Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У міліцыі і КДБ чытаюць раман Севярынца


Павал Севярынец<br />
Павал Севярынец<br />
Супрацоўнікі КДБ і міліцыі забралі рукапіс раману Паўла Севярынца. Аўтар твора “Сэрца сьвятла” — сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і сябра ПЭН-цэнтру. Павал Севярынец падаў скаргі ў пракуратуру і міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Ён патрабуе, каб яму вярнулі рукапіс раману, над якім ён працаваў 5 гадоў.

Павал Севярынец накіраваў заявы заказнымі лістамі. У заявах ён патлумачыў сытуацыю і папрасіў не згубіць рукапісны арыгінал свайго раману “Сэрца сьвятла”.

Павал Севярынец: “Гэта раман, які я пачынаў пісаць яшчэ да “Малога Сітна”, які я працягваў пісаць паралельна “Лістам зь лесу” ў высылцы, над якім я самым актыўным чынам працаваў увесь апошні час. Практычна гэта аснова.

Ніколі ня мог падумаць, што мастацкі твор стане аб’ектам паляваньня спэцслужбаў і будзе практычна выкрадзены.
Ніколі ня мог падумаць, што мастацкі твор стане аб’ектам паляваньня спэцслужбаў і будзе практычна выкрадзены. Раман “Сэрца сьвятла” — пра Беларусь. Пра Беларусь хрысьціянскую. Пра абуджэньне Беларусі. Пра тое, як гэта будзе”.

4 верасьня Павал перадаў рукапіс з 700 старонак свайму сябру Дзянісу Садоўскаму, каб той зрабіў ксэракопію для далейшай працы. За гэтую справу ўзяўся сябра Дзяніса Садоўскага, які арандаваў кватэру на вуліцы Камуністычнай. Праз два дні на кватэру без папярэджаньня прыйшла яе ўласьніца, якая выклікала супрацоўнікаў міліцыі, а тыя — КДБ.

Дзяніс Садоўскі вядзе перамовы з уласьніцай кватэры, каб тая пагадзілася афіцыйна зьвярнуцца ў міліцыю:

“Ператрус доўжыўся цягам трох гадзінаў. Гэта быў не ператрус, а прагляд старонак рукапісу той кнігі, якую Павал пісаў 5 гадоў. Яны склалі пратакол аб выняцьці. Далі яго гаспадыні, і яна яго падпісала. Копіі ёй не пакінулі і завезьлі ўсё ў РУУС.

Былі размовы з гаспадыняй. Мы яе просім, каб яна напісала заяву, каб вярнулі рукапіс. Яна мае расейскае грамадзянства. Мы спадзяемся, што пытаньне будзе вырашана бліжэйшым часам”.

Гаворыць сустаршыня ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч:

“Учынак, які прымушае згадваць пра нашых “літаратуразнаўцаў” у мінулыя гады ў міліцэйскай, вайсковай, энкавэдысцкай форме, калі шматлікія літаратурныя творы зьнікалі ў невядомым кірунку. Часам гэта быў пачатак зьнікненьня саміх аўтараў.

Хочацца верыць, што сёньня мы ня толькі геаграфічна знаходзімся ў Эўропе, што некалькі штатных літаратуразнаўцаў натоляць сваю цікавасьць і рукапіс вернецца да аўтара”.

Павал Севярынец паведаміў, што ў яго захаваліся чарнавікі рукапісу. Ён распавёў, што 700 старонак рукапіснага тэксту — гэта вялікі аб’ём працы, які запатрабаваў ад яго шмат намаганьняў. Павал спадзяецца, што пасьля таго, як супрацоўнікі КДБ і міліцыі прачытаюць яго раман, яны вернуць рукапіс аўтару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG