Жанна Барадзіна зь Берасьця свайго сына-першаклясьніка сёньня ў школу не адпусьціла. Яна кажа, што перад гэтым шмат раілася з настаўнікамі, калегамі па працы, мэдыкамі, і вось як тлумачыць сваё рашэньне:
60% хворых былі менавіта дзеці ...
“Сёньня дзеці выйшлі ў школу, і я думаю, што да панядзелка становішча ізноў будзе ня вельмі добрае, бо 60% хворых былі менавіта дзеці. Таму вось гэтых двух дзён будзе цалкам дастаткова, каб быў новы ўсплёск. Да панядзелка я трымаю дзіця дома, бо мне прасьцей зрабіць так, чым пасьля яго лячыць”.
Бацькі менскіх школьнікаў кажуць, што ў навучальных установах сёньня лунае пах часныку. А дзяцей у клясах значна менш, чым звычайна. У прыватнасьці, вось што паведаміла дырэктарка гімназіі № 23 Ніна Нікіціна:
Ёсьць клясы, дзе прысутнічае 30% ад усяе клясы, ёсьць — дзе 60% ...
“Ёсьць клясы, дзе прысутнічае 30% ад усяе клясы, ёсьць — дзе 60%. Маленькіх дзетак менш, сярэдніх менш, старэйшых больш. І мы так дамовіліся, што бацькі павінны вырашыць самі. Я ня думаю, што гэтыя два дні неяк моцна паўплываюць на якасьць ведаў. Толькі трэба, каб ад бацькоў была заява, што яны просяць, каб дзеці пабылі дома. І ўсё. Бо калі сёньня нехта з дырэктараў надумае і скажа, што ўсе бягом у паліклінікі па даведкі за гэтыя два дні, то там будуць чэргі, як адпачатку”.
Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што колькасьць захворваньняў на грып і прастуду ў Беларусі зьмяншаецца. Аднак мэдыкі-практыкі заяўляюць, што плынь хворых радзейшаю ня робіцца. Таму бацькі павінны самі вырашаць, як аберагаць сваіх дзяцей-школьнікаў, кажа лекар адной зь менскіх паліклінік:
“Я працую ў клініцы, і пацыентаў мне хапае — вірусы і грып, у тым ліку, цыркулююць вельмі шырока ў Беларусі. Як бацька і як лекар, я б зрабіў прышчэпку і кантраляваў бы неспэцыфічныя захады прафіляктыкі. Прынамсі, калі ў клясе быў бы хто хворы, то, пэўна, тэлефанаваў бы настаўніцы, каб яна забясьпечыла нейкую ізаляцыю. Ну, ня ўсё ж жыцьцё перапыніць”.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, зараз прыпыненае навучаньне ў 1477 школах і сярэдніх спэцыяльных установах, аднавіліся заняткі ў 571 установе адукацыі. Таксама на сёньня ў Беларусі зарэгістравана 165 выпадкаў захворваньня на сьвіны грып, а ў аптэках краіны па-ранейшаму няма дастатковай колькасьці мэдпрэпаратаў антывіруснага дзеяньня.