Перад гэтым яны ўсур’ёз зьбіраліся праводзіць свой зьезд на Кастрычніцкай плошчы Менску.
Дамова на арэнду залі з адміністрацыяй Палаца культуры МТЗ была падпісаная за паўтара дні да пачатку партыйнага зьезду. Зьвестак пра тое, што дэлегатам нехта перашкаджае выехаць у Менск, пакуль няма, — паведаміў адзін зь лідэраў стваранай партыі Павал Севярынец. Саступкі менскіх уладаў у справе залі ён лічыць першай невялікай перамогай:
“Думаю, што прадстаўляць памяшканьне не плянавалася. Улады разьлічвалі, што, магчыма, мы перавядзем зьезд у нейкі там сьціплы фармат, правядзем яго ў цесным памяшканьні, адменім… Не, мы заявілі з самага пачатку, што зьезд адбудзецца 31 кастрычніка пры любых умовах”.
Паводле арганізатараў зьезду БХД, у ім возьме ўдзел каля 300 дэлегатаў і столькі ж гасьцей. Апрача дэлегатаў, на форуме выступяць госьці: А. Мілінкевіч, А. Казулін, С. Шушкевіч, А. Янукевіч, прадстаўнікі замежжа.
Гэта другі ўстаноўчы зьезд БХД. Раней Мін’юст адмовіўся зарэгістраваць партыю, спаслаўшыся на разыходжаньні паміж пададзенымі пратаколамі і сьведчаньнямі заснавальнікаў партыі пра іх удзел у сходах. Гэтым разам, як кажа спадар Севярынец, актывісты БХД падрыхтаваліся, каб ніякіх юрыдычных пытаньняў у Мін’юсту не было.
Тое, што партыі перашкаджаюць утварыцца, не рэгіструюць яе, Павал патлумачыў наступным чынам:
“Гэта страх перад новай сілай, якая кідае выклік уладзе і б’е па самым балючым месцы — кажа пра сумленнасьць і маральнасьць улады. Нашая ўлада хлусіць, запалохвае людзей, не зьяўляецца ўладай нацыянальных інтарэсаў, і гэта асноўная прычына, чаму ўлада баіцца пераменаў”.
Беларуская партыя свабоды і прагрэсу праводзіла ўстаноўчыя зьезды чатыры разы, два разы судзілася зь Мін’юстам, але так і не была зарэгістраваная. Яе лідэр Уладзімер Навасяд зьбіраецца праводзіць новыя ўстаноўчыя зьезды ды раіць не стамляцца і актывістам БХД.
“Калі мы ня будзем праводзіць зьезды, то мы будзем проста мафіяй, а мы павінны нейкія дэмакратычныя традыцыі вырошчваць хаця б у сябе… Можа, пройдзе зьезд, можа, нехта іншы стане старшынёй. Дэмакратычныя працэдуры для нас вельмі важныя”.
Уладзімер Навасяд раіць БХД пасьля зьезду актыўна рыхтавацца да мясцовых выбараў, якія стануць плятформай для будучых прэзыдэнцкіх выбараў.