Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі Севярынца патрабуюць абвяржэньня ад БТ


Тацяна і Кастусь Севярынцы напісалі заяву на імя кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі з нагоды паклёпу ў праграме “Панарама”, паказанай 27 верасьня.

Бацькі абураныя тым, у якім сьвятле была паказаная дзейнасьць іхнага сына Паўла Севярынца, стваральніка Партыі БХД. Яны пішуць, што ў праграме “недвухсэнсоўна праводзіцца паралель паміж дзейнасьцю нашага сына і сумнавядомага Адольфа Гітлера. Акрамя агіды і абурэньня такая пазыцыя нічога іншага выклікаць не можа ў любога нармальнага чалавека. Бо паставіць на адну дошку аўтара чалавекалюбівай кнігі „Люблю Беларусь!“ і сачыніцеля чалавеканенавісьніцкай „Майн кампф“ здольны толькі апошні нягоднік са зламысна-правакатарскімі намерамі”.

Бацькі палітыка лічаць сюжэт, паказаны па БТ, “абразай гонару і годнасьці нашай сям“і і ўсяго нашага роду”, у якім ёсьць і вэтэраны апошняй вайны. І ў лісьце да кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі ёсьць такія словы: “Якраз у той час, калі аўтары згаданага рэпартажу шчыравалі над зборам уяўнага „кампрамату“ на Паўла і прыцягвалі за вушы ў сваю фальшыўку беснаватага фюрэра, Павел, як сапраўдны хрысьціянін, даглядаў у вёсачцы на Гомельшчыне свайго нямоглага дзядулю-вэтэрана, які ўжо не ўстае з ложку. Ці трэба яшчэ больш яскравыя прыклады і доказы? Стваральнікі сюжэту Крывашэеў, Гаркуша, Кураш ня толькі зьняважылі палітыка Паўла Севярынца, але і плюнулі ў душу вэтэрану вайны з гітлераўцамі Паўлу Севярынцу”.

Тацяна і Кастусь Севярынцы патрабуюць “абвергнуць паклёп і прынесьці прабачэньні і Паўлу, і нам, яго бацькам, і ўсёй нашай радні, якая таксама абурана безадказнымі выказваньнямі і тэндэнцыйнымі кадрамі на Першым нацыянальным у адносінах да нашага сына”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG