Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнцкія інтэрнаты ператварыліся ў рэзэрвацыі для хворых


Эпідэмія грыпу абвешчаная і на Гарадзеншчыне. Такім чынам, ніводзін зь беларускіх рэгіёнаў не абмінула небясьпека. 12 лістапада карэспандэнты “Свабоды” даведваліся пра найбольш складаныя сытуацыі, высьвятлялі, чаму не хапае ложкаў у шпіталях і лекаў нават для цяжка хворых.


ВІЦЕБШЧЫНА


У лякарнях тэрмінова вызваляюць аддзяленьні, каб прымаць хворых з дыягназам “пнэўманія”

Паводле афіцыйных заяваў чыноўнікаў Віцебшчыны, эпідэмія грыпу пайшла на спад, колькасьць захварэлых зьмяншаецца. Аднак гэтыя зьвесткі абвяргаюць пацыенты тамтэйшых лякарняў.

Вучні 249-ці школаў Віцебшчыны ўсё яшчэ ня ходзяць на заняткі: 159 школаў працягнулі вакацыі, а яшчэ 90 абвясьцілі перапынак у навучаньні да 15-га лістапада.

Тым часам у віцебскіх шпіталях тэрмінова выпісваюць пацыентаў гастраэнтэралягічных, нэфралягічных, кардыялягічных, гінэкалягічных і нават хірургічных аддзяленьняў, каб прымаць хворых з дыягназам “пнэўманія”.

“Мяне нават з рэанімацыі выпісалі раней, бо паступіла жанчына зь цяжкай формай пнэўманіі”


Спадарыня Людміла, якія перанесла цяжкую апэрацыю, мусіла выпісацца з чыгуначнага шпіталя на 6-ты дзень, замест таго, каб прабыць пад кантролем лекараў 10 дзён:

“Мяне нават з рэанімацыі выпісалі раней, бо жанчына паступіла з пнэўманіяй. Усё крычала: “Доктар, ой, дапамажыце, ой, цяжка дыхаць!” Патэлефанавалі па аддзяленьнях, каб нас забіралі, і мяне разам з кропельніцай так і адвезьлі ў палату. Увогуле, мая плянавая апэрацыя ў шпіталі была апошняя. Потым галоўны ўрач даў указаньне, каб усіх выпісвалі з нашага паверха. Наша аддзяленьне — на 40 чалавек, суседняе — столькі ж. Гэта колькі ж людзей хворых вязуць! А Лукашэнка ўсё адно будзе казаць: “Крызісу ў нас няма і грыпу ў нас няма!”

На барацьбу з эпідэміяй кінулі студэнтаў шостага курсу


Віцебскія лекары — адмыслоўцы-кардыёлягі, гінэколягі, нэфролягі і г.д. — мусілі тэрмінова перакваліфікавацца, каб ратаваць хворых ад пнэўманіі.

Асобнай праблемай стала тое, што, як кажуць, “на эпідэмію” паслалі студэнтаў шостага курсу Віцебскага мэдычнага ўнівэрсытэту. Выкладчыца спадарыня Марына абураецца: студэнты пайшлі непадрыхтаваныя і сталіся дадатковай нагрузкай для лекараў-практыкаў:

“Патэлефанаваў шэф і кажа: “Цяпер вам будзе лягчэй, студэнтаў забіраюць на эпідэмію грыпу”. Неяк па паліклініках іх разьмеркавалі. Але трэба ж было сказаць нам, выкладчыкам, каб мы іх навучылі, што ды як. Цяпер, кажуць, яны пазашываліся па кутах і сядзяць, баяцца. Замацавалі іх нібыта за канкрэтнымі лекарамі, але студэнты тэлефануюць: “Забярыце нас адсюль, мы нікому тут не патрэбныя”.

У Міністэрства аховы здароўя зьвярнуліся бацькі віцебскіх студэнтаў


Спэцыяліст кажа, што старшакурсьнікі, накіраваныя цяпер у мэдычныя ўстановы, сталіся “групай рызыкі”: яны яшчэ ня маюць такога моцнага імунітэту, які выпрацоўваецца за час доўгай працы, і калі захворваюць самі, то нясуць інфэкцыю ў студэнцкія інтэрнаты.

На сайце Міністэрства аховы здароўя нядаўна зьявіўся калектыўны ліст ад бацькоў віцебскіх студэнтаў-мэдыкаў. У ім напісана, што студэнты масава хварэюць на грып і прастудныя захворваньні, а кіраўніцтва мэдычнага ўнівэрсытэту не зьвяртае на гэта ўвагі.

Паводле апошніх зьвестак, усім будучым мэдыкам дазволена не хадзіць ні на заняткі, ні на працу, калі яны пачуваюцца блага. Студэнцкія інтэрнаты практычна ператварыліся ў рэзэрвацыі для хворых, кажа спадарыня Марына:

“Што значыць — няхай студэнты ня ходзяць на заняткі? Ім жа дапамога патрэбная, іх трэба паслухаць, сказаць, якія лекі купіць! Гэта ж дзеці недавучаныя! Як можна іх так кідаць? Да іх трэба ў інтэрнаты ісьці, каб лячыць, а не падманваць!”


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Грып не сакрэтны, сакрэтная пнэўманія

Паводле зьвестак Гомельскага абласнога цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі, у лістападзе на грып захварэлі амаль 82 тысячы чалавек. Палова зь іх — дзеці. На карантын у рэгіёне яшчэ закрытыя 386 школаў, 2 дзіцячыя садкі й 12 прафтэхвучэльняў, у тым ліку ў Мазыры, Калінкавічах, Рэчыцы, Рагачове, Чачэрску.

У кантрольных гарадах — Гомелі, Мазыры й Рэчыцы — эпідэмічны парог захворваньняў перавышаны ў 11—17 разоў.

Хто з начальства ўводзіць у зман журналістаў?

Апошнімі днямі ў СМІ зьявілася інфармацыя, што на Гомельшчыне ад пнэўманіі памерлі 8 чалавек, у тым ліку і супрацоўніца Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі чалавека. Прынамсі, пра гэта журналістам паведаміў начальнік управы аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму Мікалай Васількоў.

У сваю чаргу, намесьніца дырэктара цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны Кацярына Цытко сказала Радыё Свабода, што з пацыентаў цэнтру ніхто ад пнэўманіі не паміраў:

“У нашай установе сьмяротных выпадкаў, дзякуй Богу, не было. Менавіта сярод пацыентаў, якія ў нас лечацца. А пра супрацоўніцу, пра якую вы пытаецеся, ня маем права паведамляць. Для нас такі загад.

Калі ж усё-ткі жадаеце ўдакладніць інфармацыю, ад чаго яна пацярпела, якая была праблема ды паталёгія, то ўдакладніце ў таго, хто пра гэта казаў, хто рабіў такія заявы”.

У рэгіянальнай управе аховы здароўя наагул адмаўляюцца даваць якія-колечы камэнтары наконт захворваньняў на пнэўманію. Намесьнік начальніка ўправы Міхаіл Прыступін адсылае журналістаў у прэсавую службу аблвыканкаму:

“Уся інфармацыя ў прэс-цэнтры аблвыканкаму. Калі ласка, тэлефануйце туды”.

У Гомелі не хапае й лекаў

У аблвыканкам адсылаюць і тых, хто скардзіцца на адсутнасьць у Гомелі лекаў. У аптэчнай сетцы абласнога цэнтру па-ранейшаму бракуе супрацьвірусных прэпаратаў. Вось што, у прыватнасьці, заяўляюць гараджанам у гомельскай аптэцы № 167:

“Супрацьвірусных прэпаратаў пакуль няма. Толькі ёсьць вітаміны, антыбіётыкі, ёсьць шыпучыя распушчальныя прэпараты супраць тэмпэратуры, жарапаніжальныя — і ўсё. Павязак таксама няма. Тыя, што былі, усе разабралі”.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Супрацьгрыпозныя лекі ўсё яшчэ абяцаюць падвезьці

Толькі на гэтым тыдні ў Горадні абвясьцілі эпідэмію грыпу. Паведамляецца таксама, што на карантыне пакуль толькі 9-я гімназія. У Лідзе тым часам усе школы зачыненыя на тыдзень.

Сёньня ў Горадні адбываецца абласная нарада санэпідэміёлягаў вобласьці. У прыёмнай гэтай установы паведамілі, што ўсе спэцыялісты задзейнічаны і інфармацыю можна будзе атрымаць толькі заўтра.

На гэты момант вядома, што па мэдыцынскую дапамогу ў абласным цэнтры зьвярнуліся звыш васьмі тысяч чалавек. На карантыне — 9-я гімназія. Кажа яе дырэктар:

На карантыне — толькі старэйшыя клясы

“У нас на карантыне толькі старэйшыя клясы — 5—11, астатнія вучацца. Мяркуем, што карантын абвясьцілі толькі на тыдзень”.

Мэдыкі кажуць, што сытуацыя зьмяняецца штодня. Учора да заняткаў прыступілі навучэнцы вучылішча ў Міры Карэліцкага раёну. Там карантын працягваўся адзін тыдзень.

У вёсцы Альхоўка сёньня пахавалі юнака, які захварэў у Менску на пнэўманію

Ва ўсіх школах Ліды працягваецца карантын, які быў абвешчаны на тыдзень у мінулы панядзелак. А вось у вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну сёньня хаваюць маладога хлопца, які вучыўся ў Менску і там захварэў на пнэўманію. Кажа Іван Крук:

“У нас адзін чалавек памёр зь мястэчка Альхоўка. Малады, 23 гады, вучыўся ў Менску, там захварэў на пнэўманію — і вось прывезьлі, сёньня пахаваньне. Бацькі і аднавяскоўцы проста ў шоку. Хлопец малады і вучыўся добра”.

Таксама ў Гарадзенскім рэгіёне жыхары працягваюць скардзіцца на нястачу антыгрыпозных лекаў. Прызнаюць гэта і ў аптэках.

“Рэмантадын і аксалінавая мазь будуць заўтра, бо яшчэ ня выйшлі зь лябараторнага кантролю”.

Вядома на сёньня, што супрацьэпідэміялягічныя мерапрыемствы ўведзеныя ў абласным цэнтры, Лідзкім, Мастоўскім, Ваўкавыскім, Зэльвенскім, Ашмянскім і Слонімскім раёнах. Дагэтуль у вобласьці няма афіцыйнай інфармацыі пра хворых на так званы сьвіны грып.

Ад грыпу ратуюць... часнок і малітва


Чым стараюцца засьцерагчыся ад хваробы гарадзенцы? Газэта “Вечерний Гродно”, напрыклад, друкуе прызнаньне аднаго з гарадзенскіх праваслаўных сьвятароў: “Ратуемся салам, часныком і малітвай. Можна выпіць сто грамаў. Лекі ніколі не прымаў…”

А якім сродкам аддаюць перавагу каталіцкія ксяндзы? Першае тэлефанаваньне — у катэдральны касьцёл.

Ксёндз: “Ведаеце што: без дазваленьня пробашча не магу даць ніякай інфармацыі, а пробашч будзе ў нядзелю”.

Карэспандэнт: “Мне ня важна — у якім касьцёле, мяне цікавіць: вось вы самі прымаеце нешта?”

Ксёндз: “Канечне, вітаміны розныя, а лекі — не…”

“Ня трэба адразу хапацца за хімічныя сродкі...”

Пагадзіўся сказаць пра эпідэмію і сродкі ад грыпу ксёндз Аляксандар Шэмет:

“Людзі часта перабольшваюць небясьпеку, якая ёсьць. Не заўсёды вінаваты грып, вінаватыя людзі, якія не клапоцяцца аб сваім здароўі. Трэба дбаць пра гэта за месяц, асабліва ў Беларусі, дзе надвор’е зьмяняецца штонекалькі гадзінаў. Павінны быць вітаміны самыя простыя, тая ж морква.

Веруючыя павінны таксама маліцца ня толькі дзеля сябе, але дзеля ўсіх, калі гэта выпрабаваньне Божае. Але самае галоўнае, каб імкнуліся берагчы сваё здароўе. Я кажу: гігіена, вітаміны, якія пад рукой ёсьць сёньня, але мы гэтага не заўважаем — той самы мёд, той самы часнок, цытрыны. І ня трэба хапацца за гэтыя хімічныя сродкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG