Арганізатары лічаць, што правядзеньне ўстаноўчага зьезду БХД на вуліцы добра прадэманструе палітычную сытуацыю ў краіне.
“Мы гатовыя як да правядзеньня зьезду ў памяшканьні, так і да правядзеньня зьезду БХД на плошчы. У некаторым сэнсе зьезд на плошчы будзе яшчэ больш розгаласны, яшчэ больш паказальны, чым зьезд у залі.
Калі замежнікам, якія належаць, падкрэсьліваю, да кіруючых партый Эўропы, давядзецца напрыканцы кастрычніка стаяць на марозе насупраць адміністрацыі прэзыдэнта, то гэта будзе цудоўная ілюстрацыя да так званай лібэралізацыі і да ўсіх сьцьверджаньняў рэжыму пра тое, што ў нас адбываюцца грунтоўныя пазытыўныя зьмены. Дык вось, калі ласка, вам і карцінка”.
Арганізатары ўстаноўчага зьезду зьвярталіся ў МЗС і да дыпмісіяў краінаў Заходняй Эўропы і ЗША, каб тыя паспрыялі ў справе рэгістрацыі партыі.
Нагадаем: напрыканцы лютага адбыўся ўстаноўчы зьезд БХД. Пасьля таго як дакумэнты на рэгістрацыю трапілі ў Мін’юст, заснавальнікі партыі адчулі ціск з боку ўладаў. Іх прымушалі адмаўляцца ад подпісаў. Некаторыя страцілі працу, іншых адлічылі з вучобы.
13 траўня Мін’юст адмовіў БХД у рэгістрацыі. Тады заснавальнікі партыі пачалі рыхтаваць новы ўстаноўчы зьезд. Гэтым разам, паводле Паўла Севярынца, толькі гасьцей з замежжа будзе каля 400 чалавек.
“Беларускае МЗС абяцала адразу некалькім міністрам замежных спраў, што зьезд БХД пройдзе без праблемаў. Гэта тое, што мне казалі падчас сустрэч самага высокага ўзроўню — у Літве, у Швэцыі, у Галяндыі і г.д. То бок абяцаньне такое было. Гэта адно з асноўных пытаньняў, якое будзе тэставацца ў сытуацыі рашэньня па Беларусі 16 лістапада”.
Павал Севярынец паведаміў, што пазоў супраць БТ за фільм пра БХД знаходзіцца ў судзе. Ён зазначыў, што ўсьлед за фільмам зьявілася нэгатыўная публікацыя пра БХД у газэце “Советская Белоруссия”.
Павал Севярынец паведаміў, што ўся інфармацыя, у тым ліку пра падрыхтоўку зьезду, будзе цяпер на новым сайце БХД.
Як пазытыўны момант Павал Севярынец зазначыў стварэньне незалежніцкай кааліцыі, у якую ўвойдуць БХД, “Малады фронт”, партыя БНФ ды іншыя. Прэзэнтацыя кааліцыі адбудзецца на наступным тыдні.