Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочых і сялян у Эўропу ня возьмуць


Мультымэдыйная «Аблога».




Гэта тыя самыя пяць рэклямных брашурак, якія раздаваліся на Эўрафоруме. Эўропа для беларускіх прадпрымальнікаў, дзяржслужбоўцаў, студэнтаў і... прадпрыемстваў. Калі першыя чатыры сацыяльныя страты індывідуалізаваныя, рабочыя засталіся безаблічнымі: на здымку мы бачым адно задаволеных заводзкіх гаспадароў ды іхных прадстаўнікоў - мэнэджараў. Хаця кожнаму, напэўна, зразумела, што задаволенасьць мэнэджараў не азначае аўтаматычна задаволенасьці рабочых, надта розныя ў іх інтарэсы. Мэнэджарам трэба атрымаць найбольшы прыбытак зь як найменьшымі выдаткамі. А рабочым - забясьпечыць годную аплату сваёй цяжкай працы, што для мэнэджараў падразумявае непажаданыя выдаткі. І ўвогуле, гэтак жа сама, як студэнты ня ёсьць "начыненьнем" сваіх навучальных установаў, рабочыя - не "шрубкі" прадпрыемстваў, пазбаўленыя твараў.

Зрэшты, у гэтага мэдаля ёсьць і добры бок: "Рух за свабоду" і кампанія нібыта вызначыліся з сваімі прыярытэтамі, абмежавалі мэтавую групу. Што, спадзяюся, знойдзе адлюстраваньне таксама ў іхных праграмах. Гэта лепей, чым безадказна, з шырокага пляча, абяцаць даброты ўсім. Магчыма, варта падумаць і пра зьмену назвы на: "Рух за свабоду прадпрымальнікаў, дзяржслужбоўцаў, мэнэджараў і студэнтаў". Дакладна адрасаванае пасланьне хутчэй знойдзе свайго атрымальніка.

КОШТ ЭКАНАМІЧНАГА РОСТУ





Сэрыя здымкаў, прысьвечаная забруджваньню навакольля ў Кітаі і спадарожным праблемам, такім як рост цяжкіх захворваньняў, належыць кітайскаму фатографу Лу Гуану (па спасылцы можна паглядзець болей здымкаў і прачытаць інтэрвію з аўтарам). На ягоную думку "уладальнікі прадпрыемстваў, імкнучыся атрымаць болей прыбытку, адклалі ўбок маральныя прынцыпы і нішчаць вонкавае асяродзьдзе".

Кітайская мадэль - адзін з улюбёных арыентыраў беларускіх ідэолягаў. Да прыкладу, Лява Крыштаповіча, намесніка Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнцкай адміністрацыі, цытатамі з чыёй кніжкі "Сацыялістычная ідэя" Кастусь Чарнец суправадзіў фотаздымкі Лу Гуана. Як заўважае Чарнец, у кніжцы "за ідэалістычнымі выпарэньнямі ня бачна ані сацыялізму, ані ўцямных ідэяў... адно прыкрая патака з адкідаў сталінізму і Кітай". Кітайская цывілізацыя, паводле Крыштаповіча, ня толькі ўнікальная, але і "ўсясветная", а значыць - за ёй будучыня. У прыватнасьці Крыштаповіч піша: "У сыстэме каштоўнасьцяў кітайскай цывілізацыі перавага аддаецца сумленьню, а ня выгадзе, працы, а не карысьці".

Што да першага пункту, яго красамоўна абвяргаюць здымкі Лу Гуана, а наконт другога Чарнец піша: "Гэта і ёсьць рынкавы сацыялізм па-кітайску! 12-гадзінныя працоўныя дні за грош на дабро родных бізнэсоўцаў, а значыць - Радзімы".

ХОЧАШ ЗЬМЯНІЦЬ СЬВЕТ - ПАЧНІ ЗЬ СЯБЕ


Псаваць экалёгію здольныя ня толькі прадпрыемствы, але і мы з вамі, простыя спажыўцы. Якім цяжка данесьці абгорткі, упакоўкі і бутэлькі да сьметніцы. З засільлем сьмецьця вакол сябе вырашыў змагацца Кірыл Атаманчык.

"Маё цярпеньне скончылася сёньня... Не магу больш глядзець на сьвінства людзей. Не магу больш глядзець на тое, як усё нясецца чорт ведае куды... Дакладна ведаю толькі адно - каб зрабіць нешта добрае, трэба пачаць зь сябе. Пачаў. Сёньня за 20 хвілін прайшоў 150 кв.м. леса, што побач з маім інтэрнатам (гэта вельмі малая частка гэтага лесу). На гэтай тэрыторыі я здолеў сабраць два пакункі сьмецця. Уяўляю сабе, колькі нагадзілі людзі па ўсім сьвеце! Зь мяне хопіць. Я пачаў дзейнічаць".


Сабранае сьмецьце:



МІЛЬЯРД ДЗЕТАК ЦЕРПЯЦЬ НЯСТАЧУ


Але для некаторых адкіды і сьмецьце - ня прыкрасьць, а крыніца існаваньня:


(AP Photo/Anupam Nath)

Індыйскі вулічны хлопчык рыецца на памыйцы напярэдадні Сусьветнага Дня Дзіцяці (20 лістапада). Паводле дадзеных ЮНІСЭФ, прыкладна 1 мільярд (!) дзяцей ва ўсім сьвеце пазбаўленыя чагосьці зь пералічанага: жыльля, мэдычнай дапамогі, належнага харчаваньня, пітной вады...

Здымак выкладзены artgapan.


