Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілер папярэджвае: цэны на газ вырастуць


Аляксей Мілер
Аляксей Мілер

Кіраўнік "Газпрому" Аляксей Мілер заявіў, што цэны на газ для Беларусі будуць павышаныя паводле кантрактаў.

"Ёсьць кантракт, у адпаведнасьці зь якім прадугледжана паэтапнае павышэньне цаны на газ для Беларусі, і трэба выконваць кантракт, трэба працаваць у адпаведнасьці з кантрактам... Беларускі бок паставіў подпіс пад гэтым кантрактам. Беларускі бок павінен выконваць свае абавязацельствы", — сказаў кіраўнік "Газпрому" ў інтэрвію праграме "Вести" тэлеканала "Россия".

На мінулым тыдні першы намесьнік прэм'ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка паведаміў, што Менск вядзе перамовы з "Газпромам", каб пазьбегнуць "усплёску цаны" на газ у 2010 годзе.

Паводле словаў Сямашкі, прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі даручыў міністру энэргетыкі Аляксандру Азярцу правесьці перамовы з "Газпромам" з улікам форс-мажорных акалічнасьцяў, зьвязаных з крызісам.

Праект бюджэту Беларусі на 2010 год сфарміраваны зыходзячы з прагнозу сярэднегадавой цаны на газ у памеры 166 даляраў за тысячу кубамэтраў (цяпер — 115 даляраў), паведамляе БелаПАН.

"Газпром" таксама патрабуе, каб да канца года Беларусь ліквідавала запазычанасьць за газ. 7 верасьня на сустрэчы з прэзыдэнтам Дзьмітрыем Мядзьведзевым кіраўнік "Газпрому" Аляксей Мілер паведаміў, што запазычанасьць Беларусі — каля 200 млн. даляраў — сфарміравалася ў пачатку 2009 года. Паводле словаў Мільлера, часткова яна была пагашана ў жніўні, але ўсё яшчэ застаецца "вельмі значнай".

31 сьнежня 2006 году ААТ "Газпром" і ААТ "Белтрансгаз" падпісалі кантракт на пастаўку і транзыт газу ў 2007—2011 гадах. Дакумэнтам, у прыватнасьці, была вызначана формула цаны з 1 студзеня 2008 года (адпавядае формуле цаны пры пастаўках расейскага газу ў Эўропу), а таксама паніжальныя каэфіцыенты цаны на 2008—2010 гады (0,67, 0,8 і 0,9 адпаведна).

Ад 2011 года Беларусь павінна выйсьці на ўзровень цаны на газ, якая забясьпечвала б роўную прыбытковасьць з пастаўкамі ў Эўропу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG