Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка пра праект пастановы Эўразьвязу: "Безаблічнае рашэньне"


Рада Эўразьвязу гэтымі днямі разглядае пытаньне аб працягу візавых санкцыяў адносна вышэйшых беларускіх чыноўнікаў. Як паведамілі “Свабодзе” ў прэсавай службе Рады Эўразьвязу, рашэньне мае быць ухвалена раніцай 17 лістапада без абмеркаваньня.

Паводле падрыхтаванага праекту пастановы, візавыя абмежаваньні адносна Аляксандра Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага атачэньня будуць падоўжаныя яшчэ на адзін год — да кастрычніка 2010 году. У той жа час дзеяньне гэтага рашэньня будзе замарожанае на карацейшы пэрыяд — на 6 месяцаў.

Ацаніць сытуацыю мы папрасілі некаторых беларускіх палітыкаў.

Сярод тых, хто змог скарыстацца “замарозкай” візавых санкцыяў — былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускага славянскага камітэту Сяргей Касьцян. У кастрычніку гэтага году ён наведаў Сафію, пабываў на ўрачыстасьцях з нагоды 110-годзьдзя баўгарскага славянскага руху.

Сяргей Касьцян
“Усё мяняецца, і павінна мяняцца. Калі мы пайшлі на супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях, то павінна мяняцца. Канечне, гэты сьпіс яшчэ не скасаваны. Яны зьбіраюцца разгледзець гэтае пытаньне. Але калі яны проста працягнуць замарожваньне санкцыяў — гэта ўдарыць па іх аўтарытэце. Яны шмат шумелі наконт 20-годзьдзя падзеньня Бэрлінскага муру, а зь іхнага боку гэты мур застаўся стаяць”.

Сяргей Касьцян мяркуе, што Эўразьвяз мусіў бы скасаваць візавыя санкцыі зусім, таму што, на ягоную думку, сытуацыя ў краіне мяняецца ў лепшы бок, у прыватнасьці, рыхтуюцца зьмены Выбарчага кодэксу.

Вінцук Вячорка
Не задаволены захаваньнем статус-кво ў пытаньні эўрапейскіх санкцыяў і апазыцыйны палітык Вінцук Вячорка. Але зь іншай прычыны:

“Я за палітыку, заснаваную на каштоўнасьцях, і самае галоўнае — за ўмовы. Гэтая абумоўленасьць, якая раней была супольнай рысай амэрыканскай і эўрапейскай палітыкі, яна ў палітыцы Эўрапейскага зьвязу зьнікла. Для таго каб захаваць нейкім чынам аблічча, і прымаецца вось такое палавіністае, ніякае, безаблічнае рашэньне, з тым, каб адкладаць выразную паставу надалей і надалей. І зноў пераконваць Лукашэнку — ну зрабі ты хоць што-небудзь, каб мы захавалі твар”.

Аляксандар Мілінкевіч

Андрэй Фёдараў
Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч мяркуе: сваім рашэньнем Эўразьвяз паказвае, што ён расчараваны дзеяньнямі беларускіх уладаў, але не адмаўляецца ад дыялёгу.

“Дыялёгу няма пазытыўнай альтэрнатывы. Таму дыялёг трэба працягваць. І ён не павінен быць аднабаковым. Вельмі важна, каб беларускі бок выконваў абяцанае — зьмены заканадаўства, рэгістрацыю арганізацый, спыніў палітычны перасьлед на Беларусі. Ад гэтага ў значнай ступені залежыць хуткасьць інтэграцыйных працэсаў з Эўропай”.

Рашэньне Эўразьвязу не спадабаецца беларускім уладам, але яны будуць вымушаныя зь ім зьмірыцца, перакананы палітоляг Андрэй Фёдараў.

“Як мне падаецца, на Беларусь з Усходу ідзе ціск, таму патрэбная падтрымка Захаду. І рваць адносіны з Захадам з-за таго, што стан спраў тут не пагоршыўся, а застаўся, які й быў, — мне здаецца, было б вельмі недальнабачным. Беларускія ўлады на гэта ня пойдуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG