Самалёт Іл-76 (бартавы нумар 4L-AWA) з амаль 40 тонамі зброі, у тым ліку ручнымі гранатамётамі і пераноснымі зэнітна-ракетнымі комплексамі, быў затрыманы 12 сьнежня пасля надгляду ў аэрапорце Дон Мыанг у Бангкоку, дзе прызямліўся для дазапраўкі.
"Камандзір самалёта грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў паказаў падчас шасьцігадзіннага допыту ва ўпраўленьні па барацьбе са злачыннасьцю паліцыі Тайлянда, што самалёт выляцеў з Украіны і загрузіў зброю на борт у Паўночнай Карэі. Ён таксама расказаў, што самалёт на шляху ў Пхэньян дазапраўляўся ў Азэрбайджане, затым у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, а затым у Тайляндзе. На шляху назад меркаваліся дазапраўкі ў Тайландзе і на Шры-Ланцы, пасьля чаго груз павінен быў быць дастаўлены ва Ўкраіну", — гаворыцца ў паведамленьні ТНА.
Паводле зьвестак агенцтва, Петухоў адмовіўся даваць больш падрабязныя паказаньні паліцыі, сказаўшы, што будзе гаварыць толькі на судзе. Камандзір экіпажу настойвае, што ні ён, ні яго калегі нічога ня ведалі аб ваенным характары грузу.
Экіпаж зарэгістраванага ў Грузіі самалёта складаецца зь пяці чалавек: камандзір — грамадзянін Беларусі, астатнія — грамадзяне Казахстана. Іх абвінавачваюць у незаконным захоўваньні зброі, прадастаўленьні непраўдзівых звестак аб характары грузу (нібыта гэта "механізмы для бурэньня") і нелегальнай перавозцы ўзбраеньня праз тэрыторыю Тайлянда.
Факт затрыманьня ў Бангкоку беларуса БелаПАН пацьвердзілі ў МЗС Беларусі. Сытуацыю зь яго затрыманьнем адсочвае пасольства Беларусі ў Віетнаме.
ТНА таксама паведамляе, што Тайлянд рыхтуе даклад для ААН па факце затрыманьня самалёта са зброяй на борце, які накіроўваўся з Паўночнай Карэі. Калі ўдасца з дакладнасьцю ўстанавіць, што зброя была загружана ў самалёт у Паўночнай Карэі, палёт ваенна-транспартнага самалёта Іл-76 будзе разглядацца як парушэньне санкцый ААН супраць КНДР, адзначае агенцтва.