Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабравольскі: “Расейскія прэфэрэнцыі — гэта пацалункі ў абмен на нафту”


Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

Некаторыя моманты з інтэрвію прэзыдэнта Расеі беларускім журналістам камэнтуе сябра Палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:


“Увогуле вельмі цікавая падзея, што расейскі прэзыдэнт запрасіў беларускіх журналістаў. Хоць, зразумела, гэта адказ на тое, што ўжо шмат гадоў рабіў прэзыдэнт Беларусі, які хацеў зрабіць сабе рэкляму. Мне здаецца, што гэта добра. Бо ўрэшце расейская ўлада зразумела: у Беларусі ёсьць ня толькі адзін Лукашэнка, а ёсьць нават нейкая незалежная прэса, вартая павагі. Адрозна ад расейскіх і беларускіх прадстаўнікоў улады, якія сказалі, што такія незалежныя СМІ ні ў якім разе нельга запрашаць у Маскву, таму што іхныя газэты агідна браць у рукі, усё ж беларускае грамадзтва вартае таго, каб зь ім лічылася і беларуская ўлада, і ўся астатняя.

Што, прыкладам, да агучаных сумаў прэфэрэнцыяў, фінансаваньня, то гэта падтрымка ня толькі Беларусі, але і беларускага рэжыму, яго ўмацаваньня. І калі Расея сьвядома гэта рабіла, калі прапаноўвалася нафту ў абмен на пацалункі і Расея на гэта пагаджалася, то ці варта зараз кагосьці за гэта крытыкаваць? У першую чаргу сябе.

У тым ліку я хацеў бы зьвярнуць увагу Мядзьведзева: крытыкуючы Лукашэнку, ён павінен таксама паглядзець на сябе. Ён рабіў аналягічныя выказваньні і на адрас грузінскага прэзыдэнта і ўкраінскага прэзыдэнта. І проста хачу сказаць, што гэта ня ўчынкі дарослых і адказных людзей — як з боку Лукашэнкі, так і з боку Мядзьведзева”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG