Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хутка зіма. Пачаліся газавыя спрэчкі


Аляксей Мілер
Аляксей Мілер
“Газпром” настойвае на паэтапным падвышэньні цэнаў на газ для Беларусі ў 2010 годзе. Пра гэта падчас усясьветнага газавага кангрэсу ў Буэнас-Айрасе заявіў старшыня рады дырэктараў канцэрну Аляксей Мілер.

Цяпер сярэднегадавая цана для Беларусі складае 150 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. Паводле міністра фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца, у праекце бюджэту на 2010 год закладзена сярэднегадавая цана на ўзроўні 166 даляраў за тысячу кубамэтраў. Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка выказаўся за тое, каб замарозіць цану на газ на сёлетнім узроўні. Аднак паводле расейскага амбасадара ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, хацець — гэта адно, а дамовіцца — іншае. Ён нагадаў, што пакуль ніякіх зьменаў у кантракт ня ўносілася. Хаця афіцыйны Менск настойвае на захаваньні льготных цэнаў на расейскі газ ужо да 2014 году, а не да 2011 году, як прадугледжана кантрактам. Аднак Аляксей Мілер заявіў, што “Газпром” не зьбіраецца адмаўляцца ад паэтапнага падвышэньня цэнаў на газ для Беларусі ў наступным годзе. На гэта першы намесьнік міністра энэргетыкі Эдуард Таўпянец сказаў карэспандэнту Свабоды:

Эдуард Таўпянец
“Ну, не зьбіраецца — нічога. Ці мала хто не зьбіраецца. Мы будзем праяўляць ініцыятыву. Будзем дамаўляцца. Я ж не магу Мілеру загадаць: казаць ці не. Мілер захацеў сказаць — нехта, відаць, спытаў. Ну, ён сказаў”.

Паводле спадара Таўпянца, перамовы з “Газпромам” яшчэ не пачаліся, але будуць весьціся. Ён ня стаў раскрываць пазыцыю беларускага боку:

“Мы яе ня будзем абнародаваць у сродках масавай інфармацыі. Што, вам ня ясна гэта? Гэта ня тое пытаньне, якое павінна раскрывацца”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка адзначыў, што на ўсясьветным рынку падаюць цэны. Нафта за барэль каштуе 60-70 даляраў. А формула па газе зьвязана з цэнамі на нафту. Таму ў беларусаў ёсьць усе аб’ектыўныя падставы абумовіць з Расеяй цяперашнюю цану на газ у інтарэсах стабільнасьці рынкаў.

Леанід Заіка
“Калі гэтага ня будзе зроблена, то Расея будзе спрабаваць выкарыстаць газ як палітычную дубінку. Калі Лукашэнка і Сідорскі ня змогуць правесьці на патрэбным узроўні абмеркаваньне гэтых праблем у сілу інтэлектуальнай недастатковасьці, то нічога страшанага не адбудзецца. Нават падвышэньне цэнаў на газ цягам апошніх гадоў не прывяло да катастрофы беларускай эканомікі. Выдаткі на паліва і газ складаюць 13% ад сукупных выдаткаў краіны. Таму рост тарыфаў на расейскі газ вяртаецца да расейцаў больш высокімі цэнамі на трактары, аўтамабілі, малако і мяса”.

Падчас нядаўняй сустрэчы з прэм’ер-міністрам нашай краіны Ўладзімер Пуцін нагадаў, што Беларусь працягвае карыстацца самымі льготнымі ў СНД ды і ў сьвеце цэнамі на энэрганосьбіты. Гэта тычыцца і газу — “самыя танныя тарыфы, самыя танныя цэны на газ ў Беларусі”.
Паводле спадара Заікі, цэны на расейскі газ на роўні 200 і больш даляраў зьяўляюцца манапалістычнымі і несправядлівымі. Па ягоных разьліках, рынкавая цана на газ павінна быць 55-75 даляраў.

“Усе астатняе — гэта манаполія і спроба вырашаць расейскія праблемы за кошт спажыўцоў газу”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў, што ў спрэчках цаны на газ для Беларусі прысутнічае палітычны складнік, які хутчэй за ўсё ня будзе агучаны:

Андрэй Фёдараў
“Будуць весьціся размовы як быццам толькі на эканамічным узроўні, а насамрэч палітычны складнік будзе адыгрываць вельмі вялікую ролю. Галоўнае — гэта, каб Беларусь ішла за Расеяй у фарватэры яе зьнешняй палітыкі. Шмат чыньнікаў ёсьць. Гэта і “Ўсходняе партнэрства”, удзел у якім Беларусі не падабаецца Маскве, прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Я ўпэўнены, што палітычныя чыньнікі будуць адыгрываць істотную ролю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG