На бліжэйшай пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнту, якая адбудзецца праз тыдзень у Страсбургу, вырашана разгледзіць беларускае пытаньне.
Нагадаем, падчас свайго выступу на кангрэсе 10 сьнежня Аляксандар Мілінкевіч выказаў занепакоенасьць, што Эўрапейскі парлямэнт не ўключыў у парадак дня свайго пленарнага паседжаньня рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі. На думку палітыка, лёс дэмакратыі ў Беларусі залежыць ад скаардынаванай дзейнасьці беларускай грамадзянскай супольнасьці і аб’яднанай Эўропы. Вельмі важна, каб аб’яднаная Эўропа па-ранейшаму няўхільна адстойвала маральныя прынцыпы пры рэалізацыі палітыкі дыялёгу з Беларусьсю, паведамляе сайт Аляксандра Мілінкевіча .
Як паведаміў “Радыё Рацыя” кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту Яцэк Пратасевіч, рэзалюцыя зьяўляецца галоўным чынам падтрымкай беларускай дэмакратычнай апазыцыі.
“Рэзалюцыя з’яўляецца вельмі выразным пацьверджаньнем таго, што Эўрапейская Народная партыя падтрымлівае беларускую дэмакратычную апазыцыю, насуперак тым не вельмі добрым сыгналам, якія зьявіліся апошнім часам, асабліва пасьля візыту прэм’ера Італіі Сільвіё Берлюсконі ў Менск, калі апошні не сустрэўся з беларускай апазыцыяй. Мы выказваем сваю занепакоенасьць з прычыны рэпрэсіяў, якія ізноў зьявіліся апошнім часам. Таксама, мы гаворым пра тое, што прадстаўніцтва Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі краінаў ЭЗ і Усходняга партнэрства павінна быць сфармаванае з удзелам беларускай апазыцыі. Тут ЭНП не мае ніякіх сумневаў, і ўлады ў Менску не павінны разьлічваць на нейкі шантаж ці на нейкі лепшы вынік. Тое, што мы можам прапанаваць, – гэта максымальна 5 прадстаўнікоў беларускага парлямэнту, які між іншым абраны недэмакратычным спосабам, і 5 прадстаўнікоў апазыцыі. Калі ўлада не пагодзіцца на 5 прадстаўнікоў апазыцыі Парлямэнцкай Асамблеі краінаў ЭЗ і Усходняга партнэрства, дык іх там будзе 10”, - адзначыў Яцэк Пратасевіч.