ДЗЕЦІ ДЗЯЦЕЙ






На гэтых здымках - нясвіскія непаўналетнія мамы з сваімі дзецьмі, пра якіх зрабіў матэрыял Глеб Лабадзенка. Дзяўчынцы на першым здымку ўсяго чатырнаццаць гадоў. А бацька ейнага дзіцёнка адно на фота разам зь імі, у жыцьці прыяжджае да іх толькі па выходных. Дзяўчына з другога здымку, якая ў 19 год ужо маці дваіх дзяцей, жыве разам зь іх бацькам (хаця і не "распісаныя"), але кажа "ня факт, што мы зь ім і далей жыць будзем". Ад дзяржавы яна атрымлівае 99 тысячаў дапамогі. Гэта на аднаго дзіцёнка, другі ўжо "вырас" - яму больш за тры гады. Абедзьве гераіні сюжэту пакуль не працуюць. Які ж лёс чакае гэтых "дзетак дзяцей"?

БЕЛАРУСЬ - КРАІНА КАНТРАСТАЎ


Авэрс:



Рэвэрс:



Здымкі зробленыя ў Менску блогерам vadim-i-z. У адрамантаванай частцы знаходзіцца банк, а іншая, паводле словаў блогера, - належыць малочнаму заводу.

ЖАНЧЫНЫ ДЛЯ СПАЖЫВАНЬНЯ


Саша Паўлава -- зорка "Playboy" і пераможца галяндзкай вэрсіі "Апошняга героя", а цяпер... новая вядучая ОНТ. Што можна лічыць чарговай праявай лібэралізацыі беларускага грамадзтва. Ці памятаеце, была за часамі перабудовы такая гумарэска ў Генадзя Хазанава пра калгас "Імя 8-га сакавіка", у якім меліся прыняць амэрыканскую дэлегацыю. І вырашылі сустрэць яе належным чынам, то бок прадэманстраваць, што і ў нас ёсьць усе "заганы капіталістычнага грамадзтва": наркаманія, прастытуцыя, гомасэксуалізм і да т.п. Трошку перабаршчылі. Цудоўная фраза ў канцы гумарэскі прагучала: "Хацелі па мясу абагнаць, а абагналі па распусьце..." Вось так і мы.

Асабліва чамусьці ўпадабалі новую вядучую блогеры з ультра-правага флянгу. Зрэшты, нічога дзіўнага, улічваючы іхныя патрыярхальныя ўстаноўкі, згодна зь якімі жанчына створаная для абслугоўваньня і задавальненьня чалавека-мужчыны. Іх можна выкарыстоўваць як заўгодна.

"Нарэшце зьявілася на нашым тэлебачаньні нармалёвая вядучая!" - выгукнуў lesnoi_slon. "Паболей бы такіх" - цяжка ўздыхнуў druving. А вось kryviec выявіўся найбольш ультра-правым з усіх: "Формы прыгожыя, а твар ня вельмі. Сказаў бы, што дужа "рускі" і мае мала супольнага з тутэйшай прыгажосцю". Калі ўжо спажываць па-патрыярхальнаму, дык сваё. Купляйце беларускае!

НОВАЕ СЛОВА Ў ПАЛІТЫЧНАЙ ГЕАГРАФІІ




Гэта банэр інфармацыйнага парталу BelarusNews.it - "Portale di Informazione sulla Bielorussia", прысьвечанага навінам зь Беларусі. Бабруйск, напэўна, вынесены ў цэнтр як найбольш вядомы ў інтэрнэце. Кожны блогер чуў фразу "У Бабруйск, жывотнае!" (выраз скрайне нэгатыўнай ацэнкі да аўтара), прыдуманую ў расейскай блогасфэры. Можа, менавіта таму паўзьверх Бабруйскага раёну напісана "Russia"?

Банэр знайшла блогерка myshyn.


УДМУРТЫ НЯ ВЕДАЛІ СЛОВА "ВАЙНА"


Песьня Віктара Цоя "Зорка па імені Сонца", на якой вырасла маё пакаленьне, у выкананьні ўдмурцкага фальклёрнага калектыву старэнькіх бабулек:



Гучыць надзіва натуральна, нібы ўдмурцкая народная песьня. Адзінае знаёмае слова ў тэксьце - "вайна". Відавочна, яго не было ў удмурцкай мове, "вайну" прынесьлі з сабой расейцы... А бабулькі якія файныя! Хто там казаў "зажыліся, няхай паміраюць"?

Кліп выклаў у сваім блогу krywal.


КІТАЙЦЫ ЗАСВОЙВАЮЦЬ РАСЕЙСКУЮ КУЛЬТУРУ


Клясыка расейскай "блатной" песьні - "Гоп-стоп" - у выкананьні кітайскай дзяўчыны:



Кліп выклаў tirradorus.

TEMPUS EST IOCUNDUM (ПРЫСЬПЕЎ ЧАС РАДАСЬЦІ)


Пасьля "гоп-стопу", мяркую, варта чым-небудзь "палячыцца". Старая добрая сярэдневечная музыка будзе дарэчы:



Выклаў drapeznik. Каму цікава, можа знайсьці ў ягоным блогу тэкст песьні на лаціне зь перакладам на ангельскую і беларускую, а таксама іншыя кліпы зь сярэдневечнымі песьнямі.

ДЖАНГЛ ДРАМ


І яшчэ порцыя вясёлай музыкі ад liankevich:



ВЫБЕРЫ СВАЮ




Калекцыя маек ад фотамастака Артура Вакарава. Шукайце ў "Падземцы" і мастацкай галерэі "Ў".


БЫК І ВАЎКІ




Праект "Народныя казкі для дзетак ад ЮНІСЭФ".

Выклаў Сяргей Балахонаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG