Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адменяць Артыкул 193-1 да паседжаньня Рады Эўразьвязу?


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў заявіў 8 кастрычніка ў Менску, што Мінюст абмяркоўвае магчымасьць адмены артыкула 193-1 Крымінальнага Кодэксу з актывістамі палітычных партый і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці.

Многія праваабаронцы, аднак, адказваючы на пытаньні журналістаў, адзначылі, што нічога не чулі пра такія перамовы. Ці адменяць улады сумнавядомы артыкул да лістападаўскага паседжаньня Рады Эўразьвязу, на якім будзе вырашацца пытаньне санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў? Якія яшчэ жэсты можа зрабіць афіцыйны Менск з мэтай зрабіць крокі насустрач эўрапейскім патрабаваньням? На гэтыя пытаньні адказвае віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.

Цыганкоў: Мінюст, здаецца, выбраў даволі арыгінальную форму, паведаміўшы, што абмяркоўвае адмену артыкулу 193-1 з актывістамі палітычных партыяў. Можна падумаць, Мінюст ня можа прыняць гэтага рашэньня без “дазволу” прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

Алесь Бяляцкі
Бяляцкі:
Можа, яны з кім і абмяркоўвалі – але мы гэтага ня ведалі. Цягам апошніх гадоў было дзясяткі, а то і сотні зваротаў да органаў выканаўчай улады, у тым ліку да Міністэрства юстыцыі. Апошні такі зварот прагучаў на канфэрэнцыі АБСЭ у Варшаве на пачатку кастрычніка, дзе юрыст Валянцін Стэфановіч зьвярнуўся да прадстаўнікоў Мінюста і МЗС з патрабаваньнем адмяніць усялякую адказнасьць, ня толькі крымінальную, за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Мне здаецца, пазыцыя і Маладога Фронту, і БХД, і праваабарончага цэнтру “Вясна”, а таксама іншых няўрадавых арганізацыяў, якія не атрымліваюць рэгістрацыю, але працягваюць актыўную працу – змушае Мінюст зьвяртаць на гэта ўвагу. Акрамя таго, хацеў бы адзначыць цьвёрдую пазыцыю міжнародных структураў якія адназначна праводзілі не адну кампанію, зьвярталіся ў розных рэзалюцыях да беларускіх уладаў з патрабаваньнем адмяніць гэты артыкул з Крымінальнага кодэксу.

Цыганкоў: У лістападзе Рада Эўразьвязу будзе вырашаць пытаньне, што рабіць з санкцыямі, уведзенымі супраць беларускіх чыноўнікаў. Відавочна, што беларускія ўлады прадпрымаюць такія крокі напярэдадні гэтай сустрэчы. Ваш прагноз – ці яны могуць адмяніць артыкул 193-1 яшчэ да гэтага саміту ці будуць трымаць гэтае пытаньне “падвешаным”?

Бяляцкі: Паводле лёгікі падзеяў, улады мусяць скасаваць гэты артыкул перад эўрасамітам. Бо адназначна гэта павялічыць бясьпеку працы няўрадавых арганізацыяў, падштурхне да павялічэньне іхняй актыўнасьці. Таму я думаю, што такі крок эўрапейскія ўлады адназначна заўважылі б. Іншая справа, што толькі гэтага кроку мала.

Цыганкоў: Якія з крокаў, якія ўладзе, скажам так, “не цяжка” зрабіць, якія не пагражаюць яе палітычным пазыцыям, уладу магла б зрабіць у найбліжэйшы час?

Бяляцкі:
Мы спадзяемся на ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Мы праводзім грамадзянскую кампанію супраць сьмяротнага пакараньня. 10 кастрычніка будзе Сусьветны дзень супраць сьмяротнага пакараньня ва ўсім сьвеце, і беларускія праваабаронцы ў розных гарадах будуць адзначаць гэтую дату, пратэстуючы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG