Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самота. Старасьць. Бездапаможнасьць


У доме састарэлых
У доме састарэлых
У Беларусі на сёньня амаль 17 тысяч адзінокіх і састарэлых жывуць у дамах-інтэрнатах. Яшчэ больш як адна тысяча нямоглых чакаюць сваёй чаргі. З-за гэтага ў кастрычніку ўрад краіны змушаны тэрмінова карэктаваць дзяржаўную праграму фінансавай падтрымкі сацыяльных установаў і ствараць у іх дадатковыя месцы. Аднак на ўсіх іх ўсё роўна ня хопіць.

Сёньня карэспандэнты “Свабоды” даведваліся, як будуць зімаваць адзінокія старыя вяскоўцы, якія разьлічваюць на прытулак.

МЕНСК


За ўсе разавыя й пагадзінныя паслугі сацыяльнай службы нямоглыя мусяць плаціць


Намесьнік міністра працы й сацыяльнай абароны Валянціна Каралёва паінфармавала “Свабоду”, што ў зімовыя халады ў лякарнях Беларусі 410 ложкаў адмыслова замацуюць за старымі й нямоглымі. Яшчэ 400 дадатковых месцаў нібыта зьявяцца пасьля частковай рэканструкцыі ў некаторых дамах-інтэрнатах. “А каго зіма засьпее дома, дапамогуць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнай дапамогі”, — удакладняе Валянціна Каралёва.

“Дапамогуць, але на платнай аснове. Гэта разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі. Таксама пагадзінныя паслугі дзённага абслугоўваньня людзей, якія страцілі здольнасьць да самаабслугоўваньня. Паслугі сацыяльных цырульнікаў, міні-пральні і іншыя”.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Найлепей у сваёй хатцы…”


На Гарадзеншчыне налічваецца 13 стацыянарных дамоў-інтэрнатаў, у якіх пражывае амаль дзьве тысячы састарэлых людзей. Праўда, ня ўсе адзінокія й старыя хочуць ісьці ў падобныя інтэрнаты.

У Астравецкім раёне дома-інэрната для састарэлых наагул няма.

Спадарыня Марыя ўжо 11 гадоў жыве адна бяз мужа. Не хавае, што жыцьцё яе ня вельмі салодкае, але кажа, што да зімы сяк-так падрыхтавалася:

“Дроўцы я яшчэ маю ад свайго нябожчыка мужа, які памёр 11 гадоў таму. Астатняе сама зрабіла: вокны ўцяпліла, дзьверы ўцяпліла, печачку прапальваю…”

Асабліва цяжка, зь яе слоў, бывае, калі забірае самота. Я пытаюся: чаму б хоць на зіму не папрасіцца ў дом-інтэрнат?

“Тут у нас нямоглых людзей цяпер забіраюць у Міхалішкі ў бальніцу, але я яшчэ не хацела б туды і не хацела б наагул. Там некалі мая сяброўка ляжала два гады, і я яе адведвала… Найлепей, пакуль сам можаш, і каб яшчэ дацягнуць у хаце, як той казаў, да гэтае мяжы”.

Спадарыня Марыя кажа, што мясцовыя ўлады ня вельмі рупяцца пра адзінокіх пэнсіянэраў. Усё, што трэба каля хаты па гаспадарцы, даводзіцца рабіць самой, ніхто не дапамагае.

“Вось каб была такая служба, дзе можна было заказаць папілаваць дровы, скасіць траву… А так у нас няма нічога, даводзіцца самому бегаць, рупіцца, а людзей такіх здатных цяпер няшмат, каб маглі дапамагчы. Хай бы за грошы, абы
Сумна аднаму, ня дай Бог, гэта страшная справа… аднаму жыць.
гэта было”.

Спадар Баляслаў мае 83 гады, жыве таксама адзін. Праўда, час ад часу з-за мяжы прыяжджаюць сыны, дапамагаюць. Пра грошы і матэрыяльныя каштоўнасьці кажа, што іх хапае, але нудзіць іншае.

“Сумна аднаму, ня дай Бог, гэта страшная справа… аднаму жыць…”

Ён таксама ведае пра дамы для састарэлых, але туды нават на зіму ісьці не хацеў бы.

“Я туды не хачу, пакуль ногі ходзяць і галава працуе — усё нармальна, нікуды я не пайду, найлепей у сваёй хатцы. Ужо як зусім ня дам рады нічога рабіць, тады іншая справа, а так — не…”


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Было дваццаць месцаў, цяпер — шэсьцьдзесят


На Магілёўшчыне жыве больш за трыста тысяч пэнсіянэраў. Гэта прыкладна траціна ўсяго насельніцтва рэгіёну. Колькі зь іх адзінокіх старых — такой статыстыкі няма. Кожны сацыяльны цэнтар мае сваю, прыкладную базу зьвестак.

Нядаўна ў пасёлку Леніна адкрылі аддзяленьне кругласутачнага знаходжаньня адзінокіх старых. Тэрмін пражываньня тут — паўгода.

“Мы бяром такіх людзей, якія ня маюць дзетак, альбо ёсьць дзеці пэнсійнага веку. Мы прызначаныя толькі для таго, каб іх пакарміць, для пражываньня і адпачынку. Мы не пустуем. У свой час было дваццаць месцаў, цяпер шэсьцьдзесят”, — паведамілі ў прытулку.

“Калі чалавеку няма куды вярнуцца, няма ні дома, нічога, то падаўжаем тэрмін пражываньня. У нас ёсьць выпадкі, што гадамі людзі жывуць”, — кажа супрацоўніца цэнтру.

Прытулак у Леніна будавалі каля пяцідзесяці арганізацыяў — сьпяшаліся.

На рамонт сацыяльнага прытулку было выдаткавана 70 мільёнаў рублёў, 22 мільёны — скралі
Хутка будавалі й спэцыяльны дом для адзінокіх і старых у вёсцы Маляціцы, што на Крычаўшчыне. У 2007 годзе на рамонт двухпавярховага будынка з абласнога бюджэту выдзелілі 70 мільёнаў рублёў. Як вызначыў дзяржкантроль, кошт будоўлі наўмысна быў завышаны на 22 мільёны. Сацыяльную сфэру раёну скаланулі праверкі. Па іх выніках былі нават заведзеныя крымінальныя справы.

Цяпер у прытулку жывуць толькі трое. Іх на паўстаўкі абслугоўвае адзін сацыяльны работнік. Пасьля дванаццатай гадзіны дня яе на працы ўжо няма. Гаворыць супрацоўніца раённага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня:

“У нас наагул плянуецца перадаць гэты будынак на балянс камунальнікам, бо адкрыць нам юрыдычную асобу было немагчыма й немэтазгодна ў сувязі з эканоміяй бюджэтных сродкаў. Ахвочыя там жыць, канечне, ёсьць, аднак мы ня можам яго ўтрымліваць”.

На ўліку раённай сацыяльнай управы — 11 тысяч чалавек, зь іх 743 адзінокіх і каля сотні былых вязьняў канцлягераў.

ВІЦЕБШЧЫНА


Усе ложкі ў аддзяленьні сацыяльнай дапамогі былі занятыя яшчэ за месяц да яго афіцыйнага адкрыцьця.


Сацыяльныя службы Віцебшчыны канстатуюць, што існуе вострая патрэба ў адкрыцьці адмысловых аддзяленьняў для адзінокіх людзей старэйшага веку. Установаў, у якіх адзінокія і нямоглыя старыя маюць магчымасьць пасяліцца на некалькі месяцаў, у Віцебскай вобласьці 14.

Апошняе аддзяленьне такога кшталту было адчынена 2 кастрычніка ў вёсцы Лынтупы Пастаўскага раёну. Паводле супрацоўніцы тамтэйшай сацыяльнай службы, вольных месцаў там ужо няма, прычым засяленьне пачалося яшчэ 1-га верасьня, за месяц да афіцыйнага адкрыцьця:

“У нас 5 дзядуляў, астатнія — бабулькі. У іх або дзетак няма, або дзеці далёка недзе, за мяжой. Наймаладзейшы з насельнікаў — 1945-га году нараджэньня, а старэйшаму ўжо 93 гады. 29 чалавек на сёньняшні дзень. У цёплую пару году яны жывуць у вёсках, і там да іх ходзіць сацыяльны работнік. А цяпер наперадзе зіма. І яны ж не такія жвавыя ўжо людцы, кволенькія такія — нехта ўжо ня можа дровы насіць, печку прапаліць, нехта вады не прыцягне. А ў нас тут ім добра — душ, вада цёплая, гатуюць смачна”.

Усе насельнікі сацыяльнай установы ў Лынтупах штомесяц аддаюць дзяржаве 80% свае пэнсіі, незалежна ад яе памеру. І кожны заключыў дамову на паўгода, каб неяк перабыць халодны час.

Увогуле ў Пастаўскім раёне два такія аддзяленьні для састарэлых — у Лынтупах і ў самім райцэнтры, і ўсе яны ды зімы бываюць запоўненыя.

Прычым запатрабаванасьць такіх установаў у Віцебскай вобласьці паўсюдная: што на заходняй Пастаўшчыне, што на ўсходняй Лёзьненшчыне.

На будоўлю плянавага прытулку ў вёсцы Бабінавічы ва ўлады не хапіла грошай.
У Лёзьненскім раёне адна з установаў для часовага пражываньня старых працуе ў вёсцы Высачаны. Другую, згодна з плянамі Віцебскага аблвыканкаму, плянавалі адчыніць у наступным годзе ў вёсцы Бабінавічы. Аднак на будоўлю другога прытулку няма грошай, кажуць у Лёзьненскім аддзеле сацыяльнага забесьпячэньня:

“Другая ўстанова не адчыніцца. Няма фінансаваньня. Там дужа вялікія трэба грошы, каб перабудаваць у прытулак былы дзіцячы садок. Працы ўжо распачатыя, шмат сродкаў укладзена, але на сёньняшні дзень будынак стаіць бяз даху. І нават у бюджэтнае плянаваньне на 2010 год гэты аб’ект не ўвайшоў.

Адзіны прытулак для састарэлых на ўвесь Лёзьненскі раён запоўнены, і ёсьць чарга з ахвотных, кажа супрацоўніца райсабесу:

“Сёньня ўсё запоўнена, і ёсьць чарга, асабліва на восеньскі і зімовы пэрыяды. Бо насельніцтва ў нас старэе, вёскі ёсьць аддаленыя. Вось ёсьць вёска за 40 кілямэтраў ад Лёзна, дзе засталіся дзьве бабулькі. А туды трэба перці аўталаўку, “хуткую дапамогу” накіроўваць”.

У такой сытуацыі, калі вёскі пусьцеюць, сацыяльныя прытулкі маглі б стаць паратункам ня толькі для састарэлых жыхароў, але й для дзяржаўнай эканомікі — можна было б зэканоміць хаця б на нейкіх транспартных выдатках. Але будаўніцтва новых такіх устаноў робіцца ў Віцебскай вобласьці праблемай, бо бюджэтныя грошы ідуць на іншыя аб’екты. Да прыладу, на глябальную рэканструкцыю плошчы Перамогі, распачатую цяперашнім губэрнатарам Аляксандрам Косінцам, або на будоўлю забаўляльнага комплексу “Славянская вёска” ў цэнтры Віцебску.

Тым часам вынікі праверак у наяўных прытулках для састарэлых таксама паказваюць брак фінансаваньня. Так, у Браслаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў выйшла са строю сантэхнічнае абсталяваньне, а ў Воранаўскім — не праведзены рамонт кухні, сталоўкі і жылых памяшканьняў для нямоглых старых людзей, якія сёньня могуць разьлічваць толькі на дапамогу дзяржавы.

Даведка “Свабоды”

На сёньня ў Беларусі больш за 2,4 мільёна пэнсіянэраў, у тым ліку 156 тысяч адзінокіх грамадзян сталага веку, 47,2 тысячы вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Колькасьць месцаў у сацыяльных прытулках абмежаваная — толькі на 17 тысяч чалавек. У лік такіх прытулкаў уваходзяць:

  • 27 дамоў-інтэрнатаў для састарэлых інвалідаў;
  • 38 псыханэўралягічных інтэрнатаў;
  • 4 спэцыяльныя дамы для вэтэранаў, састарэлых і інвалідаў;
  • 4 рэспубліканскія санаторыі для вэтэранаў вайны, працы й інвалідаў;
  • Рэспубліканскі інтэрнат вэтэранаў вайны й працы ў Бараўлянах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG