Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча прэм’ераў на фоне шуму пра ўказ, якога ня бачылі


Уладзімір Пуцін, Сяргей Сідорскі, фота з архіву.
Уладзімір Пуцін, Сяргей Сідорскі, фота з архіву.
У Маскве адбываецца сустрэча прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі ў рэзыдэнцыі Нова-Агарова. А перад ёй у Менску зьявіліся супярэчлівыя заявы адносна прэзыдэнцкага ўказу пра падпісаньне пагадненьня аб стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ.

Найбольш важную інфармацыю агучыў сёньня ў Менску старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі. Ён заявіў, што Аляксандар Лукашэнка сваім указам загадаў падпісаць пагадненьне аб стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ. Аднак у прэзыдэнцкай прэсавай службе сказалі, што гэтага ўказу ня бачылі. Кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі адзначыў:

“Далёка ня ўсе дакумэнты ідуць праз прэзыдэнцкую прэсавую службу, тым болей тыя, якія тычацца сілавога блёку ці абароны. Аднак падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўсе неабходныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры праведзены. Праходжаньне ўнутрыдзяржаўных працэдур мае на ўвазе і падпісаньне адмысловага ўказу”.

У сакратарыяце АДКБ карэспандэнту Свабоды аднак заявілі, што ня бачылі гэтага ўказу, бо ён мае ўнутрыдзяржаўнае значэньне і надае права нейкай асобе падпісаць дамову аб КСАР. Начальнік арганізацыйна-пратакольнага аддзелу АДКБ Аляксандар Кузьняцоў заявіў:

“Мы прачыталі пра гэта ў інтэрнэце. Гэты дакумэнт для ўнутранага карыстаньня ў краіне. Ён да нас ніколі не засылаецца. Нам не паступала ніякіх заяваў, дзе і калі зьбіраецца беларускі бок падпісваць дакумэнты па КСАР. Афіцыйна яны павінны да нас зьвярнуцца, але яшчэ нічога не прысылалі”.

Сустрэча прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі ў Маскве пачалася ў другой палове дня, фактычна, на завяршэньне працоўнага дня. Уладзімер Пуцін, прымаючы Сяргея Сідорскага, адзначыў, што расейскі імпарт у Беларусь паменшыўся, а беларускі ў Расею крыху падрос. Таксама расейскі прэм’ер яшчэ раз зьвярнуў увагу на тое, што Беларусь працягвае карыстацца “самымі льготнымі ў СНД, ды і ў сьвеце” цэнамі на энэрганосьбіты. Паводле прэм’ера Пуціна, па газу Беларусь мае самыя танныя тарыфы і цэны. А па нафце паніжана мыта, што дае магчымасьць беларускім прадпрыемствам “быць цалкам загружанымі і рабіць даволі вялікі аб’ём экспарту, які прыносіць значныя даходы ў цьвёрдай валюце ў беларускі бюджэт”.

Таксама Ўладзімер Пуцін адзначыў, што Беларусь зьяўляецца адным з самых буйных пастаўшчыкоў цэлага шэрагу тавараў, сярод якіх мяса і малако.

Таксама Расея прыраўняла беларускіх пастаўшчыкоў з расейскімі пры ажыцьцяўленьні дзяржзакупак.

Акрамя гэтага, Ўладзімер Пуцін паведаміў, што ў сьнежні адбудзецца паседжаньне вышэйшага дзяржсавету “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі.

Сяргей Сідорскі адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць шэраг пытаньняў, зьвязаных з пастаўкамі нафты ў Беларусь. Ён адзначыў, што таваразварот з Расеяй за 8 месяцаў гэтага года ўпаў да паказчыка 2005 года. Ён лічыць галоўным пытаньнем стварэньне пляну сумесных дзеяньняў па пераадоленьні ўсясьветнага крызісу. Таксама ён прапанаваў абмеркаваць шэраг пытаньняў адносна магчымасьці павелічэньня таваразвароту ў наступныя тры месяцы.

Суздальцаў: “Няхай дапамагаюць Саакашвілі альбо Варшава”
А.Фёдараў: “Мела месца дэманстрацыя ляяльнасьці”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG