Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапамогуць “чаўнакі” разгрузіць склады прадпрыемстваў?


Адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі дадзеныя некаторыя ільготы прадпрымальнікам, якія займаюцца “чаўночным” бізнэсам. Мэта ўладаў — мабілізаваць максымум сілаў для рэалізацыі беларускіх тавараў, якімі поўняцца склады. Але ці не запозьненыя гэта захады і якое выйсьце з праблемы бачаць самі прадпрымальнікі?

У пачатку 1990-х менскі прадпрымальнік Мікалай пачынаў прыватны бізнэс дробным чаўнаком: вазіў за мяжу на продаж любы тавар, нават мыла, а адтуль — скураныя курткі ды спартовыя строі, якія тут раскупляліся, як гарачыя піражкі. Цяпер, кажа Мікалай, гандаль стаў аднабаковым — прадае ў Менску польскія капелюшы, завезеныя з Масквы, бо праз Расею з-за меншых падаткаў таньней, чым наўпрост. Пытаюся ў Мікалая, ці ня думае вярнуцца да “чаўночнай” схемы: у Польшчу зь беларускім таварам, адтуль жа — завозіць капелюшы для беларускіх модніц.

“Канечне, не. Бо нашы чыноўнікі чаго хочуць: каб ў іх выкупілі гэтыя тавары, а далей ідзі прадавай, як хочаш. Вы ведаеце, як цяпер працуе Польшча, тая ж Прыбалтыка? Яны гатовыя табе тавар аддаць бяз грошай — потым аддасі, калі папрадаеш. А ў нас: ідзі выкупі! А хіба ёсьць такія нашы тавары, якія там можна прадаць? Я увогуле лічу, што наш Легпрам трэба ліквідаваць, бо ён не патрэбны. У нас ёсьць малыя прыватныя прадпрыемствы, якія будуць круціцца і самі прадаваць тавар. Чаму я за іх мушу рэалізоўваць іх тавар? А падаткі зьніжаць яны зьбіраюцца, ці не? Падатак мусіць быць з гандляра 10-15 даляраў, як ва Ўкраіне, альбо хаця б 30, як у Расеі. Дык туды і сацыяльнае страхаваньне ўваходзіць. А ў нас колькі? 50 эўра памножыць на 4. Атрымліваецца 200 эўра”.

Паводле Мікалая, пры цяперашнім падатку яму будзе нявыгадны гандаль беларускімі таварамі. Да таго ж прадпрымальнік прадбачыць: суседнія краіны прымуць захады па абароне сваіх рынкаў, бо сама Беларусь займаецца актыўным пратэкцыянізмам.

Прадпрымальнік Алесь Макаеў увозіць з Расеі сантэхніку, якую вырабляюць у Эўропе. Указ № 477 Алесь Макаеў збольшага вітае, паколькі бачыць ў ім хаця б невялікую лібэралізацыю ўмоваў існаваньня малога бізнэсу:

“Тое, што для чаўнакоў адмяняюць падатак на дадатковую вартасьць і абавязковы пералік заробленай валюты на пэўны рахунак — усё ж істотна”, — кажа Алесь Макаеў. Але шмат і нявырашаных праблемаў.

“Па-першае, застаецца забарона наймаць працаўнікоў. Па-другое, кошты беларускіх вытворцаў не дазваляюць весьці нармальную канкурэнцыю. Прыкладам, мае знаёмыя вазілі ў Кіеў прайсы МТЗ, дык там фірма, якая ня ёсьць дылерам Трактарнага заводу, прапаноўвала кошты на 20% таньнейшыя. Гэта азначае, што не працуе ланцужок пасярэднікаў паміж заводам і рынкам”.

Алесь Макаеў падлічыў: падатковая льгота для прадпрымальніка складзе меней за тысячу даляраў. Гэтых грошай ня хопіць нават на падарожныя страты, неабходныя для завядзеньня сувязяў на новым рынку. Лепей уладам паклапаціцца пра стварэньне умоў, пры якіх непатрэбнымі стануць розныя “шэрыя схемы” паставак тавараў за межы краіны, мяркуе Макаеў. Праз гэтыя схемы цяпер багацеюць розныя махляры, а таксама чыноўнікі, якія атрымліваюць хабар за тое, што закрываюць на іх вочы. Яшчэ адзін чыньнік — часовасьць указу № 477, які уводзіцца толькі да сярэдзіны 2010 года. Прычым справа тут ужо ня толькі ў прадпрымальніках, але і ў дырэктарах прадпрыемстваў, кажа Алесь Макаеў. Бо ў мэнэджэраў няма ўпэўненасьці, што праз год ня прымуць яшчэ адзін указ, якім іх “запішуць у злачынцы, якія задарма прадалі народнае дабро”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе: каб прадаць назапашаныя тавары, “трэба абавязкова зьнізіць кошты” і таксама папярэджвае:

“Вельмі рызыкоўна прадаваць тавары таньней за сабекошт.
5 тысяч у нас супрацоўнікаў толькі міністэрства гандлю і іх падпарадкаваных упраў. На плошчу хай з палаткамі выходзяць і прадаюць тое, што вырабляюць дзяржаўныя прадпрыемствы.
Шмат хто з кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў гэтага баіцца. Бо шмат гадоў іх запалохвае Дзяржкантроль сваімі праверкамі. І гэтую тэндэнцыю за адзін-два месяцы пераламаць будзе цяжка”.

Скептычна Леанід Злотнікаў ставіцца і да таго, што дробны бізнэс нібыта кінецца дапамагаць дзяржаве прадаваць заляжалы тавар.

“Што да чаўнакоў, то яны амаль не дапамогуць, бо сабе ў страту гандляваць ніхто ня будзе, а калі прадаваць з дапамогай нейкіх шэрых схем, то шмат таксама не прадасі”.

Паводле прадпрымальніцы Ірыны, галоўная праблема ў тым, што ў Беларусі дзьве адасобленыя эканомікі: дзяржаўная і прыватная. Першая існуе паводле іншых законаў і дзеля іншых мэтаў — яны не стасуюцца з мэтай задавальненьня рынку якаснымі і канкурэнтаздольнымі таварамі:

“Мы дайшлі да таго, што ў краіне няма сваіх багатых людзей, прадпрымальнікаў зь вялікімі грашыма, якія б маглі ў такой сытуацыі дапамагчы. Іх проста няма. Вось гэта вынік нашай эканамічнай дзейнасьці: багатых няма, алігархаў няма, і мы кідаемся у пошуках інвэстараў. А дзе нашы? Вось 20 гадоў я займаюся бізнэсам і акрамя даўгоў і крэдытаў у мяне нічога няма. І зараз я мушу разграбаць тое, што нарабілі Легпрам і упраўленьні гандлю. 5 тысяч у нас супрацоўнікаў толькі міністэрства гандлю і іх падпарадкаваных упраў. На плошчу хай з палаткамі выходзяць і прадаюць тое, што вырабляюць дзяржаўныя прадпрыемствы.”

Ірына згадала, як некалькі гадоў таму ўзяла крэдыт, адкрыла краму, а яе прымусілі зрабіць за свой кошт шэраг прац па добраўпарадкаваньні тэрыторыі, далей — іншыя “добраахвотныя укладкі” на розныя раённыя мерапрыемствы. А потым прынялі ўказ, які забараніў індывідуальным прадпрымальнікам наймаць працаўнікоў, і бізнэс фактычна збанкрутаваў. Больш на дапамогу дзяржаве Ірына ня прыйдзе.

Эканаміст Сяргей Балыкін кажа пра непрадуманасьць 477 указу.

“Наўмысна ці не наўмысна, але фактычна наша дзяржава падштурхвае дробны бізнэс да паўзаконнай дзейнасьці за мяжой. Рана ці позна нам могуць пра гэта сказаць адкрыта. Таму я не лічу удалай гэтую спробу вырашыць пытаньне складоў і задзейнічаць дробных бізнэсоўцаў”.

Паводле Сяргея Балыкіна тавары, якія заляжаліся на беларускіх складах, трэба “за капейкі распрадаць унутры краіны” і “тэрмінова заняцца стварэньнем сапраўды рынкавай эканомікі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG