нафтана-Паліміра».

Паводле прэсавага сакратара кіраўніка беларускага ўраду Аляксандра Цімашэнкі, пакуль няма вынікаў перамоваў у Маскве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG