Чаму маўчалі?
Ад панядзелка з падачы спадара Шумчанкі мы дамагаліся хоць што-небудзь уведаць пра тое, ці адбудзецца насамрэч падвышэньне аўтамыта? Калі? На колькі? Тое самае рабілі й журналісты іншых рэдакцыяй, бо рынкі ў зьвязку з чаканым падпісаньнем 27 лістапада ў Менску адзінага Мытнага кодэксу для Беларусі, Расеі і Казахстану хіба ці не ў гістэрыі — літаральна перапоўненыя гандлярамі й пакупнікамі.
“Людзі, якія даўным-даўно званілі мне, якія і раней ніколі не гаварылі пра машыны, раптам тэлефануюць з просьбай аб дапамозе знайсьці ці выбраць аўто. Так што ажыятаж відавочны: усе начутыя, што відавочна ад 1 першага студзеня цэны стануць прыкладна на 30-35 працэнтаў даражэй”.
Нягледзячы на тое, улады дружна захоўвалі маўчаньне.
Намесьніца старшыні Камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Ала Ісачэнка:
“Я магу сказаць толькі асабіста за сябе, я ня маю права гаварыць за ўсю камісію…”
Кіраўнік прэсавай службы Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімер Пехцераў:
“Магу пагаварыць з вамі, аднак адказваць на пытаньні — наўрад ці…”
Намесьнік управы зьнешнеэканамічных сувязяў Міністэрства эканомікі Сяргей Нячаеў:
“Давайце пачакаем падпісаньня, бо пакуль толькі праект…”
Што хавалі?
Нягледзячы на запыты грамадзкасьці, улады фактычна адмаўляюцца патлумачыць сутнасьць таго што, як і чаму адбываецца. У выніку рынак поўніцца самымі рознымі вэрсіямі. Слухаем адно з такіх тлумачэньняў. Бізнэсовец Антон Ляшчэня:
“Сёлетнім студзенем Пуцін прыняў новую, драконаўскую аўтамыту. Каб абараніць сваю прамысловасьць. Дык вось, груба кажучы, трохлітровы аўтамабіль мы тут размытнівалі недзе за 2 700 даляраў, а расейцы там — прыблізна за 8. У тры разы больш, так? А з 11 студзеня ўвялі так званую часовую мыту, якая яшчэ прыблізна ў тры разы большая за тую, якая была. І цяпер мы вядзем размову пра ранейшы, дапуцінскі расейскі ўзровень для Беларусі”.
Праблему празрыстасьці прыняцьця важных для соцыюму эканамічных рашэньняў уладай камэнтуе юрыст, палітоляг Юрась Чавусаў:
“У наяўнасьці непрадказальнасьць нашай законатворчай дзейнасьці, якая накладае свой адбітак на гаспадарчае жыцьцё. А тое, што людзі хвалююцца і знаходзяцца ў стане няўпэўненасьці ў заўтрашнім дні — ніхто ня ведае, прымуць ці не гэты дакумэнт, ну, гэта таксама рацыянальна абумоўлена. Урэшце, усе цудоўна ведаюць, у якой сыстэме і ў якой краіне яны жывуць і як тут прымаюцца кіраўнічыя рашэньні”.
“То бок, напрыклад, у Польшчы такая вось гульня наўздагад не адбылася б? Уласна, гульня была б, але…”
“Палітыкі паўсюль аднолькавыя… Але там прэса гэта б выкрыла і пачаўся б скандал. За ім — абмеркаваньне, уключыліся б іншыя палітычныя групы… Таму прыняцьце такога рашэньня адбывалася б у фармаце публічнага узгадненьня інтарэсаў розных групаў грамадзтва”.
Як пачыналася?
Аўтарынкі Беларусі традыцыйна ажыўляюцца недзе пад канец летняга адпачынку. Аднак сёлета гэта адбылося, цьвердзяць нашыя суразмоўцы, менавіта з-за навіны пра падвышэньне мыта. Бо гэткага самага традыцыйнага веснавога буму наагул не было — абвал пачаўся ад леташняга сьнежня. У асноўным да цяперашняй восені з рук у рукі на другасным аўтарынку пераходзілі танныя машыны ад двух да пяці тысяч даляраў. Дарэчы, найбольш актывізаваўся цяпер сэгмэнт аўтамашын, кошт якіх перавальвае за 10 тысяч умоўных адзінак.
Вадзім Саланец — аўтаспэцыяліст з залатымі рукамі.
— Пачалі часьцей зьвяртацца да маёй дапамогі з выбарам машыны… Бо магу нешта сказаць ім наконт тэхнічнага складу аўто. Напрыклад, апошнім разам купляў “Сузукі” 2005 году, на сьпідомэтры 53 тысячы, каштавала ўсё 5 тысяч даляраў. За такую самую цану купілі і “А-3” 2000-га… То бок кошты значна ўпалі.
— Паніка іх пакуль не падняла?
Калі машына раней каштавала 20 тысяч, то цяпер праблемна збыць яе за 12.
— Не-не…
Паводле Вадзіма, і не яго аднаго, — сёлета цэны рэзка скокнулі ўніз.
“Калі машына раней каштавала 20 тысяч, то цяпер праблемна збыць яе за 12… Таньней такія аўто масава сталі прыкладна на 6 тысяч”.
Вадзіма дапаўняе бізнэсовец Антон Ляшчэня:
“Пайшла тэндэнцыя такая: гандляры цягам гэтага году думалі не пра тое, каб зарабіць на імі ж купленым для продажу, а — каб “адбіць” хоць бы затрачаныя на пакупку грошы…”
Хто зацікаўлены?
Асяродак гандляроў і пакупнікоў добра ведае аўтааматар Уладзімер Кочнеў — ён, як кажуць, жыве машынамі, таму зь цікавасьцю адсочвае цяперашні ажыятаж.
— Як рэагуюць на сытуацыю вашы калегі?
— Спадзяюцца, што падымецца мыта і ўсяляк пераконваюць у гэтым іншых, каб збыць тое, што стаіць у іх ужо па паўгады. Частка людзей заўсёды рэагуе на чуткі — ляцяць і робяць тое, што варта рабіць толькі тады, калі нешта сапраўды здараецца.
Перакананы: падвышэньня мыта ня будзе!
— У прынцыпе можна яшчэ пачакаць?
— Украінцы ўвялі забарону на ўвоз машын, старэйшых за 10 гадоў. І цяпер там мой В-2 “Пасат” перапрадаецца паміж украінцамі па цане 5-6 тысяч даляраў. А я тут змагу аддаць яго цяпер усяго за паўтары, 2 тысячы — ня больш.
— Дайце параду, што рабіць?
— Я б ня кідаўся безаглядна. Бо купіце тое, што вам прапаноўваюць… Досьвед сьведчыць: трымаць грошы ў валюце ў нашай краіне куды больш выгодна, чым кідацца ва ўсе гэтыя афёры. Тым больш размова пра грошы, якіх у людзей мала, гэта апошняе, што яны маюць!
А што чуць ад тых, хто займаецца купляй аўтамабіляў на захадзе і продажам іх у Беларусі? Расказвае журналіст-аўтааматар Глеб Лабадзенка:
— У майго таварыша, які ганяе машыны, сапраўды паніка з гістэрыкай. Чаму? Баіцца меншых заробкаў…
— Тое будзе пасьлязаўтра, а вось цяпер, як людзі валам валяць і штурмуюць Аўтамалінаўку з Аўтаждановічамі — у яго як справы?
— Стабільныя: за тыдзень можа прадаць дзьве машыны — такі цяпер узровень.
Што рабіць?
І напрыканцы — кароткатэрміновыя прагнозы нашых экспэртаў. Гэтыя людзі наўпрост зьвязаныя са сталічнымі аўтарынкамі, выдатна ведаюць іх рэаліі.
Празь месяц, паглядзіш, за тое самае ўжо ня купіш.
“Напэўна варта, калі гаманец не пусты…”
Бізнэсовец Андрэй Ляшчэня:
“Цэны падымуцца — безумоўна. Але пакуль, пакуль апошні спрыяльны месяц, магчыма… А празь месяц, паглядзіш, за тое самае ўжо ня купіш. Ці купіш тое ражно, якое мы з табой бачылі, — бітае-перабітае. А цэлую, добрую, якасную машыну будзе вельмі… не, за гэтыя грошы — ужо практычна немагчыма набыць. Бо ў сярэднім цана на аўтамабілі павінна падняцца ў два разы. Зноў жа падкрэсьлю: калі мыта будзе такім, як у Расе да ўвядзеньня надзвычайных мер. То бок, па іх, расейскіх мерках, мыта цалкам прымальнае было. Але яно была у 23, тры з паловай разы большае, чым беларускае”.