Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Невыязных” можа стаць болей


Акцыя “невыязных” у сьнежні 2008 году.
Акцыя “невыязных” у сьнежні 2008 году.
Кіраўнік дзяржавы падпісаў закон аб парадку выезду і ўезду ў краіну грамадзян Беларусі. Закон пачне дзейнічаць праз паўгода пасьля падпісаньня. Правілы выезду непаўналетніх з бацькамі спрашчаюцца, але колькасьць так званых “невыязных” можа павялічыцца.

Паводле новага закону аб парадку выезду і ўезду беларускіх грамадзянаў у Беларусь, адзін з бацькоў можа ехаць за мяжу са сваімі дзецьмі без пісьмовага дазволу ад іншага з бацькоў.

У выпадку, калі адзін з законных прадстаўнікоў ня згодзен, ён мае права зьвярнуцца ў суд з заявай аб вызначэньні іншага парадку выезду. Гэта ня тычыцца тых выпадкаў, калі непаўналетні выяжджае для лячэньня і аздараўленьня.

Цяпер дзяцей без дазволу аднаго з бацькоў можна вывозіць за мяжу толькі ў тым выпадку, калі ёсьць дакумэнт з мэдыцынскай установы пра тое, што непаўналетняму неабходна тэрміновая кансультацыя ці лячэньне ў замежным шпіталі.

Новы закон дазваляе ваенкаматам падаваць “чорныя” сьпісы тых, хто не зьяўляецца ў ваенкаматы і ўхіляецца ад мерапрыемстваў прызыву.
У судах ляжаць сотні спраў пра сытуацыі, калі маці страцілі надзею адшукаць нядбайных бацькоў дзеля фармальнага дазволу і зьвярнуліся ў суд, каб можна было выехаць на адпачынак зь дзецьмі за мяжу.

Новы закон вызначыў выпадкі, калі права грамадзян на выезд можа быць абмежавана.

Рашэньне пра часовае абмежаваньне выезду за мяжу могуць прымаць дзяржаўныя органы і юрыдычныя асобы, якія заключылі з грамадзянамі дамовы аб допуску да дзяржаўных сакрэтаў. Органы крымінальнага перасьледу могуць абмежаваць права выезду за мяжу падазраванага ці абвінавачанага, а органы, адказныя за выкананьне пакараньняў, могуць падаваць сьпісы “невыязных”.

Новы закон дазваляе ваенкаматам падаваць “чорныя” сьпісы тых, хто не зьяўляецца ў ваенкаматы і ўхіляецца ад мерапрыемстваў прызыву.

Паводле новага закону, грамадзяніну, якому часова не дазваляюць перасякаць мяжу, выезд будзе дазволены, калі ён мае патрэбу ў тэрміновым лячэньні, або мусіць удзельнічаць у крымінальным працэсе, або едзе на пахаваньне сваяка.

Дзясяткі прадстаўнікоў дэмакратычнага руху зьвярталіся ў МУС і пракуратуру, каб ім патлумачылі, на якой падставе іх ня выпусьцілі за мяжу. Двойчы ў цэнтры Менску адбываўся марш “невыязных”. Палітыкі і актывісты моладзевых арганізацый наведвалі пракуратуру, МУС і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. У выніку шмат каму далі дазвол на перасячэньне мяжы.

Сярод удзельнікаў маршу былі лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, лідэр “Правага альянсу” Юрась Карэтнікаў ды іншыя.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька: “Нагадвае бег на месцы. Ніякіх пераменаў, таму што ўлада не адмаўляецца ад кантрольных функцый. А раз яна не адмаўляецца ад кантролю за людзьмі і структурамі, значыць, заўсёды будзе заканадаўства, якое будзе дазваляць тым ці іншым структурам ажыцьцяўляць гэты кантроль.

Выезд і ўезд у краіну ў савецкія часы быў адным з мэханізмаў кантролю над людзьмі. Як мы бачым, удакладненьне пакідае сытуацыю ў тым стане, у якім яна была”.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч: “Гэта форма рэпрэсій супраць вольнага грамадзтва. Улада яшчэ больш пашырае сьпіс дзяржаўных інстытутаў, якія ў любы момант могуць прызнаць чалавека “невыязным”.

Неаднойчы было, што моладзевых актывістаў не выпускалі зь Беларусі толькі дзеля таго, каб яны не маглі сустрэцца з прадстаўнікамі нашых партнэрскіх арганізацый. Потым прабачаліся, што нібыта ў сыстэме адбылася памылка. Улады будуць выкарыстоўваць новы закон, каб яшчэ больш эфэктыўна кантраляваць дэмакратычных актывістаў, моладзь”.

Раней старшыня КДБ Юры Жадобін на прэсавай канфэрэнцыі заяўляў, што ў краіне ёсьць 1867 дэструктыўных элемэнтаў і спэцслужбы іх добра ведаюць.

Пасьля выбуху бомбы летась 4 ліпеня на сьвяточным канцэрце сьледчыя міліцыі і КДБ апыталі тысячы чалавек. Сьпісы “невыязных” павялічыліся. Але на сёньняшні дзень у ніводным ведамстве не называюць дакладнай колькасьці грамадзянаў, якім абмежаваны выезд за мяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG