Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла восем аўдыёкніг Караткевіча за раз


Адразу восем аўдыёдыскаў з запісамі твораў Уладзімера Караткевіча, запакаваных у адзін плястыкавы куфэрак, выйшлі ў сьвет. Усе творы гучаць у выкананьні знанага беларускага майстра мастацкага чытаньня Андрэя Каляды.

На дысках — раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, аповесьць“Дзікае паляваньне караля Стаха” і яшчэ шмат якія празаічныя і паэтычныя творы пісьменьніка.

Агульны час гучаньня — сто дваццаць з паловай гадзінаў.

Андрэй Каляда правёў у студыі з гукарэжысэрам Алесем Калошам, чытаючы Караткевіча, амаль год. А задумаў выдаць любімыя творы любімага пісьменьніка нашмат раней.

“Гэта даўно недзе ўнутры высьпявала. Але дасьпела цяпер, калі я пачаў з Алесем Калошам працаваць. Ён увогуле хацеў, каб я запісаў анталёгію Караткевіча. Ну, але на такое, можа, яшчэ творчых маіх сіл хапіла б, а вось каб гэта ўсё зрабіць, выдаць, то не. Таму што і гэты зборнік дыскаў, каб ня грант, то я ня змог бы выдаць”.

Выданьне зьявілася дзякуючы новай грамадзкай ініцыятыве “Мова”, якую падтрымалі некалькі замежных фондаў. Наклад зборніка дыскаў Караткевіча — трыста асобнікаў. Прадавацца яны, кажа спадар Каляда, ня будуць.

“Распаўсюджваецца толькі ў адукацыйных мэтах. Усё пойдзе толькі па бібліятэках — абавязкова. І гэта я буду сам трымаць на кантролі. І гэта такая была ўмова, калі дамаўляліся з фундатарамі на гэтае выданьне”.

Аднымі зь першых пачуюць творы Ўладзімера Караткевіча ў выкананьні Андрэя Каляды аршанцы. Сёньня адзін зь асобнікаў зборніка выдаўцы перадалі на радзіму пісьменьніка ў Літаратурны музэй ягонага імя. У нашых слухачоў таксама ёсьць магчымасьць пачуць адзін з запісаў. Прапануем паслухаць у выкананьні Андрэя Каляды верш Уладзімера Караткевіча “Мова”.

Праваслаўны або каталіцкі,
Ці які там твой будзе парог, —
Яе разам з матчынай цыцкаю
Даў табе ў твае вусны Бог.
Пі. І ведай: гіне ў пракляцьцях
І зь дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе.
І на іншых вяршынях суровых
(Вера! Роўнасьць! Свабода! Край!)
Ты струменьчык матчынай мовы,
Быццам маці, не забывай.
Ты забыў? Ну што ж, на дасьвецьці
Ты бяз сонца будзеш канаць…
Шмат прыўкрасных грудзей на сьвеце,
Ды ня ўспоіць цябе ні адна…
Сярод іншых сьвятынь неаджыўшых
Даў яе нам на кожны парог,
Твар да нас, — усялякіх, — схіліўшы,
Зь невымернаю літасьцю Бог.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG