Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Закон пра безбар'ернае асяродзьдзе не выконваецца"


Сёньня – Міжнародны дзень інвалідаў. Упершыню Генэральная Асамблея ААН абвясьціла гэты дзень 17 гадоў таму. У Беларусі жыве больш за паўмільёна інвалідаў. Зь іх 30 тысяч – маладыя людзі, 4 тысячы – дзеці. Штогод колькасьць інвалідаў у Беларусі павялічваецца на 50 тысяч чалавек.

Два гады таму, пры канцы 2007 году, інваліды-вазочнікі накіраваліся са зваротам да Аляксандра Лукашэнкі. Натуральна, кіраўнік краіны іх не прыняў, але зварот забраў клерк з адміністрацыі па прозьвішчы Катушкін. Ці выкананыя хоць нейкія просьбы інвалідаў, пытаюся ў старшыня Беларускай рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Сяргея Драздоўскага:

У гэтым жа годзе быў распрацаваны закон аб упарадкаваньні льгот, які наагул пазбавіў інвалідаў права атрымліваць на льготных умовах транспартныя сродкі. Тлумачылася гэта прывядзеньнем да сацыяльнай справядлівасьці.
“У гэтым жа годзе быў распрацаваны закон аб упарадкаваньні льгот, які наагул пазбавіў інвалідаў права атрымліваць на льготных умовах транспартныя сродкі. Тлумачылася гэта прывядзеньнем да сацыяльнай справядлівасьці. Маўляў, у Менску даволі хутка інваліды атрымліваюць машыны, таму што тут добрае фінансавая становішча, а ў Віцебскай вобласьці чэргі па 10 гадоў. Усіх зраўнялі, пазбавілі ўсіх. Вось такі вынік”.

У Беларусі прынятая Дзяржпраграма па стварэньні безбар’ернага асяродзьдзя. Але, на думку Сяргея Драздоўскага, прымаць яе не было сэнсу, бо нормы безбар’ернага будаўніцтва былі ўведзеныя ў 1989 годзе, трэба проста выконваць закон:

“Калі спытацца ў любога чалавека ў вазочку, як у Беларусі зь безбар’ерным асяродзьдзем, ён адкажа адназначна: “Ніяк, як было, так ўсё і засталося”. Так, дзесьці прыстасавалі ўваход у асобную краму, дзесьці бардзюр зрабілі ніжэйшы, але ўсё гэта носіць выпадковы характар”.

Красамоўнае пацьверджаньне таму – як летам пасьля рэканструкцыі адкрылі тэатар опэры і балету, і не прадугледзелі ўваход і пересоўваньне інвалідаў. А часьцяком нядобрасумленныя чыноўнікі і будаўнікі проста прыкрываюцца клопатам пра інвалідаў, як гэта адбылося ў Віцебску, кажа Сяргей Драздоўкі:

“Чалавеку на першы паверх пабудавалі пандус, які каштаваў 170 мільёнаў рублёў – даражэй, чым ягоная кватэра. Мы цікавіліся: можа, ён у дыямэнтах, золаце? Не, самы звычайны пандус. Пад быццам бы высокія мэты забесьпячэньня інвалідаў, нават калі хтосьці і запытаецца, чаму так дорага, апраўдаюцца: калі для інвалідаў – ставім подпіс”.

Сярод людзей з абмежаванымі магчымасьцямі – шмат таленавітых і самаахвярных людзей. Інвалід-вазочніца з пасёлку Чысьць Сьвятлана Маршчацкая напісала цудоўную кнігу пра шчасьлівыя сем’і, ў якіх адзін – звычайны чалавек, а другі інвалід:

“Кніга называецца “Сіла каханьня, альбо сыходжаньне ў рай. Мне хацелася алегарычна паказаць, што трэба часам і апусьціцца, зрабіць штосьці, што не адпавядае ўяўленьням, разбурае стэрэатыпы, каб знайсьці сапраўды рай”.

На жаль, і выдаваць кнігу Сьвятлане давялося за сродкі сваёй сям’і:

“Спачатку гэтай кнігай зацікавілася выдавецтва “Здравствуй”, і каля яна была ўжо амаль гатова, мне паведамілі з выдавецтва, што ў іх скараціліся датацыі, няма сродкаў. Таму я выдала міні-наклад за свой кошт”.

Блогеры і проста чулыя людзі сабралі грошы на вазок з электрарухавіком для блогеркі Міхалінкі – Інгі Татур з Бабруйску, замовілі яго ў Польшчы і прывезьлі для дзяўчыны.

У 2006 годзе Генэральная асамблея ААН прыняла Міжнародную канвэнцыю правоў інвалідаў, якая уступіла ў дзеяньне з 2007 году. Яе ратыфікавалі 143 краіны. Беларусь да канвэнцыі не далучылася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG