Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палецкіс: прызнаньне Беларусьсю Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі нэгатыўна паўплывае на дачыненьні з ЭЗ


Уладзімер Макей, Клаўс Мангольд і Гебхардт Вайс
Уладзімер Макей, Клаўс Мангольд і Гебхардт Вайс

У Менску завяршыўся беларуска-нямецкі форум, на якім абмеркаваны пэрспэктывы Беларусі ў праграме Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”.

Аптымістычны настрой прыхільнікаў дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам сапсавалі паведамленьні пра тое, што афіцыйны Менск рыхтуецца да прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Калі гэта насамрэч адбудзецца, то як гэта ўспрымуць эўрапейцы? Удзельнік форуму, дэпутат Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс заявіў карэспандэнту “Свабоды”:

Юстас Палецкіс
“Хаця гэта фармальна не зьвязана з удзелам ва Ўсходнім партнэрстве, але, несумнеўна, гэта нэгатыўна паўплывае на дачыненьні Эўразьвязу і Беларусі. І калі гэта адбудзецца да 16-га лістапада, калі Эўразьвяз будзе прымаць рашэньне адносна падаўжэньня ці непадаўжэньня забароны на выдачу візаў, гэта быў бы даволі дэманстратыўны крок. Я шкадаваў бы аб гэтым, бо непазьбежна будзе цяжэй абараняць пазыцыю разьвіцьця сувязяў і адкрыцьця дзьвярэй. Яна стане слабейшай. Я ня думаю, што гэта скончыцца тым, што Беларусь страціць магчымасьць удзелу ва “Ўсходнім партнэрстве”, але ўскладненьні непазьбежныя”.

Калі гэта адбудзецца пасьля рашэньня Рады Эўразьвязу, то, паводле спадара Палецкіса, гэта будзе тактычны манэўр з боку афіцыйнага Менску.

Таксама Юстас Палецкіс не выключае, што ў найбліжэйшы час Эўрапарлямэнт вернецца да разгляду сытуацыі ў Беларусі і, магчыма, будзе прынятая рэзалюцыя. А яму даручана падрыхтаваць даклад пра стасункі Эўразьвязу і Беларусі.Такія паведамленьні пра дачыненьні ЭЗ з краінай звычайна робяцца раз на дзесяць гадоў. Упершыню гэты дакумэнт будзе тычыцца Беларусі.

“Так што магу ўявіць, што мяне чакае вельмі нялёгкая задача знайсьці нейкі кансэнсус, які аб’яднаў бы парлямэнтароў розных фракцый з розных краінаў. Бо выказваюцца самыя розныя меркаваньні адносна будучыні разьвіцьця стасункаў паміж ЭЗ і Беларусьсю. Гэта дакумэнт, які накіраваны на будучыню. І не хацелася б, каб гэта было на фоне нэгатыўнага разьвіцьця стасункаў паміж Брусэлем і Менскам”.

Падсумоўваючы заявы афіцыйных асобаў, якія бралі ўдзел у форуме, спадар Палецкіс адзначыў: Менск лічыць, што мяч на баку Эўразьвязу і менавіта Брусэль павінен зрабіць пэўныя крокі.

“Ну, а ЭЗ цьвердзіць, і на гэта значна больш падставаў, што мяч на палове поля беларускай, афіцыйнай, што трэба дзейнічаць ва ўзгодненых кірунках, што тычыцца разьвіцьця дэмакратыі”.

Часовы павераны ў справах прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль, выступаючы на закрыцьці форуму, адзначыў, што ўдзел ва “Ўсходнім партнэрстве” грунтуецца на каштоўнасьцях Эўразьвязу. Пэрспэктыва ў палітычных стасунках не выключае 12 вядомых прынцыпаў. Але найперш у Беларусі не павінна быць палітвязьняў, павінны адбыцца зьмены ў выбарчым заканадаўстве, забясьпечана свабода мэдыяў, асацыяцый і сходаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG