Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Найбольшы шанец захварэць – у чарзе да доктара”


У рэгіёнах Беларусі працягваецца эпідэмія грыпу. Ва ўмовах абмежаваная інфармацыі многія вераць чуткам. Асабліва дадаюць хваляваньняў сьмерці тых, хто хварэў на пнэўманію.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Жанчына хавалася ад нястачы ў вёсцы, а знайшла тут сьмерць ад грыпу

Сёньня ў жыхароў вялікай вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёну была нагода наведаць могілкі. Дзевяць дзён таму тут пахавалі маці дваіх малых дзяцей, якая памерла ад пнэўманіі. Сваячка нябожчыцы Жана паведаміла “Свабодзе”:

“Першым аб’явіў тут паніку яе муж. Ён быў у Маскве на заробках. Як прыехаў, то адвёз яе ў лякарню. Хворую адразу пакінулі ў шпіталі. Там яна прабыла пяць дзён, а на шосты — памерла.

Раней яны жылі ў горадзе. Але муж перавёз сям’ю ў вёску да радні. Бо сам езьдзіў на заробкі, а жонцы патрэбная была дапамога па доглядзе за малымі”

У Хатынічах цяпер чарга на мэдагляд

Суразмоўца паведаміла і пра другі трагічны выпадак у вёсцы Хатынічы:

“Таксама маладую жанчыну шпіталізавалі ў Ганцавічах. Там яна прабыла ня больш як адзін тыдзень і таксама памерла. Па словах людзей, зь якімі яна працавала, сымптомы хваробы, менавіта кашаль, былі ў яе яшчэ ад лета, але яна не зьвярталася да лекараў”.

У Хатынічах цяпер чэргі на агляд ва ўчастковую лякарню. А ўвогуле ў рэгіёне Прыбужжа, паводле інфармацыі абласнога цэнтру гігіены, ажно ў 14 разоў павялічылася колькасьць людзей, якія зрабілі прышчэпкі за свае грошы. Летась такіх ахвотнікаў было 116 чалавек, сёлета — 1800.

“Праз гора землякі мусяць больш клапаціцца пра сваё здароўе”, — кажа і спадарыня Алена з драгічынскай вёскі Толкава, дзе ад сьвінога грыпу памерла 37-гадовая настаўніца.

“Чалавек спадзяваўся, што прастуда пройдзе сама. Вось і ўсё. Ніхто ж ня думаў, што здарацца такія наступствы ад, здавалася б, звычайнай пнэўманіі.

Так, мы плакалі, былі ў роспачы ад сьмерці чалавека, які своечасова не зьвярнуўся да лекараў. А, зрэшты, мы ўсе такія ў вёсцы. Да мэдыкаў па дапамогу не сьпяшаемся”.

Паскардзіўся “Свабодзе” і галоўны санітарны ўрач Драгічынскага раёну Міхаіл Стахейка. Цьвердзіць, што землякі не выконваюць яго рэкамэндацыяў — не завозіць грып з суседняй Украіны:

“У сувязі з тым, што наш раён —памежны, я прыняў пастанову аб абмежаваньні паездак. Але ж я не магу забараніць! Выдалі турыстычным агенцтвам пісьмовыя рэкамэндацыі. Таксама праводзім актыўную агітацыю, каб адвесьці ад людзей небясьпеку”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Мы іх зьбіраем у мытнай залі і робім тэрмамэтрыю”


Працягвае тэму Сяргей Астраўцоў. Ён сёньня даведваўся, які санітарны кантроль існуе на мяжы для прафіляктыкі распаўсюджваньня грыпу. Слухаем паведамленьне з Горадні.

На гарадзенскай чыгуначнай станцыі існуе санітарна-кантрольны пункт, яго начальнік Валеры Падолька патлумачыў наступнае:

“Мы больш пільна глядзім арганізаваныя групы нашых дзяцей, каторыя выяжджаюць у Польшчу на тры-чатыры дні. Гэта паступіла ўказаньне Міністэрства аховы здароўя праводзіць у тым ліку тэрмамэтрыю. Мы іх зьбіраем у мытнай залі і робім тэрмамэтрыю”.

Іншымі словамі, у дзяцей вымяраюць тэмпэратуру цела.

Падолька: “У нас выяўлена каля дзевяці выпадкаў падвышанай тэмпэратуры, пасьля гэтага мы перадаём дзяцей для назіраньня ўчастковым дактарам, выходзім на Менск, на Віцебск, на Берасьце — па месцы жыхарства гэтых дзяцей. І яны іх там адсочваюць далей”.

“Узмоцнены рэжым кантролю захопіць, відаць, і наступныя вакацыі”

Валеры Падолька дадае, што тэмпэратура ў гэтых дзяцей была адносна невысокая:

“Мы сутыкаемся з тэмпэратурай 37 і 38 градусаў, а нам трэба, каб паставіць дыягназ, мець пад 39—40 градусаў і зьявы пнэўманіі. Такіх выпадкаў мы не сустракалі. Мы іх правяраем, калі яны прыяжджаюць з Польшчы. Мы выклікалі хуткую дапамогу адзін раз, там бралі расьпіску, тэмпэратура была 38 з капейкамі. Думаю, у гэтых дзяцей звычайная вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя”.

Спадар Падолька ўдакладняе: арганізаваныя групы дзяцей наведваюць суседнюю Польшчу, як правіла, “па лініі каталіцкай царквы”.

Падолька: “Вось хутка пачнуцца вакацыі зноў. Мы аглядалі нядаўна дзевяноста дзяцей, пераважна менскіх і гарадзенскіх. Пакуль што мы працуем у такім рэжыме, як доўга гэта будзе — я ня ведаю”.

ВІЦЕБШЧЫНА


“Калі прыйдзеш у паліклініку здаровы, то абавязкова выйдзеш хворы!”

Зараз на Віцебшчыне расьце колькасьць захворваньняў на грып і пнэўманію. Удакладняе Браніслава Станкевіч.

Жыхарка Воршы Галіна Арлова распавяла, што тутэйшая недзяржаўная тэлекампанія “Скіф” запрасіла ў прамы эфір лекара-пульманоляга, які распавёў тэлегледачам пра першыя сымптомы хваробы:

“Выступаў пульманоляг па аршанскім тэлебачаньні. Казаў, што першыя прыкметы хваробы — гэта калі цяжка дыхаць і высокая тэмпэратура. Як толькі яны ёсьць — каб людзі зьвярталіся да лекараў ды не займаліся самалекаваньнем”.

Аднак, на думку спадарыні Галіны, пэўная колькасьць людзей упарта спрабуе лячыцца самастойна, каб не наведваць паліклініку, дзе новы вірус можна “падхапіць” проста ў чарзе:

“Што ў паліклініцы робіцца — гэта жах! Па 15—20 чалавек сядзяць у чэргах. Тут калі прыйдзеш здаровы, то абавязкова выйдзеш хворы! Я як сказала, што мне цяжка дыхаць, дык бальнічны адразу далі, нават ня сталі тэмпэратуру мераць. Сказалі, каб праз тры дні прыйшла. А я нікуды ня йду — я сябе шкадую. Гарчычнікі ставіла, ногі парыла, інгаляцыі рабіла — а ў горле як балела, так і баліць”.

У лістападзе дыягназы “грып” і “ВРВІ” пастаўлены больш як 67 000 чалавек

Паводле дадзеных абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, ад пачатку лістапада дыягназы “грып” або “ВРВІ” былі пастаўленыя больш як 67-мі тысячам чалавек, зь іх амаль 29 тысяч дзяцей. Дзяржаўныя мэдыі гэткую статыстыку не адсочваюць і інфармацыі пра асаблівасьці хваробы, а тым больш пра лятальныя выпадкі, практычна не даюць. Жыхары Віцебшчыны вымушаныя давяраць толькі чуткам: кажуць, у Глыбокім днямі пахавалі 27-гадовага мужчыну, які памёр ад пнэўманіі, зафіксавана сьмерць ад пнэўманіі ў віцебскім чыгуначным шпіталі, у Дуброўне памерла пэнсіянэрка — пра падобныя выпадкі распавядаюць практычна ў кожным райцэнтры.

Магілеўшчына


На Магілёўшчыне — 25 хворых на “сьвіны” грып

На Магілёўшчыне ўзрасла колькасьць хворых, у якіх выяўлены высокапатагенны грып (A/N1H1). Афіцыйныя крыніцы цяпер называюць 25 такіх выпадкаў. Учора іх было васямнаццаць.

Першы выпадак захворваньня на сьвіны грып зарэгістраваны ў Бабруйску. Раней такія выпадкі фіксаваліся ў Магілёве й Магілёўскім раёне.

У рэгіёне на сёньня пацьверджаныя два выпадкі сьмерці ад пнэўманіі. У аднаго зь нябожчыкаў выяўлены вірус (AN1H1).

Першых хворых на сьвіны грып у рэгіёне выявілі ў жніўні. Тады ў Асіповіцкай раённай бальніцы з такім дыягназам знаходзілася дзевяць дзяцей. Адно дзіця лячылася ў Магілёве.

Пры канцы кастрычніка мэдыкі прызналі яшчэ чатыры выпадкі. Пазьней дзесяць, потым васямнаццаць. Сёньня афіцыйныя крыніцы назвалі ўжо дваццаць пяць.

У прыватных гутарках мэдыкі называюць колькасьць хворых на сьвіны грып куды большую за афіцыйную. Іх ацэнкі сягаюць сотні. Гэткую выснову яны робяць, зыходзячы з колькасьці хворых на пнэўманію, якая паходзіць ад грыпу (A/N1H1). Такімі хворымі перапоўненыя шпіталі.

У рэгіёне застаюцца зачыненымі на карантын трынаццаць устаноў адукацыі — 12 школ і адзін ліцэй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG