Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ўшанавалі памяць Тамары Раманьковай


Тамара Раманькова
Тамара Раманькова

Сёньня ў Магілёве на Машэкаўскіх могілках адкрылі памятны знак адной з пачынальніц дэмакратычнага руху Тамары Раманьковай. Грошы на надмагільле зьбіралі талакой. У ёй узялі ўдзел больш за сто чалавек.

Тамара Раманькова, Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык на мітынгу ў ліпені 1994 г.

Ушанаваць памяць Тамары Раманьковай прыйшлі два дзясяткі чалавек. Да памятнага знаку леглі кветкі, вянкі. Запалілі сьвечкі. Адбыўся невялікі жалобны мітынг. Яго адкрыў магілёўскі гісторык Ігар Пушкін.







Ігар Пушкін


25 сакавіка 2009 году падчас сьвяткаваньня ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі дэпутат гарадзкога савету, гісторык Аляксандар Агееў прапанаваў ушанаваць памяць Тамары Раманьковай — усталяваць помнік. У верасьні было вырашана сабраць ахвяраваньні на надмагільны помнік. Больш за сто чалавек спрычыніліся да гэтай дужа важнай справы”.



Самога Аляксандра Агеева на адкрыцьці надмагільнага знаку не было. Ён у камандзіроўцы. Зь ім удалося пагаварыць напярэдадні:

“Пік яе дзейнасьці прыйшоўся на канец васьмідзясятых. Яна тады адыграла вельмі важную ролю, найперш сьмеласьцю сваёй. Яна прыкрывала першыя дэмакратычныя суполкі. У яе на працы сходы адбываліся. Таму гэты чалавек варты павагі хаця б за сваю сьмеласьць. Потым, надакучыла слухаць лямант такі агульны — ня робіцца нічога, ня робіцца. Хацелася б, каб мы самі нечага зрабілі, хаця б нейкі крок. Каб на магіле ў чалавека, у якога няма нашчадка, зьявіўся нармальны, прыстойны надмагільны помнік. Можа, пасьля гэтага й іншыя справы пойдуць”.
Аляксандар Агееў


Усё жыцьцё Раманькова жыла паводле прынцыпу “Зь бяспамяцтва вырвацца…” Гэтыя словы цяпер на яе надмагільлі. Пра справы Раманьковай на яе магіле расказваў Міхась Булавацкі:

“Пасьля таго як у Менску быў праведзены ўстаноўчы сход асацыяцыі “Мартыралёг Беларусі”, яна там была адзіная ў Магілёве, яна вырашыла стварыць тут яе філію. Гэта быў 1988 год. КДБ яшчэ лютаваў. Яна сабрала людзей, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у стварэньні. Прыехаў сюды й Пазьняк. Нас адусюль гналі. Тады яна правяла нас у вучэльню культуры, зачыніла дзьверы, і там мы стварылі на трэцім паверсе філію “Мартыралёгу”. Яна знайшла зьвесткі пра масавыя расстрэлы людзей у яры, каля мясакамбінату, там цяпер крыж. Удзельнічала ў пошуку пахаваньня Цішкі Гартнага. У Пячэрскім лесапарку цяпер памятны знак яму”.

На надмагільлі Тамары Раманьковай няма ні дня народзінаў, ні дня сьмерці. Яны невядомыя. Памерла яна ў самоце. Паводле судмедэкспэртаў, яе цела праляжала прыкладна паўгода ў кватэры. Прычыну сьмерці так і не ўдалося вызначыць. Пахавалі яе на Машэкаўскіх могілках побач з маці ў лютым 1999 году.

Надмагільны знак Тамары Раманьковай

Ушанаваць памяць Раманьковай прыйшлі два дзясяткі чалавек
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG